Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што пачынаючы з 2 красавіка ў пункце пропуску Тэрэспаль (Берасце) фіксуецца рост чэргаў аўтобусаў, і гэты калапс на мяжы стварыла Польшча.
У пятніцу 12 красавіка ў перыяд з 8:00 да 14:00 праз пераход Берасце – Тэрэспаль у Польшчу ўехалі 4 аўтобусы з 42 магчымых, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.
Памежны пераход Берасце – Тэрэспаль – адзіны, праз які можна ўехаць у Польшчу з Беларусі на аўтобусе. У сярэднім, паводле Памежнага камітэту, на прапускным пункце кожныя содні ўезду чакаюць 30 аўтобусаў.
«Улічваючы, што ў адным аўтобусе можа ехаць каля 50 чалавек, то парадку 1500 чалавек вымушаныя соднямі знаходзіцца ў аўтобусах. Пры гэтым кантрольныя службы Польшчы мэтанакіравана ігнаруюць нормы пропуску і афармляюць усяго 42% аўтобусаў ад содневай нормы», – заяўляюць беларускія памежнікі.
Нягледзячы на шматкіламетровыя чэргі, Польшча не прадпрымае ніякіх дзеянняў для развязання сітуацыі, сцвярджае беларускі бок.
«Акрамя таго, па меры набліжэння сезону адпачынкаў сітуацыя з чэргамі аўтобусаў будзе пагаршацца. Рэкамендуем улічваць дадзеную інфармацыю пры планаванні перасячэння мяжы з Польшчай», – папярэджвае Памежны камітэт.
Адсочваць абстаноўку на памежных пераходах на беларускім баку ў рэальным часе можна на інфармацыйным партале Памежнага камітэту і ў мабільным прыкладанні «Граница Беларуси».
Каментар
«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
2024.04.05 12:53
Да леташняга лютага на мяжы з Польшчаю працавалі два памежныя пераходы, аднак з увагі на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту пункт «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі. Тагачасны міністр унутраных справаў і адміністрацыі суседняй краіны Мар’юш Каміньскі выставіў умову: узнаўленне працы тэрмінала за вызваленне палітвязня. У Менску палічылі, што закладнік за кратамі важнейшы, чымся бесперашкодныя паездкі беларусаў у Польшчу.
Афіцыйны прадстаўнік Надбужанскага аддзелу Памежнай аховы Польшчы, у склад якога ўваходзіць пункт пропуску ў Тэрэспалі, Дар’юш Сеніцкі раней тлумачыў «Белсату», што падчас спробаў несанкцыянаванага мінання мяжы мігрантамі афіцэраў здымаюць з афармлення на тэрмінале і перакідваюць на ўзмацненне аховы ў лясах. Ён таксама прызнаў больш пільны дагляд падарожнікаў у пункце пропуску:
«У сувязі з недастатковай аховай дзяржаўнай мяжы на беларускім баку мы таксама абавязаныя ладзіць больш дэталёвы кантроль асобаў, якія ўязджаюць у Польшчу – аж да часу, пакуль не знікне рэальная пагроза нелегальнай міграцыі. Рэалізацыя гэтых захадаў у ахове дзяржаўнай мяжы ёсць адказам на часовыя пагрозы нелегальнай міграцыі».
Чэргі назіраюцца таксама на беларуска-літоўскай мяжы, дзе з 1 сакавіка засталося два пераходы, астатнія Літва закрыла, абгрунтаваўшы гэта захадамі бяспекі. З леташняга верасня толькі адзін пункт пропуску працуе на мяжы Беларусі з Латвіяй – закрыццё другога тэрміналу ў Рызе назвалі адказам на міграцыйны крызіс.
Агляд
«ОК, “Google”, як павесіцца ў машыне?» Час чакання ўезду ў Літву з Беларусі перавысіў содні
2024.04.12 16:03
Марыя Міхалевіч belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS