Суддзя Вярхоўнага суда Таццяна Васілевіч вырашыла, што суд першай інстанцыі слушна прыгаварыў барысаўскага фатографа і відэааператара-фрылансера Аляксандра Зянкова да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пра гэта паведамілі ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Вярхоўны суд пакінуў ягоную апеляцыйную скаргу без задавальнення, а ранейшае судовае рашэнне – без зменаў.
Аляксандр Зянкоў працаваў у Барысаве фатографам. Таксама здымаў дакументальныя стужкі, супрацоўнічаў з незалежнымі выданнямі ў якасці фрылансера. Некалькі разоў яго за гэта затрымлівала міліцыя.
У чарговы раз Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ўдома ў Барысаве. Пасля ператрусу яго павезлі ў Менск і 10 дзён трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. У гэты час яго абвінавацілі ў спрыянні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання за відэаздымкі, паказаныя на «экстрэмісцкім» інтэрнэт-рэсурсе. Доказы гэтага нібыта знайшлі ў канфіскаванай у яго тэхніцы. Затым Зянкова перавялі ў СІЗА № 1 у Менску.
30 студзеня 2024 года суддзя Менскага гарадскога суда Жанна Брысіна прызнала Зянкова вінаватым ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (частка 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу) і прысудзіла яму тры гады калоніі.
Праваабарончая супольнасць прызнала журналіста палітычным вязнем.
Цяпер журналіста ўтрымліваюць у магілёўскім СІЗА, і там ён, найхутчэй, будзе знаходзіцца да адпраўкі на месца адбывання прысуду. За кратамі Зянкоў ужо амаль 10 месяцаў.
Якуб Хруст belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS