Хачу паразважаць пра прыгожае жыццё Аляксандра Лукашэнкі. Ні для каго даўно не сакрэт, што жыве ён у каралеўскай раскошы, як і кожны дыктатар. Дварэцкія, кухары, асабістыя пілоты і сцюардэсы. Адной аховы столькі, што на хакейнай арэне не змесцяцца разам.
Раскошныя самалёты, італьянскія верталёты, найдаражэйшыя ў свеце лімузіны і, вядома ж, палацы. Кожны нармальны дыктатар мусіць жыць у палацы – і каб там было як мага болей крышталёвых жырандоляў, элітнага мармуру і золата. Золата мусіць быць шмат! Няхай аздоба мэблі будзе залатою, і сцяна з золата, і на ёй залаты герб! А, яшчэ тэлефон у кабінеце – няхай таксама будзе залаты. І трымальнік туалетнай паперы, і сметнік… Ну і каб не было замала – заслонкі на вокны ў верталёце таксама трэба з золата. Які ж ты дыктатар, калі вакол цябе мала золата?
Hавiны
«BELPOL» апублікаваў расследаванне пра рэзідэнцыю Лукашэнкі на Менскім моры
2024.04.14 21:33
А яшчэ трэба пабудаваць палац, і не адзін. Бо адзін палац любы барон ці герцаг можа мець. А сапраўдны імператар мусіць мець палацаў шмат і паўсюль. І Лукашэнка нічым сябе не абмяжоўвае.
Палац незалежнасці – гэта 50 тысяч квадратных метраў раскошы. Лукашэнка кляўся, што гэты калос не будзе ягонай рэзідэнцыяй – і падмануў. Сёння яго афіцыйна называюць рэзідэнцыяй Лукашэнкі, дый ён сам ужо гэтага не хавае. Падмануў і другі раз, калі казаў, што з бюджэту на пабудову не возьмуць ні капейчыны. Узялі – аплацілі з бюджэту. Нават паводле самых сціплых падлікаў будынак і яго напаўненне каштавалі ад некалькіх сотняў мільёнаў да паўмільярда долараў. Я адмыслова пашукаў, колькі каштуе пабудаваць дзіцячы садок у Беларусі. Дзяржаўная газета «Звязда» кажа пра 3,5 мільёна долараў. А гэта значыць, што за кошт аднаго палацу можна было адкрыць 140 навюткіх дзіцячых садкоў. Або набыць тысячу тамографаў і паставіць іх у кожным раённым цэнтры – і яшчэ б засталіся грошы на рамонт некалькіх дзясяткаў паліклінік.
Але на гэта грошаў у бюджэце няма, а вось на залатыя кабінеты і крышталёвыя жырандолі – ёсць. Як і ёсць грошы на пабудову і ўтрыманне яшчэ 17 іншых рэзідэнцыяў Лукашэнкі.
Давайце пералічым толькі галоўныя з іх. Сядзіба ў Драздах, што раскінулася на 20 гектарах з басейнамі, лазнямі, спартовымі комплексамі, гасцявымі катэджамі. Рэзідэнцыя «Азёрны» ў Астрашыцкім Гарадку – яшчэ 90 гектараў раскошы. Рэзідэнцыя «Усход» на беразе Заслаўскага вадасховішча з прычалам, тэніснымі кортамі і крыягеннымі пакоямі. Краснасельскае, ну як жа без яго? Тысячы квадратных метраў, і зноў усё тыя ж тэнісныя корты, лыжна-ролерныя трасы, верталётныя пляцоўкі… І такіх палацыкаў у Лукашэнкі – пад два дзясяткі. І паўсюль вітражы, элітны мармур і золата…
Вы ж памятаеце, золата ў сапраўднага дыктатара мусіць быць вельмі шмат.
І, можа, калі яго будзе дастаткова, то ўсе вакол нарэшце павераць у казку: што ты – памазаны Богам пажыццёвы кароль-сонца Беларусі. А не былы кіраўнік калгасу – Саша з вёскі Копысь.
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS