A A+ A++

Аляксандр Лукашэнка адправіўся з афіцыйным візітам у Азербайджан. 16 траўня ён правёў сустрэчу з прэзідэнтам Ільхамам Аліевым, пасля якой абодва бакі выказвалі гучныя словы пра неразрыўнае сяброўства паміж Беларуссю і Азербайджанам, а таксама анансавалі вялікія планы па супрацоўніцтве. Але ў што выльюцца гэтыя планы на практыцы і ці можа Азербайджан дапамагчы беларускаму рэжыму ў абыходзе санкцыяў, аб гэтым «Белсат» паразмаўляў з экспертамі.

Удзельнікі сустрэчы ў вузкім фармаце: Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў. 16 траўня 2024 года.

Фота: president.az

У «вузкім» і «пашыраным» фармаце

16 траўня, паводле паведамленняў прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, адбыліся сустрэчы беларускага і азербайджанскага бакоў у «вузкім» і «пашыраным» фарматах.

«Вузкім» фарматам тэлеграм-канал «Пул першага» назваў сустрэчу Ільхама Аліева і Аляксандра Лукашэнкі. Яна доўжылася 1,5 гадзіны, што ў параўнанні з сустрэчамі тэт-а-тэт з расейскім прэзідэнтам, якія цягнуцца па 8 гадзін, адносна нядоўга.

Па заканчэнні сустрэчаў бакі выказвалі завярэнні пра вялікае сяброўства: асабліва тут вылучаўся Аляксандр Лукашэнка, які назваў стасункі з Аліевым «самымі добрымі, самымі блізкімі». «Мы камунікуем як браты, аднолькава разумеем свет, куды ён рухаецца, – сказаў Лукашэнка, дадаўшы пазней, што «Беларусь можа падставіць плячо Азербайджану так, як ніхто ў свеце больш не зробіць».

Як вынікае з паведамленняў прэс-службы, Лукашэнка спрабаваў «падставіць плячо» ў многіх сферах – машынабудаванні, прамысловай кааперацыі, фармацэўтычнай вытворчасці, у развіцці прафтэхадукацыі і іншых. Фактычна ж больш падобна, што ён угаворваў Аліева пусціць беларускі бізнес на азербайджанскі рынак, у чым пазней сам і прызнаўся.

«Я на перамовах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма – нейкае месца для Беларусі, – вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў», – сказаў Лукашэнка.

Маштабы грандыёзныя

Што датычыцца двухбаковых пагадненняў, якія па выніках візіту падпісала беларуская дэлегацыя з Азербайджанам, то ў цэлым яны выглядаюць даволі дзяжурнымі і нейкіх прарыўных дамоўленасцяў там не было: пратакол аб узаемным прымяненні электронных сістэм сертыфікацыі паходжання тавараў, план мерапрыемстваў па развіццю супрацоўніцтва ў сферы турызму, мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў галіне канкурэнтнай палітыкі, дзяржаўных закупак, абароны правоў спажыўцоў і рэкламнай дзейнасці і г.д.

А вось на словах было зроблена шмат гучных заяваў. Адна з найбольш розгаласных – запрашэнне беларускіх кампаніяў да адбудавання тэрыторыяў Нагорнага Карабаху, над якім увосень 2023 года аднавіў кантроль Азербайджан. Трэба сказаць, што Лукашэнка апантаны гэтай ідэяй ужо адносна даўно: гэтае пытанне ўздымалася яшчэ падчас снежаньскай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу, дзе Аліеў пацвердзіў прапанову Лукашэнкі ўзяць удзел у «мадэрнізацыі і будаўніцтве інфраструктурных аб’ектаў у Карабаху».

І вось прайшло паўгода, і на сустрэчы ў Баку Лукашэнка зноў узняў гэтае пытанне. Аліеў, як і мінулым разам, зноў даў сваё пацвярджэнне: «Я запрасіў беларускія кампаніі актыўна ўдзельнічаць у аднаўленні Карабахскай і Усходне-Зангезурскай зоны. Маштаб работ, якія мы ажыццяўляем і будзем ажыццяўляць, – грандыёзны», – прыводзіць словы Аліева «БелТА».

Па выніках перамоваў журналістам заявілі і пра іншыя грандыёзныя планы: пашырэнне прамысловай кааперацыі, сумесную вытворчасць на тэрыторыі Азербайджану не толькі тэхнікі МТЗ (якая зараз наладжана ў краіне), але і «мазаўскай тэхнікі, пажарнай тэхнікі, вытворчасць ліфтавага абсталявання», супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і інш.

Адным з планаў прагучаў выхад на аб’ёмы таваразвароту ў 1 мільярд долараў. Адметна, што ў 2023 годзе таваразварот паміж нашымі краінамі перавысіў 400 мільёнаў долараў, адзначае «БелТА», але цікава, што гэта толькі палова ад таваразвароту, які быў зафіксаваны ў 2021 годзе (885,5 мільярда долараў).

Лукашэнка разам з Аліевым наведалі сельскагаспадарчую выставу Caspian Agro.

Фота: day.az

Пры гэтым, падкрэслівае БелТА, абапіраючыся на дадзеныя Беларускай універсальнай таварнай біржы, за першыя чатыры месяцы 2024 года сума ўгодаў, заключаных азербайджанскімі кампаніямі на біржавых таргах, дасягнула 38 мільёнаў долараў, што ў 14,5 раза больш, чым за той жа перыяд мінулага году. Такі рост, як адзначаецца, абумоўлены значным павелічэннем паставак у Азербайджан беларускай пілапрадукцыі, фактычна ж – падсанкцыйнага тавару. Дык ці гатовы Азербайджан даваць беларускаму рэжыму магчымасць абыходзіць санкцыі і, наогул, «пра што» быў гэты візіт – пра эканамічнае ці ўсё ж палітычнае супрацоўніцтва?

Важныя геапалітычныя заявы

Нягледзячы на тое, што напярэдадні сустрэчы прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі акцэнтавала ўвагу на тым, што асноўны ўпор будзе рабіцца на пашырэнні гандлёва-эканамічных сувязяў, гісторык кандыдат гістарычных навук, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін лічыць, што гэты візіт Лукашэнкі ў Азербайджан меў больш палітычных, чым эканамічных падставаў. А ўжо пасля яго абгарнулі ў «прыгожую абгортку», каб падаць у інфармацыйнай прасторы.

На думку каардынатара «Нашай візіі» Вадзіма Мажэйкі, Лукашэнка падчас гэтай сустрэчы, як заўсёды, спрабаваў рабіць эканамічныя акцэнты, каб прынесці ў краіну грошы, але гэты візіт меў вельмі важны палітычны, нават геапалітычны складнік.

Разбураны дом у Сцяпанакерце, горадзе ў Нагорным Карабаху. Верасень 2023 года.

Фота: gazeta.uz

«Калі Лукашэнка падчас візіту ветліва казаў пра «адраджэнне» земляў, якія былі «вызваленыя» [маецца на ўвазе Нагорны Карабах], калі казаў пра тое, што Азербайджан зараз галоўны ў Каўказскім рэгіёне, гэта выглядала як вялікія геапалітычныя заявы. Але тое, што Лукашэнка называе «вызваленнем земляў» – гэта захоп Азербайджанам земляў у Арменіі, якая фармальна з’яўляецца палітычным саюзнікам Беларусі.  Гэта, канечне, дэманструе той жах, які адбываецца ў АДКБ, калі краіны – сябры АДКБ падтрымліваюць не свайго саюзніка, а ягонага суперніка. Проста сам факт, што Лукашэнка сябе паводзіць як палітык, які настолькі лёгка можа мяняць свае абяцанні на нейкія прагматычныя выгады – я б вельмі сумняваўся, наколькі яму можна давяраць, нават на месцы таго ж Аліева», – адзначыў Вадзім Мажэйка.

Зарабіць на аднаўленні не атрымаецца

Што да падпісанага пакета дакументаў, дзе былі рознага кшталту мемарандумы і пратаколы, адзначае Вадзім Мажэйка, то гэта звычайная практыка: маўляў, ёсць візіт, і яго трэба чым-небудзь напоўніць. А вось датычна вусных заяваў трэба памятаць пра тое, што гэта два «не надта дэмакратычныя і не надта прававыя» палітыкі, таму і дамоўленасці паміж імі могуць быць не на паперы, а на словах. Мы памятаем, адзначае Вадзім Мажэйка, як Ільхам Аліеў у 2010 годзе пад «шчырае слова» пазычыў Лукашэнку 200 мільёнаў долараў на аплату расейскага газу, што выдае такі персаналісцкі стыль.

«Іншая справа: не зразумела, чаму гэта мусіць быць Беларусь, а не Турцыя, у якой з будаўнікамі ўсё нармальна і з сельскай гаспадаркай усё ў парадку, яна там квітнее. Таму паглядзім, наколькі тут будзе рэальна нешта для Беларусі», – адзначае Вадзім Мажэйка.

Пры гэтым, лічыць Яўген Красулін, ёсць вялікія сумненні ў тым, што ў перспектыве Беларусь будзе мець вялікі прыбытак ад узнаўлення «вызваленых» земляў у Карабаху. Адна з прычын тут – уведзеныя ў дачыненні да нашай краіны эканамічныя санкцыі.

Падпісанне дакументаў у Баку. 16 траўня, Баку.

Фота: president.az

«Так, любое аднаўленне краіны – гарадской забудовы, інфраструктуры – гэта, канечне вельмі салодкая тэма. Шмат хто хацеў бы паўдзельнічаць у гэтым. І тут беларусам трэба будзе вытрымаць канкурэнцыю, давядзецца пускаць у ход пацалункі. Але, з іншага боку, сітуацыя ў Беларусі, у беларускай эканоміцы і рэжым санкцыяў прымушаюць даволі песімістычна глядзець на перспектывы, бо гэтыя фактары не будуць даваць магчымасці развівацца супрацы паміж Азербайджанам і Беларуссю ў гэтай сферы. Зноўку, калі паглядзець, што гоніць Беларусь у Азербайджан і за кошт чаго адбываецца гандлёвы рост, – гэта піламатэрыялы. Вось высячэм усе беларускія лясы? Дый тое наўрад ці атрымаецца запіхнуць іх на азербайджанскі рынак, таму не будзе тут вялікага профіту для беларускай эканомікі», – адзначыў Яўген Красулін.

Што да пытання абыходу накладзеных на Беларусь санкцыяў, то Вадзім Мажэйка лічыць, што гэта Азербайджану рабіць не вельмі выгадна.

«Складана сказаць, наколькі Азербайджан будзе гатовы ў такія схемы ўпісвацца. Бо яму гэта не надта патрэбна, у Азербайджана ёсць свая добрая эканоміка, таму палітычныя страты ад магчымасці трапіць пад другасныя санкцыі большыя, чым патрэба зарабіць нейкі мільён на беларускім санкцыйным транзіце. Таму для Азербайждана ёсць сэнс дзейнічаць асцярожна, і  Азербайджан не выглядае на сёння як найлепшы хаб для абыходу санкцыяў», – патлумачыў Вадзім Мажэйка.

Нежаданне Азербайджана ўдзельнічаць ў працэсах абыходу санкцыяў пацвердзіў нам і дэпутат Міллі Меджліса, парламента Азербайджанскай Рэспублікі, Айдын Мірзазадэ. Ён адзначыў, што Азербайджан (як, паводле ягоных словаў, і Беларусь) «не зацікаўлены ў канфлікце з вялікімі дзяржавамі». «Мы ніколі не парушаем тых санкцыяў, якія існуюць у свеце. Таваразварот паміж Азербайджанам і Беларуссю абапіраецца выключна на нацыянальныя рэсурсы, і ніякія абыходы санкцыяў непажаданыя для нашай краіны, і гэтага не будзе», – адзначыў суразмоўца «Белсата».

Аналітыка

З адпачынку – у самае пекла. Што чакае расейскіх міратворцаў, якіх выводзяць з Карабаху

2024.04.22 07:00

Раман Шавель belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułKonkurs „W cieniu twych dłoni Matko Pięknej Miłości”
Następny artykułHoroskop na dzień 17.05.2024