A A+ A++

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў прэзентаваў вынікі даследавання канфліктнасці паміж прадэмакратычнымі групамі беларускага грамадства. Якія прэтэнзіі адно да аднаго выказваюць беларусы ў краіне і тыя, хто з’ехаў? Ці паглыбляецца раскол і як можна паспрабаваць сшыць нацыю?

Людзі ідуць па вуліцы Веры Харужай. Менск, Беларусь.

Фота: Белсат

Гэтую прэзентацыю зладзілі супольна «Прэс-клуб» і публічная ўстанова «Формула чалавечнасці», створаная, каб спрыяць прымірэнню і аб’яднанню групаў грамадства, якія канфліктуюць.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў апавёў пра вынікі працы, адзначыў, што гэта не колькаснае даследаванне. Яно грунтуецца на глыбінных інтэрв’ю (іх правялі сёлета ў сакавіку – красавіку), што дазваляе «прааналізаваць матывацыі і прычыны».

Нягледзячы на чатыры гады, што мінулі пасля мірнай рэвалюцыі, захоўваецца галоўнае, што аб’ядноўвае прадэмакратычных беларусаў, сказаў Коршунаў у пачатку прэзентацыі:

  • незадаволенасць цяперашняй сітуацыяй і яе нявызначанасцю;
  • непрыманне гвалту і рэжыму Лукашэнкі;
  • прынцыповая (але неканрэтызаваная) арыентаванасць на перамены ў Беларусі;
  • спадзеў, што ўсё, у тым ліку ахвяры, «было не дарма».

Няма супярэчнасцяў у жаданні вызваліць палітвязняў, у асэнсаванні сябе беларусамі, нягледзячы ні на што, у прызнанні пагрозы незалежнасці з боку Расеі і ў поглядах на вайну ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пры гэтым чыннікаў, якія раз’ядноўваюць, – хоць каўшом бяры. У шмат чым няма адзінства як з розных бакоў мяжы, гэтак і ўнутры дыяспары.

Беларусы ў эміграцыі (у даследаванні ўзялі ўдзел рэспандэнты з Польшчы і Літвы) кажуць пра:

  • рознае стаўленне людзей да моўнага пытання;
  • непаразуменні паміж рознымі эміграцыйнымі суполкамі («старая» і «новая» дыяспары);
  • супярэчнасці паміж прадстаўнікамі і прыхільнікамі розных палітычных сілаў.

Самы характэрны прыклад – кансерватыўна-нацыянальныя і ліберальна-дэмакратычныя погляды.

«Першыя падтрымоўваюць больш кансерватыўныя каштоўнасці: нацыя і беларускасць на першым месцы. Яны скептычна ставяцца да каштоўнасцяў гендарнай роўнасці, ЛГБТК+ і гэтак далей. Другая група – больш за агульначалавечыя каштоўнасці. Нацыянальныя не на першым месцы, на першым – дэмакратыя і свабоды», – растлумачыў адзін з рэспандэнтаў.

А вось беларусы ўнутры Беларусі бачаць іншыя чыннікі, якія аддаляюць нас адно ад аднаго:

  • розныя стратэгіі вызвалення палітвязняў;
  • розніца ў ацэнцы падзей 2020 года: ці апраўдала сябе стратэгія мірнага пратэсту ці трэба было пераходзіць да сілавога сцэнара.

«З Беларусі бачная патэнцыйная праблема ў стасунках з людзьмі, якія не прыхільнікі Крамля – але, тым не менш, вымушаныя кантактаваць з расейскім бізнесам, ездзіць у Расею на працу, вучобу», – паведаміў Коршунаў.

Матэрыялы даследавання канфліктнасці паміж прадэмакратычнымі групамі беларускага грамадства

Агулам галоўнае, што раз’ядноўвае, – стратэгія супраціву цяперашнім уладам. Беларусы за мяжою разважаюць пра розныя варыянты – ад перамоваў і санкцыяў да сілавога развязання.

«Ніхто ў сённяшніх акалічнасцях не прапануе чагосьці больш выразнага, чым нейкія сцэнары. Бо актыўны супраціў, самазахаванне, яшчэ нешта – гэта сцэнары. А навошто абмяркоўваць сцэнар, калі ты не ставіш фільму? Не бачу тут пункту напругі», цытуецца ў даследаванні адказ з Беларусі.

Што да міжасабовых стасункаў, то людзі намагаюцца захаваць іх, захаваць узаемапаразуменне, нягледзячы на дзяржаўныя межы, што падзялілі нацыю. Прычым сам такі падзел не ўспрымаецца як нагода для канфлікту. Але ўдзельнікі даследавання канстатуюць павелічэнне дыстанцыі паміж тымі, хто пакінуў Беларусь, і тымі, хто працягвае тут жыць. І гэта ўспрымаецца як нешта натуральнае.

Людзі едуць у метро. Менск, Беларусь. 26 траўня 2022 года.

Фота: Белсат

«Людзі апынуліся ў рознай сітуацыі, нехта сеў, нехта зʼехаў, нехта застаецца і вымушаны адаптавацца да новых умоваў. Вельмі шмат розных групаў утварылася, у залежнасці ад таго, як менавіта цябе закранула», – сказаў рэспандэнт з Беларусі.

Іншы прызнае: «Улада дамагаецца сваёй мэты».

«Мы жывём вельмі па-рознаму, тыя, хто ў краіне, і тыя, хто па-за ёй. Па-рознаму сябе «экспануем». Не думаю, што ёсць сурʼёзныя розначытанні ва ўяўленні пра далёкую светлую будучыню, але вось сённяшні далягляд вельмі розны», – дадае ўдзельнік інтэрв’ю.

«Нягледзячы на намаганні захоўваць камунікацыю і трымаць сувязь «праз межы», час ідзе, і людзі пачынаюць адчуваць, што сувязі, нават сяброўскія, пакрысе слабеюць», – адзначае сацыёлаг.

Розныя побытавыя сітуацыі і розны досвед развязання жыццёвых праблемаў, мякка кажучы, не спрыяюць аб’яднанню.

«Мы можам працягваць верыць у нашае ідэйнае адзінства, у тое, што мы па-ранейшаму жадаем прыкладна аднаго і таго ж. Але вось розніца ў ладзе жыцця каласальная: ты тут ходзіш па адных калідорах, яны там – па іншых. І гэта моцна ўплывае», – кажа беларуска, якая жыве на радзіме.

А беларуска ў Польшчы звяртае ўвагу на канфлікты «нават унутры свайго кацялка наконт асцярог сувязяў з мянтамі і КДБ». «Дзень Волі паказаў, што людзі вельмі баяцца. Таму што пачалі трэсці сваякоў і забіраць уласнасць», – кажа жанчына.

Агляд

«Рэпрэсіі сталіся сутнасцю сістэмы». Як Беларусь ператвараецца ў Іран

2024.04.30 18:31

«Кароткатэрміновыя стратэгіі выжывання розныя, і, вядома, гэта ўплывае на ўзроўні паводзінаў. Тыя, хто зʼехаў, могуць казаць гучна, і лічаць гэта сваёй місіяй. Тыя, хто не зʼехаў, вымушаны маўчаць; калі яны збіраюцца жыць у краіне і нешта рабіць, то мусяць рабіць гэта ціха. Мы пастаўленыя ў сітуацыю, калі паводзіны адных – гэта асуджэнне паводзін іншых», – мяркуе рэспандэнт з Беларусі.

Генадзь Коршунаў падкрэсліў, што людзі, якія працягваюць актыўнасць унутры краіны, яшчэ імкнуцца да супрацы з дыяспарай. Аднак чым далей, тым больш гэтая ўстаноўка слабее, канстатаваў аналітык. Ён тлумачыць, што галоўнае тут – пытанне бяспекі: звонку гэтаму не надаюць належнай увагі.

«Тыя, хто зʼехаў, маглі б неяк больш падумаць пра пратаколы бяспекі, таму што гэта павялічвае нашую “паралельнасць”. Не хочацца ўступаць у стасункі, якія для цябе небяспечныя, калі інфармацыю кантралюе партнёр, а ён пра твае рызыкі неяк не надта думае», – цытуецца ў даследаванні рэспандэнт з Беларусі.

Камунікацыю паміж беларусамі па розныя бакі мяжы разбурае і розная інфармацыйная прастора: беларусы ў Беларусі вымушана абмяжоўваюць падпіскі і чытанне беларускіх незалежных медыяў і каналаў у сацсетках, бо амаль усе яны прызнаныя «экстрэмісцкімі». Разбураецца адзінства інфармацыйнай прасторы, і групы становяцца ўсё больш незразумелымі адна адной, канстатаваў сацыёлаг.

Інтэрв’ю беларусаў па абодва бакі мяжы поўныя болю і адчаю:

«Сорамна, нібыта ты збег, а яны засталіся, і яны як бы на перадавой, а ты схаваўся ў тыле… Мне падаецца, мы ўвесь час апраўдваемся, чаму мы зʼехалі, перад тымі, хто застаўся».

«Праблема людзей унутры краіны – гэта тое, што немагчыма нешта рабіць. Гэта выпальвае людзей знутры. Ад гэтага канфліктнасць і ўзнікае. Бо калі з драконам змагацца немагчыма ці страшна, дык трэба пакусаць кагосьці, хто побач».

«Мы зараз як аголеныя правады. І мы іскрым. І кожны з нас паасобку, і ўнутры нейкай групы. І гэта не пра тое, што плюсы і мінусы прыцягваюцца. Не, мы яшчэ больш адштурхваемся адно ад аднаго».

«З абодвух бакоў суцэльны боль».

Разбор

Як з’ехаць з Беларусі «непалітычным» эмігрантам

2024.02.06 07:10

Не апошнюю ролю адыгрывае крыўда або зайздрасць, і адзін з галоўных каталізатараў тут – гэтак званы феномен Instagram, калі людзі ў сацсетках малююць змрочныя карціны ідэальнымі.

«У сетачках жа ніхто не посціць, што, каб выжыць, выкладаецца на трох працах», – заўважае рэспандэнтка з Польшчы.

«Зʼехаўшыя пакінулі ўсё, усё жыццё. Даводзіцца вучыць непатрэбную мову, туліцца ў здымных пакоях, зʼязджаць у нікуды і будаваць жыццё з нуля. Вельмі крыўдна… Мы зайздросцім, што ў іх засталося іх жыццё», – прызнаецца іншая беларуска, якая цяпер у Польшчы.

«”Вам добра, вы зʼехалі. А мне кожны дзень хадзіць па гэтых вуліцах, бачыць гэтую чырвона-зялёную прыгажосць, ад якой кроў з вачэй”. Гэта напружанне тых, хто застаўся. Бо дзесьці зайздросцяць тым, хто змог зʼехаць», – мяркуе суразмоўца з Літвы.

«Для сябе я прыдумала тлумачэнне, што апраўдвае гэтыя бясконцыя пытанні, чаму ты не зʼязджаеш – яны проста зайздросцяць, таму што не могуць прыехаць у Беларусь, а я магу тут жыць», – кажа рэспандэнтка з Беларусі.

«З боку тых, хто застаўся ў Беларусі, ёсць пэўна праблема неразумення, як складана тым, хто зʼехаў, як складана там легалізавацца, забяспечваць сваё жыццё, вывучыць мовы. Ёсць такія спрошчаныя карцінкі, што людзі зʼехалі і жыццё адразу наладзілася», – разважае беларус, які жыве на радзіме.

Кафэ ў Гальшанах. 18 ліпеня 2021.

Фота: Белсат

Адмыслоўцы склалі пералік узаемных прэтэнзіяў, якія, на думку эмігрантаў і тых, хто ў Беларусі, выстаўляюць адно аднаму. З боку тых, хто застаецца ў краіне:

  • інтэрпрэтацыя адʼезду як здрадніцтва, бо «нешта зрабіць на карысць Беларусі можна толькі з Беларусі», «калі б столькі народу не зʼехала, мы б даўно перамаглі»;
  • абвінавачванні ў тым, што людзі зʼязджалі для таго, каб нешта рабіць для краіны, а насамрэч уладкоўваюць сваё жыццё, нічога не робяць для змены сітуацыі ў краіне, жывуць у бяспецы, забаўляюцца, падарожнічаюць;
  • папрокі ў самазасяроджанасці, заклапочанасці толькі аб сваіх справах унутры дыяспары і нават пэўны «паразітызм» на беларускай тэматыцы.

З боку тых, хто зʼехаў:

  • абвінавачванні ў «здрадзе» агульным мэтам, вяртанні ў прыватнае жыццё, у захаванні звыклага ладу жыцця (праца, забавы і інш.);
  • папіканне ў страху, у «маўчанні», у знікненні палітычнай актыўнасці, адсутнасці вулічных пратэстаў, салідарнасці, у цэлым у тым, што «вы там нічога не робіце»;
  • абвінавачванні ў калабарацыянізме з рэжымам, падтрыманні эканомікі (як мінімум праз выплату падаткаў), легітымацыі рэжыму.

«Чарнобыльскі шлях» у 38-ую гадавіну аварыі на ЧАЭС. Варшава, Польшча. 26 красавіка 2024 года.

Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Як выявілі сацыёлагі, рэспандэнты з Беларусі мяркуюць, што канфліктнасць з эміграцыяй цяпер не на піку, хаця змяншэнне колькасці публічных спрэчак можа быць звязана з тым, што беларусы ў краіне не могуць выказвацца публічна. Пры гэтым такое змушанае маўчанне прыводзіць не да развязання праблемы і знаходжання ўзаемаразумення, а да назапашвання ўнутранай напругі, фрустрацыі, нарастання адчужэння:

«У Беларусі затрымліваюць і саджаюць за каментары і выказванні, таму ўсё, што адбываецца на палітычную тэму ў інтэрнэце, можа стаць падставай для таго, каб чалавек «прысеў». Таму, калі яму так трэба выказацца, і ён не можа гэтага зрабіць ніяк інакш, акрамя як на прасторах інтэрнэту, якія бачныя ўсім, то я бачу ў гэтым вялікую небяспеку».

У беларусаў замежжа розныя ацэнкі гэтай дынамікі.

Пры гэтым унутры краіны называюць болем «усе гэтыя срачы вакол кейсаў накшталт “Nizkiz”».

«Гэта жахліва, калі публічныя асобы дазваляюць сабе ўпасці ў істэрыку ці пачынаюць публічна ср***а паміж сабой», – заявіла рэспандэнтка з Беларусі.

Удзельнікі даследавання адзначаюць, што прапаганда ў сваіх мэтах карыстаецца любой спрэчкай прадэмакратычных беларусаў, да таго ж канфлікты псуюць імідж нацыі.

«Прапаганда адназначна выкарыстоўвае ўсе нашыя срачы. Яны проста рукі паціраюць ад задавальнення, і ўсё абавязкова цягнуць у свае памыйныя Telegram-каналы, і там раздзімаюць, абсмоктваюць», – кажа жанчына з Беларусі.

«Тое, што спецслужбы гэтым карыстаюцца, відавочна. Яны рэжысуюць саму па сабе сітуацыю і выкарыстоўваюць кожную нагоду для таго, каб так адбывалася, гэта ім выгадна», – упэўнены яшчэ адзін рэспандэнт, які цяпер на радзіме.

Разбор

«Улада ў Беларусі падобная да акупацыйнай адміністрацыі». Эксперт – пра беларускае грамадства і тое, ці магчымы дыялог

2024.01.16 07:00

На пытанне, што рабіць у сітуацыі, у якой апынуліся падзеленыя беларусы, эмігранты адказваюць: паважлівае стаўленне адно да аднаго, камунікацыя і адказны дыялог, прычым дыялог не толькі онлайн. Такія кантакты мусяць не толькі паспрыяць узаемапаразуменню, але і выпрацоўванню агульнага бачання супольнай будучыні:

«Актыў з Беларусі трэба вывозіць на нейкія сумесныя практыкі, семінары, агульныя заняткі і абмен вопытам. Больш камунікацыі. Больш узаемапавагі».

«Адзінства мусіць быць. Дзеля агульнай мэты камунікаваць і выпрацоўваць агульны падыход».

Пры гэтым беларусам, якія захочуць вярнуцца, трэба ўсвядоміць: краіна мяняецца.

«Беларусь становіцца іншай, таму, на думку актывістаў у краіне, людзям, якія захочуць сюды вярнуцца, давядзецца адаптавацца да новай сітуацыі, да ўмоваў рэальнай Беларусі, а не той, якая існуе зараз у іх уяўленнях», – сказаў на прэзентацыі сацыёлаг Коршунаў.

Каб «рэпатрыянтам» было лягчэй, трэба ведаць, чым рэальна жыве краіна.

«Адлегласць паміж тымі, хто зʼехаў, і тымі, хто застаўся, вядома, будзе расці, і ўсё залежыць ад таго, колькі часу міне да ўзнаўлення «нармальнасці». І склеіць гэта потым разам будзе тым цяжэй, чым больш часу пройдзе. І гэты шлях можа быць такім доўгім, што склеіць гэта будзе немагчыма, як у сітуацыі заходніх і ўсходніх немцаў», – заўважыў рэспандэнт з Беларусі.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва

Дзень волі ў Вільні, Літва. 25 сакавіка 2024 года.

Фота: Белсат

Беларусы па абодва бакі мяжы вызначаюць два шляхі, каб зняць напружанасць і пазбегнуць паглыблення разрыву:

  • падтрыманне міжасабовых сувязяў і камунікацыі ў розных формах;
  • адмысловая праца ў інфармацыйнай прасторы, змена дыскурсу медыяў, далучэнне лідараў меркаванняў і маральных аўтарытэтаў у зняцце супярэчнасцяў і лакальных канфліктаў паміж беларусамі.

«Пераадоленне канфліктнасці адбываецца дзякуючы асабістым сустрэчам. Калі людзі маюць жывы кантакт, на рознага роду пляцоўках, ім лягчэй зразумець адно аднаго, знікаюць домыслы, калі чалавек з табой размаўляе», – упэўнены адзін рэспандэнт з Беларусі.

«Гэта задача для медыяў – узмацненне кампанента рэфлексіўных тэкстаў, нармальнай публіцыстыкі, ну і, вядома, падсвечваць беларускую культуру», – адзначыў іншы.

«Абмеркаванне ў медыях пазіцыяў аўтарытэтных асобаў, якія могуць стаць вышэй за працэсы і паглядзець на іх зверху, ці з боку, ці агулам, ці ў кантэксце. Такая маральна-асветніцкая дзейнасць», – бачыць выйсці трэці.

Агляд

Крыўда і непаразуменне. Сацыёлагі канстатавалі разрыў паміж беларусамі ў краіне і ў замежжы

2024.06.06 21:20

Эксперты, якія падрыхтавалі гэтае даследаванне, прапанавалі свае захады:

  • не гераізаваць і не прыніжаць ані эміграцыю, ані пастанову застацца ў краіне;
  • прасоўванне нормаў дыялогу, узаемнай павагі і адказнасці ў камунікацыі;
  • улік калектыўнай траўмаванасці беларусаў;
  • падтрыманне міжасабовых кантактаў і стварэнне прастор для камунікацыі як онлайн, гэтак і офлайн, прычым такая камунікацыя мае быць з неабходнымі захадамі бяспекі;
  • адмысловая непублічная праца з беларусамі ўнутры краіны, дзякуючы якой беларусы замежжа могуць быць іх «голасам», фармуляваць павестку з улікам іх поглядаў і ведаў пра тое, што адбываецца ў краіне. Праз гэта беларусы і ўнутры, і звонку маглі б мець больш адэкватнае ўяўленне пра сучасны стан у краіне, арыентавацца ў магчымасцях, выпрацоўваць больш адэкватныя стратэгіі дзейнасці;
  • адмысловая інфармацыйная і медыйная праца, накіраваная на стварэнне агульнай прасторы сэнсаў, аналітыку сітуацыі, выпрацоўванне ці падтрыманне агульных падставаў для захавання адзінства і ідэнтычнасці, уцягванне лідараў меркаванняў і маральных аўтарытэтаў у дыскусіі ў вострых ці балючых пытаннях.

Пакуль жа – «разлом беларускай душы», як кажуць удзельнікі сацыялагічнага даследавання.

«Мне так шкада… Шкада і тых, якія зʼехалі, і тых, якія засталіся. Я разумею, што і тыя, і тыя – беларусы, якія жывуць у ненармальным стане», – з роспаччу сказала беларуска, якая знайшла прытулак у Літве.

Меркаванні

Разрыў паміж тымі, хто зʼехаў, і тымі, хто застаўся? Поўная лухта

2024.06.12 09:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułPracownik lotniska wpadł w tarapaty. Okradł pasażerów na 75 tys. zł. Trafi za kratki?
Następny artykułBrytyjska inflacja w celu po raz pierwszy od 3 lat