7 траўня ў Варшаве тэатральная група «Вольныя Купалаўцы» прэзентуе новую пастаноўку паводле аднайменнай кнігі апавяданняў Максіма Знака «Зэкамерон». 200 білетаў на два прэм’ерныя спектаклі раскупілі меней чым за содні. «Белсат» зазірнуў на рэпетыцыю спектаклю, паразмаўляў з акторамі і рэжысёрам і расказвае, чаму варта «не праспаць» магчымасць трапіць на наступныя паказы. Спойлер: яны яшчэ будуць.
Поўнае пагружэнне
Рэпетыцыі спектаклю праходзяць у Музеі Вольнай Беларусі, у самым цэнтры Варшавы. Гэтая пляцоўка, якая месціцца ў будынку 1898 года, даўно стала асяродкам шматлікіх беларускіх культурніцкіх падзеяў у Варшаве. Але не шмат хто ведае, што ёсць у музею яшчэ адно памяшканне, дзе час ад часу адбываюцца рэпетыцыі тэатральных пастановак, разнастайных імпрэзаў і нават невялікія інсцэнізацыі. Гэта падвал музею. Менавіта сюды нас запрасілі, каб паказаць падрыхтоўку «Зэкамерону».
Спускаюся па вузкай лесвіцы ўніз. Цагляныя, выбеленыя фарбаю сцены ярка асвятляюцца голай, нічым не прыкрытай лямпачкай. Паварот – і погляд упіраецца ў два жалезныя двух’ярусныя ложкі, над якімі навісае скляпеністая столь. Пад столлю – маленькае акенца, праз якое ў пакой трапляе трохі сонца. Па спіне міжволі прабягае халадок. Я на месцы.
Больш антуражную лакацыю для спектаклю, у якім расказваецца пра жыццё беларускіх зняволеных, адшукаць складана. Адсюль і пытанне: ці не думалі пра тое, каб адну пастаноўку правесці тут?
«Калі б была магчымасць зрабіць хаця б 80 месцаў для гледачоў, сыграць тут было б геніяльна!» – жыва падхоплівае рэжысёр спектаклю Войцех Урбаньскі.
Забіць чарговы дзень
Але тое, што пасля адбываецца на сцэне, выклікае лёгкі дысананс: ты не пагружаешся ў турэмную безвыходнасць, а, наадварот, бачыш, што жыццё спакойна ідзе сваёй чарадою нават там, за тоўстымі сценамі рэжымных аб’ектаў. І гэтае жыццё напоўненае побытавымі пытаннямі, будзённымі развагамі і тонкім гумарам, няхай часам з моцным прысмакам горычы.
Дзеі разгортваюцца адна за адной. Адна з першых сцэнаў – песня, якую пад акампанемент гітары і акардэона выконваюць галоўныя акторы – Уладзімір Пугач, Сяргей Чуб і Алег Гарбуз. І менавіта гэтая песня, здаецца, і задае светлую танальнасць усяму, што давядзецца пабачыць далей.
Той, хто знаёмы з апавяданнямі Максіма Знака, ведае, што ўвага ў іх надаецца хутчэй не «глабальнаму гамону» – пра яго немагчыма пісаць з-за кратаў, а дробязям, якімі жывуць тысячы зняволеных у Беларусі, – часам прыемным і сапраўды смешным, часам прыкрым і балючым.
«На самай справе – гэта пошук падзеяў па-за падзеямі, таму што ў гэтай камеры няма нічога звышцікавага. І мне падабаецца, што мы не ідзём у бок таго, што адбываюцца нейкія вялікія падзеі, не. Гэта такая паўсядзённасць, у якой нейкая дробязь становіцца падзеяй: прыбіранне ложкаў, жарт, серыял на тэлебачанні, але гэта ўсё дапамагае забіць чарговы дзень», – адказвае мне польскі рэжысёр на чысцюткай расейскай мове, выбачаючыся пры гэтым, што не гаворыць па-беларуску.
Пастаноўку «Зэкамерону» робіць рэжысёр і актор Войцех Урбаньскі, выпускнік Варшаўскай тэатральнай акадэміі і кафедры рэжысуры Санкт-Пецярбургскай акадэміі тэатральнага мастацтва. Паводле яго, сувязь з Беларуссю з’явілася ў яго яшчэ задоўга да 2020 года – падчас паездак у нашую краіну, у 2013-м ён ставіў п’есу беларускага драматурга Паўла Расолькі «Чырвоная птушка». Таму кажа, што разумее беларускую сітуацыю.
Але сёння, лічыць Войцех, побач з тым, што сапраўды важна нагадваць пра падзеі 2020 года, трэба гэта рабіць не толькі кажучы пра «страшныя наступствы». Вельмі важна «захаваць сваю энергію на будучыню, а з другога боку, на жаль, трэба перацярпець, перачакаць». І «Зэкамерон», адзначае рэжысёр, менавіта пра гэта.
«У прадмове мы спяваем: у нас усё добра, мы б цябе [гледача] запрасілі, але толькі мы тут жыццё губляем, таму не прыходзь да нас. Гэта пра тое, што час бяжыць, жыцці губляюцца, і спектакль таксама расказвае, як забіць гэты час: той час, які гэтая сістэма ў нас забірае», – адзначае Войцех.
Турэмны кватэрнік
Чарговая сцэна змяняецца песняй, якая быццам бы вяртае цябе ў рэчаіснасць: усё толькі што ўбачанае, на вялікі жаль, не выдумка, не фантазія аўтара, а самая сапраўдная рэальнасць для тысячаў людзей, якая расцягваецца на гады. «Незавершанае трыванне» – гучаць словы ў песні…
У аснову амаль усіх музычных твораў, якія гучаць падчас пастаноўкі, паклаліся вершы палітзняволеных беларусаў, у тым ліку і Максіма Знака. Музыку на іх напісаў саліст гурта «J:Mors» Уладзімір Пугач, ён жа выступае ў спектаклі як актор.
Паводле прызнання самога Уладзіміра, ён далучыўся да гэтай пастаноўкі «як чалавек, які можа напісаць песні на вершы палітзняволеных». Вершы, якія трэба пакласці на музыку, акторы і рэжысёр адбіралі разам.
«Ужо потым мяне запрасілі паўдзельнічаць нават як актора ў гэтым спектаклі, што было не вельмі чакана для мяне. Але я імкнуся з усіх сілаў, каб не сапсаваць гэтую пастаноўку», – усміхаецца Уладзімір.
«Музыка – заўсёды ўніверсальная мова, і мне здаецца, калі б былі адны маналогі, то было б цяжэй, а калі ёсць музыка, то яна запускае нейкае паветра», – адзначыў ролю музычнай часткі рэжысёр спектаклю.
Ідэя перамяжоўваць апавяданні з музыкай узнікла яшчэ на этапе задумы інсцэнізацыі. «Таму што з апавяданняў цяжка рабіць драматычны матэрыял, – падкрэслівае Алег Гарбуз. – Бо трэба, каб гэта было нейкім адзіным цэлым». Было разуменне, што нельга абмяжоўвацца толькі прозай, можна дадаць і паэзію саміх палітзняволеных. А калі ўжо пачалі дадаваць паэзію, то чаму б не ператварыць вершы ў песні?
«Засынай імкліва, заўтра будзе лепшым», – з надзеяй спяваецца ў адной з песень… «А раніца была імглістая. Зрэшты, як і заўсёды…» – тут жа адказвае на паэтычныя радкі турэмная проза.
У выніку трапляеш пад кантрасны душ з эмоцыяў і быццам бы становішся ўдзельнікам падзеяў, апынаешся ўнутры «турэмнага кватэрніка» – такім паняццем апісаў жанр спектаклю Войцех Урбаньскі.
«Я хацеў бы, каб гэта была такая блізкая сустрэча з гледачом, і каб было ў гэтым шмат гумару… Турэмны кватэрнік – гэта, напэўна, такое добрае азначэнне жанру. Не ведаю, наколькі гэта атрымаецца», – адзначыў рэжысёр.
«Ці маем мы права расказваць пра іншае?..»
Пакуль Войцех выйшаў пакурыць, пытаюся ў купалаўцаў, чаму выбралі менавіта польскага рэжысёра.
«Мы заўсёды думалі пра тое, што трэба спрабаваць працаваць з нейкімі іншымі рэжысёрамі, – гаворыць Сяргей Чуб. – Першым Алег [Гарбуз] пазнаёміўся з Войцехам, потым – я. І Войцех сам сказаў: а было б добра, каб я папрацаваў з купалаўцамі як рэжысёр. І калі мы выйшлі на гэты матэрыял [«Зэкамерон»], то быццам бы і пытанняў не было, што ў нас ёсць добра знаёмы рэжысёр, тым больш што камунікацыя з ім лёгкая і простая: ён добра разумее расейскую мову, нармальна разумее і беларускую, і мы зразумелі: а чаму не?»
«Ён у нашых кантэкстах, – падхоплівае Алег Гарбуз, – у расейскім і беларускім, і з гэтым чалавекам прыемна працаваць проста па-чалавечы».
Збольшага, прызнаюцца акторы, Войцех ведае і разумее беларускую сітуацыю, але, вядома, пры адборы матэрыялу былі часам спрэчкі: маўляў, навошта гэты тэкст, а гэты можа прыбраць, вось гэта не зразумела.
«І мы тлумачылі, – кажа Сяргей Чуб, – што, можа, табе і не зразумела, але для беларусаў гэта нейкія кропкі, праз якія можна ўздзейнічаць на людзей. Магчыма, яны трошачкі балючыя, але беларусы заўсёды зразумеюць, што гэта азначае. Тлумачылі і пакідалі нейкія кавалкі, якія павінны спрацаваць і нагадаць людзям, што з гэтым трэба нешта рабіць».
Самі ж апавяданні адсейваліся за некалькі этапаў, апавядаюць акторы. Убок адышлі гісторыі зоны, было вырашана пакінуць толькі «больш-менш светлых персанажаў».
«Я б падкрэсліў тое, што казаў нават Максім Знак, калі перадаваў гэтыя лісты з апавяданнямі: «Там гумар, там цеплыня, там святло». І мы стараемся не заглыбляцца ў дэпрэсію, а наадварот, галоўнай тэмай стараемся вынесці тое, што павінна быць надзея, вера ў тое, што ўсё будзе добра, што трэба не занурвацца, не ўпадаць у дэпрэсію, а верыць і рухацца наперад», – кажа Сяргей Чуб.
Але падчас размовы з акторамі пра «цеплыню і святло» міжволі закрадаецца пытанне: а ці няма ў іх жадання ўрэшце адысці ад «палітычных» тэмаў і пераключыцца на нешта іншае, сыграць п’есу пра каханне, а не рабіць пастаноўку пра цяжкія тэмы?
«Хочацца, але ці маем мы права цяпер на гэта?» – пытаецца Алег Гарбуз.
«Ігнараванне рэчаіснасці – гэта, дарэчы, тое, што нас прывяло да такога становішча, – раптам ажывіўся Уладзімір Пугач, які прылёг на жалезны ложак, пакуль мы размаўлялі з акторамі.
– Ігнараваць рэчаіснасць нельга. Так што мы маем тое, што маем, і рабіць выгляд, што гэтага няма, не вельмі сумленна і не вельмі правільна. На фоне таго, што, напэўна, нельга забываць і пра простыя чалавечыя адчуванні, важна нагадваць, нагадваць і нагадваць пра тое, што адбываецца, таму што гэта не скончылася, гэта ўсё працягвае адбывацца там [у Беларусі]. І пакуль так ёсць, то гэта не пытанне моды ці трэндаў, гэта пытанне рэчаіснасці, і яно такое».
А што да стомленасці гледача ад «палітычных» тэмаў, то, на думку Сяргея Чуба, тут найлепш глядзець на дзеянні саміх людзей.
«Падаецца, што афіша «Зэкамерон», прозвішча Максім Знак і выкупленыя квіткі менш чым за содні гавораць аб тым, што гэта важна для людзей. Магчыма, усе стаміліся, але ж гэта важна, і людзі хочуць яшчэ раз, можа быць, нешта ўбачыць, над чымсьці падумаць і, можа, знайсці для сябе нейкія адказы», – адказаў актор.
Сачыце за афішай
7 траўня ў Тэатры драматычным у Варшаве адбудзецца адразу два паказы спектаклю. Але калі вам не пашчасціла трапіць у лік першых гледачоў, то акторы расказалі некалькі прыемных навінаў. У чэрвені запланаваныя яшчэ мінімум два спектаклі ў Варшаве. Ёсць жаданне таксама наведаць і іншыя гарады, бо гледачы з Кракава ці Вроцлава пастаянна звяртаюцца ў сацсетках з пытаннямі аб тым, калі акторы прыедуць да іх з гастролямі.
Але, адзначае Сяргей Чуб, спачатку трэба разабрацца з прэм’ерай, а пасля ўжо будуць думаць, як паказаць спектакль і ў іншых месцах – прычым не толькі ў Польшчы.
Ёсць таксама планы пашыраць аўдыторыю, бо не ўсе могуць паглядзець спектакль ужывую. Таму з’явілася задумка зрабіць якасны тэлевізійны варыянт і паказаць яго на інтэрнэт-пляцоўках.
За самую магчымасць з’яўлення спектаклю, падкрэсліваюць акторы, яны вельмі ўдзячныя Беларускай Радзе культуры – праект паўстаў у межах праграмы Еўразвязу «ArtPower Belarus», накіраванай на падтрыманне свабоднага самавыяўлення беларускіх дзеячаў мастацтва і культуры ў рэалізацыі іхных творчых праектаў.
«Зэкамерон» дасць магчымасць казаць вялікай аўдыторыі вельмі важныя для ўсіх нас рэчы: у Беларусі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», амаль паўтары тысячы афіцыйна прызнаных палітвязняў. Сярод іх – адвакат, сябра Каардынацыйнай рады Максім Знак, які быў асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за тое, што падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, выкарыстоўваючы выключна законныя спосабы, спрабаваў разам з іншымі беларусамі змяніць жыццё ў нашай краіне. Але паводле палітычных артыкулаў асуджана нашмат больш людзей, і кожны з іх праходзіць ці ўжо прайшоў пякельныя колы свайго «Зэкамерону».
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS