Паводле меркавання дэпутаткі Еўрапарламенту ад Літвы Расы Юкнявічэне, у ЕЗ няма «эфектыўнай структуры» для ўвядзення санкцыяў з-за адсутнасці досведу. Плюс, заходнія лідары ўсцяж баяцца як след пакараць пуцінскі рэжым. А пры Пуціне будзе кіраваць і Лукашэнка. І абодва карыстаюцца гэтым даволі выгодна для сябе. Бо цяпер, ва ўмовах нябачных дагэтуль санкцыйных абмежаванняў, няма маленькіх і вялікіх таталітарных краінаў. Яны ратуюць адно аднаго, усялякімі хітрыкамі абыходзячы забароны на тое ці іншае.
У дакладзе даследнікаў з Каралеўскага каледжу Лондану гаворыцца, што Расеі ўдалося абысці санкцыі, імпартуючы забароненую прадукцыю праз сяброўскія рэгіёны, такія як Грузія, Беларусь і Казахстан.
Хаця, пасля сыходу сусветных брэндаў узяліся шыць сваё адзенне і вырабляць свой абутак, які і ў Савецкім Саюзе не карысталіся здаровым попытам. Тое самае датычыцца і бытавой ды вытворчай электронікі, машынабудавання, дрэваапрацоўкі. Дарма, што мала прадаецца. Згадваецца цудоўны анекдот яшчэ брэжнеўскіх часоў.
Заканчваецца паездка па краіне японскага кіраўніка. У трапа самалёта яго акружылі журналісты. І пытаюцца:
– Што Вам больш за ўсё спадабалася ў СССР?
– Вельмі мне спадабаліся дзеці.
– А што яшчэ?
– У вас сапраўды выдатныя дзеці.
– Ну дык дзяцей мы і самі любім. А што акрамя асабліва спадабалася.
– Дзеці – самае цудоўнае ў вас. А тое, што вы робіце рукамі – осень, осень плёхо.
Бяда ў тым, што санкцыі ўплываюць і на нараджальнасць. А як па-іншаму, калі людзям выжыць бы самім у тых умовах, якія захавалі ім іхныя бацькі і яшчэ ранейшыя продкі зноў жа, дзякуючы заходняму прынцыпу прыватызацыі. Каб яго, раздзяржаўленне, не пусцілі сюды пасля развалу СССР, як упарта трымаюцца сваіх прынцыпаў у Паўночнай Карэі, то была б толькі вядомая з рэвалюцыйных часоў нацыяналізацыя: забраць і падзяліць. Пажыткі, што перайшлі ў спадчыну, яшчэ шмат дзе трывалыя. На новае разлічваць прыходзіцца ўсё менш. Але што зараз рабіць?
Экс-кандыдат у прэзідэнты (2010 год) і кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў на мінулым тыдні быў запрошаны на дыскусію ў вашынгтонскі Гудзонскі ўніверсітэт. Палітык і раней выказаў сумненне ў тым, што знішчэнне рэжыму можа адбыцца звонку. Але ў ЗША зноў казаў пра санкцыі:
«Неабходна больш ціску дэмакратычных краінаў хаця б для таго, каб вызваліць людзей з турмаў, а некаторым выратаваць жыццё і рэшткі здароўя, – падкрэсліў ён, – аднак вайна ва Украіне затаіла жахі, якія беспакарана робіць у сваёй краіне рэжым Лукашэнкі».
«Прыбраць Лукашэнку цяперашніх умовах не так ужо і немагчыма. – перакананы палітык. – Дэмакратызацыя ў Беларусі вельмі рэальная, проста патрэбны большы ціск на дыктарскія рэжымы і больш дапамогі для дэмакратычных сілаў». Паралельна, паводле Саннікава, трэба прасоўваць усімі сіламі ў НАТО Украіну, пасля ўступлення якой у гэты блок больш акрэслена стане пытанне і па Беларусі.
«Нікому не будзе выгодны такі «балкон» аўтакратыі ўнутры Еўропы. На пытанне, якія шанцы новага беларускага грамадства ў супрацьстаянні з рэжымам Лукашэнкі, якому дапамагае Крэмль, кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» проста адказвае, што яны ёсць. І прывёў прыклад:
«Звярніце ўвагу, колькі разоў мы выходзілі на вуліцы супраць яго, і Масква баялася ўмешвацца. Трэба перастаць бачыць нас «скрозь страх перад атакай Крамля», які, уласна, і дапусціў вайну ва Украіне. Хаця ў Расеі, – лічыць беларускі палітык, – неразумна чакаць якога-небудзь народнага паўстання». «Менавіта Беларусь можа стаць прыкладам каталізатару працэсаў у рэгіёне не толькі ў адмоўным, але больш у станоўчым сэнсе».
На мінулым тыдні санкцыі ў адносінах да Беларусі быццам бы ўзмацнілі, што, па сутнасці, можна замяніць словам «пашырылі». ЗША зрабілі чорны спіс для 10 чалавек і 12 кампаніяў, якія падазраюцца ў забароненых пастаўках абаронным кампаніям РФ і Беларусі. Канада «адзначыла заслугі» яшчэ 21-го беларуса, турэмных назіральнікаў, міліцыянтаў і суддзяў, якія павінныя адказваць за рэпрэсіі супраць суайчыннікаў, якія «датычныя, альбо бралі наўпроставы ўдзел у арыштах, затрыманнях, жорсткасці, запужванні і празмерным ужыванні сілы супраць беларусаў, якія пратэставалі супраць сфальсіфікаваных выбараў, а таксама самым жорсткім стаўленнем да людзей па загадзе Лукашэнкі пасля ілжывых абвінавачванняў, асуджэнняў і закрыцці ў турмах».
Ці аддаюць сабе справаздачу ініцыятары гэтых пакетаў, што абмежаванні ніяк не паўплываюць на памяншэнне жорсткасці і нялюдскасці беларускага рэжыму? Ці створыцца нейкая маніторынгавая група, якая будзе сачыць за гэтым? Бо для абсалютнай большасці падсанкцыйных прыслужнікаў рэжыму гэтыя абмежаванні на ўезд у краіны Еўразвязу і свету, альбо, напрыклад, блакавання іх рахункаў у міжнародных банках – абсалютна не дзейсныя. Не ездзілі – і не будуць ездзіць. Тым больш, ніколі не адкрывалі рахункаў у замежных фінансавых установах.
То бок, і мінулатыднёвая актыўнасць апазіцыйных лідараў пакуль не прасвятліла рэальныя перспектывы на знішчэнне рэжыму Лукашэнкі і, адпаведна, не дала зразумець хоць прыкладныя тэрміны таго, калі ўлада ў Беларусі сапраўды напужаецца і пачне рабіць істэрычныя, неабдуманыя крокі, якія нязменна павінныя прывесці да абвалу менавіта гэткага дзяржаўнага строю.
Санкцыі, паводле Андрэя Саннікава, прымаюцца не першы год, трохі папрацуюць, а потым гучаць прапановы іх зняць. І гэта Пуцін і Лукашэнка цудоўна ведаюць. Яны, маўляў, упэўненыя, што Захад стоміцца ад нязвыклых для сябе доўгатэрміновых і маштабных санкцыяў і ўсё вернецца назад. Хаця б часткова. Але гэтага хопіць для больш-менш бяспечнага існавання рэжымаў у агляднай перспектыве. Таму проста цярпліва чакаюць, але і гандлююцца з Захадам па розных пытаннях. У тым ліку і праз брацанне ядравай зброяй. Але жудаснае напружанне, якое са словаў Саннікава існуе ў самой Беларусі – і сярод тых, хто падтрымлівае рыжым, і сярод ярых супраціўнікаў, а таксама, з большага, нейтральных – урэшце абавязкова выбухне.
Менавіта гэтае, толькі ўнутранае абвастрэнне сітуацыі, абурэнне людзей і немагчымасць так далей існаваць пры рэжыме Лукашэнкі стануць выніковым трыгерам, а не міжнародныя санкцыі.
belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS