A A+ A++

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» растлумачыў скарачэнне насельніцтва Беларусі, прадрок, што праз чвэрць стагоддзя жыхароў паменее да 7,5 млн, і патлумачыў, чым гэта небяспечна для краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 19 ліпеня 2022 года.

Фота: Белсат

За чатыры гады ў Беларусі некуды «зніклі» амаль 200 тысячаў жыхароў. Гэта вынікае з статыстычнага даведніка Белстату «Беларусь у лічбах». Паводле звестак на 1 студзеня 2024 года, насельніцтва краіны складала 9 млн 156 тысячаў асобаў. Пры гэтым яшчэ чатыры гады таму было 9 млн 349 тысячаў.

Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі ў каментары «Белсату» растлумачыў, што галоўная прычына скарачэння ліку жыхароў – не ўнікальная для нашай краіны:

«Гэта агульнаеўрапейскія дэмаграфічныя трэнды. Уласна, чымся лепей пачынаюць жыць людзі, чымся болей роўнымі становяцца правы ў жанчын і мужчын, тым меней дзяцей нараджаецца. Жанчыны пачынаюць думаць пра свае кар’еры. Бацькоўства пачынае супярэчыць думкам аб самаразвіцці».

Пры гэтым дзяржаве ёсць што прапанаваць, каб стымуляваць з’яўленне новых беларусаў. Напрыклад, забяспечыць неабходную колькасць дзіцячых садкоў, развіваць інфраструктуру, якая дапаможа сумяшчаць гадаванне нашчадкаў з працаю.

«А наш урад збольшага факусуецца толькі на даволі шчодрую грашовую дапамогу на дзяцей. Гэта дзейнічае на пэўныя слаі насельніцтва, але ўжо амаль не дзейнічае на гарадское насельніцтва, для якога грошы – не самая галоўная праблема. Самая галоўная – выдаткаванне часу на дзяцей», – падкрэсліў эканаміст.

Агляд

Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?

2024.03.04 07:15

Уласна беларуская праблема – дэмаграфічныя хвалі, калі праз пакаленне ў Беларусі менее людзей, адзначыў Львоўскі:

«Напрыклад, цяпер у адным пакаленні мы маем патрэбу ў 100 дзіцячых садках, праз 5 гадоў – у 50, а потым, яшчэ праз 5 гадоў, – зноў у 100. Такім чынам, у нас альбо палову часу інфраструктура стаіць без справы, альбо палову часу нам бракуе інфраструктуры».

І, нарэшце, яшчэ адзін уласна беларускі чыннік – эміграцыя:

«Эміграцыйныя трэнды ў Беларусі пачаліся з 2015–2017 гадоў і моцна падскочылі спачатку ў 2020 годзе. І потым яшчэ адна хваля ў 2022 годзе, калі Беларусь стала суўдзельніцай атакі на Украіну».

Калі нічога не рабіць, бліжэй да сярэдзіны гэтага стагоддзя «нас чакае даволі цяжкая сітуацыя», мяркуе эксперт. Паводле ягоных падлікаў, жыхароў у Беларусі паменее да 7,5 млн. І да таго ж насельніцтва моцна пасталее.

«Калі цяпер у нас 0,4 пенсіянеры на адну асобу працаздольнага веку, то да сярэдзіны стагоддзя гэтая лічба павялічыцца ў паўтара разу. Гэта значыць большую нагрузку на сістэму аховы здароўя, гэта значыць меншую прапанову працоўных рук», – тлумачыць аналітык.

Разбор

З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі. Чаму чалавецтва расхацела размнажацца?

2024.02.22 14:23

Краіны звычайна даюць рады з плаўным змяншэннем колькасці жыхароў. Праблемы ўзнікаюць, калі гэта адбываецца рэзка, калі «эканоміка не паспявае адаптавацца, не паспявае замяніць працоўныя рукі нейкімі тэхналогіямі, станкамі, робатамі», сказаў суразмоўца «Белсату».

«Іншая праблема – змяненне ўзроставай структуры грамадства, што нас таксама чакае. У такім выпадку нам патрэбна больш, чым у сярэднім, лекараў, іншых людзей, якія будуць забяспечваць сталасць нашых суграмадзянаў. Пры рэзкіх зменах гэта можа быць выклікам», – канстатаваў Леў Львоўскі.

Сітуацыю ўскладняе пенсійная сістэма, што засталася яшчэ ад Савецкага Саюзу:

«Цяперашнія працаўнікі скідваюцца, гэтыя грошы размяркоўваюцца паміж цяперашнімі пенсіянерамі. Калі б у нас была назапашвальная сістэма, то ў сталенні насельніцтва не было б аніякіх праблемаў, аднак з нашай салідарная сістэмай гэта значыць, што патрэбна будзе або ў паўтары разу павялічваць падатковую нагрузку на працаўнікоў, або ў паўтары разу скарачаць пенсіі».

Каментар

Напрошваецца павышэнне пенсійнага веку. Улады шукаюць, як заахвоціць пенсіянераў працаваць

2024.06.21 18:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułТры гады за данаты на палітвязняў і суды над журналістамі
Następny artykułByły filmy kinowe, teraz powstał serial. Oto następca Morgana Freemana