A A+ A++

У ноч на 19 красавіка на тэрыторыі іранскага Ісфахану працавала паветраная абарона, былі чуваць выбухі. Магчыма, за гэтым стаяў Ізраіль, абстраляны Іранам на мінулым тыдні. Іранскія ўлады адмаўляюць якую-кольвек шкоду, а ізраільскія не бяруць за яе адказнасці. На думку экспертаў, усё гэта можа азначаць заканчэнне гарачай фазы супрацьстаяння дзвюх блізкаўсходніх краінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі сцяг лунае на Аліўнай гары з відам на комплекс мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме. 19 красавіка 2024 года.

Фота: Ahmad Gharabli / AFP / East News

Паводле амерыканскіх медыяў, Ізраіль у ноч на 19 красавіка нанёс удар па аб’ектах на тэрыторыі Ірану. Удар меў абмежаваны характар. ЗША ў гэтай аперацыі ўдзелу не бралі.

Паводле медыяў, выбухі былі чуваць каля вайсковай базы ў правінцыі Ісфахан. Таксама ў Іране на некалькі гадзінаў былі затрыманыя рэйсы цывільнай авіяцыі, але пасля абмежаванні былі знятыя.

Паводле «The Washington Post», галоўнай мэтай Ізраілю было даслаць Тэгерану сігнал, што Цагаль мае магчымасці наносіць удары па тэрыторыі Ірану.

Інцыдэнт здарыўся ў дзень 85-годдзя аяталы Алі Хамэнэі, найвышэйшага кіраўніка Ірану.

Дроны збітыя: усё ў парадку?

Як паведамляе іранскае выданне IRNA, гук выбуху, які быў чуваць раніцай у Ісфахане, быў звязаны з працаю паветранай абароны, што адрэагавала на падазроныя аб’екты.

«Ніякага інцыдэнту не адбылося, і шкода не была нанесеная», – паведаміў генерал Сіяваш Мігандуст.

Паводле IRNA, для перахопу задзеялі паветраную абарону 8-й вайсковай базы Ісфахану, гукі выбухаў былі чуваць з паўночнага ўсходу гораду. Паводле выдання, «горад і правінцыя Ісфахан – у нармальным стане». IRNA піша, што не зарэгістравалі ніякай шкоды ядравым ці іншым стратэгічным абʼектам у Ісфахане.

Іншае іранскае выданне, ISNA, піша, што паветраная абарона проста «нейтралізавала пранікненне дробных дронаў з невядомага пункту ў небе Ісфахану, і цяпер сітуацыя ў Ісфахане нармальная». Таксама і ў Тэбрызе паветраная абарона «адкрыла агонь, убачыўшы падазроны абʼект».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына праходзіць міма банера з выяваю ракетаў на вуліцы ў Тэгеране, Іран. 19 красавіка 2024 года.

Фота: AFP / East News

«Любая ракетная атака або вялікі выбух у Іране на гэты момант адназначна выключаныя», – піша выданне і адзначае, што звесткі пра атаку на Іран – фэйкі заходніх і ізраільскіх медыяў.

Агенцтва «Associated Press» канстатуе: пакуль ніводны іранскі чыноўнік афіцыйна не прызнаў, што Ізраіль нанёс удар па тэрыторыі Ірану. А іранскі аналітык у эфіры дзяржаўнага тэлебачання заявіў, што міні-дроны нібыта былі запушчаныя з тэрыторыі Ірану.

«Некалькі беспілотнікаў былі паспяхова збітыя паветранай абаронай краіны, інфармацыі пра ракетны напад пакуль няма», – заявіў прадстаўнік Іранскага касмічнага агенцтва Гусэйн Далір’ян у сацсетцы X.

Паводле «Reuters», высокапастаўлены іранскі чыноўнік паставіў пад сумнеў адказнасць Ізраілю.

«Замежная крыніца інцыдэнту не пацверджаная. Мы не атрымлівалі ніякай вонкавай атакі, і абмеркаванне больш схіляецца да пранікнення, чымся да атакі», – сказаў іранскі чыноўнік на ўмовах ананімнасці.

CNN зазначае, што ўлады Ірану, імаверна, спрабуюць прыменшыць шкоду ад атакі.

Што кажуць у Ізраілі

Ізраіль пакуль не прызнаў афіцыйна паветранага ўдару па Іране. Тым не менш міністр нацыянальнай бяспекі Ізраілю Ітамар Бэн-Гвір адрэагаваў на паведамленні пра ізраільскі ўдар па цэлях у Іране адным словам на сваёй старонцы ў сацсетцы X: «Слабенька».

Дэпутатка Кнесету Талі Готліў апублікавала больш вялізнае паведамленне ў X: «Добрай раніцы, паважаныя жыхары Ізраілю. Раніцы, калі высока і ганарліва ўзнятая галава. Ізраіль – моцная і магутная краіна. Мы вяртаем сабе стрымвальны патэнцыял». Пазней у эфіры радыёстанцыі «Kan Bet» дэпутатка падкрэсліла, што ейная публікацыя не ёсць фармальным прызнаннем адказнасці Ізраілю за ўдар па цэлях у Іране.

Былы кіраўнік ваеннай выведкі Ізраілю Амас Ядлін у сваю чаргу заявіў, што не валодае інфармацыяй пра атаку ў ноч на 19 красавіка, не ведае, якімі сродкамі яе ажыццявілі, і не можа казаць пра датычнасць Ізраілю да яе. Аднак, на ягоную думку, атака паказала ўразлівасць іранскіх вайсковых абʼектаў і тое, што ў будучыні можа быць ажыццёўлены значна больш магутны ўдар па гэтых абʼектах.

Чаго чакаць цяпер?

Як адзначыў у эфіры «Вось так» палітолаг, кіраўнік медыяцэнтру «По истине» Руслан Айсін, пакуль няясна, калі гэта быў удар Ізраілю, быў ён завяршальным ці будзе яшчэ серыя ўдараў. У тым ліку таму, што ў раёне Ісфахану месцяцца ядравыя аб’екты Ірану.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ратавальнікі разбіраюць завалы будынку, прыбудаванага да амбасады Ірану, праз дзень пасля ізраільскага авіяўдару па Дамаску, Сірыя. 2 красавіка 2024 года.

Фота: Louai Beshara / AFP / East News

«У прынцыпе можна лічыць гэта адказам Ізраілю. Калі на гэтым усё скончыцца, дык можна сказаць, што Ізраіль адказаў. Але так, каб не перабіраць. Калі на гэтым усё скончыцца, то гэта можа азначаць, што ўзаемныя абмены ўдараў паміж Іранам і Ізраілем вычарпаныя», – адзначыў у сваю чаргу ў каментары «Белсату» аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ілія Куса.

Эксперт нагадаў, што ЗША і еўрапейскія краіны прасілі Ізраіль не павялічваць рэгіянальнай эскалацыі. Тым не менш, падкрэсліў Куса, калі «будуць удары далей, то Іран будзе адказваць».

У любым разе магчымае спыненне гарачага супрацьстаяння паміж Тэль-Авівам і Тэгеранам не азначае, што спыніцца канфрантацыя Ізраілю з саюзнымі Ірану арганізацыямі: «Хізбулою», «Хамасам», хусітамі ды іншымі.

«Канфлікт будзе працягвацца, недзе ўзмацняцца. Тут у Ізраілю ніякіх абмежаванняў няма. Гэта той фармат, які паміж Ізраілем і Іранам шмат гадоў існуе, і ён усіх задавальняе. Хутчэй за ўсё Ізраіль будзе далей працягваць біць па іранскіх проксі ў розных краінах. У Сірыі і Ліване ў першую чаргу», – сказаў аналітык.

Таксама і Іран, паводле Кусы, будзе намагацца захоўваць сваю інфраструктуру ў краінах, суседніх з Ізраілем, каб захоўваць вайсковую лагістыку і працягваць пагражаць Ізраілю на некалькіх франтах, «схіляючы яго да саступак у Палестыне». Агулам, заявіў эксперт, Іран больш схільны да фармату менавіта проксі-вайны ў адрозненне ад Ізраілю.

«Але паколькі Ізраіль звязаны абмежаваннямі сваіх саюзнікаў, то пакуль такая будзе асіметрычная вайна», – сказаў Куса.

Варта адзначыць, што ў ноч інцыдэнту ў Ісфахане адбыліся атакі і на саюзнікаў Ірану. Гэтак, у Сірыі заяўлялі, што ВПС Цагалю атакавалі вайсковы аэрадром ат-Таляа ў раёне ас-Суўайда. Таксама і рэсурсы, звязаныя з праіранскімі шыіцкімі баевікамі ў Іраку, публікавалі здымкі ізраільскай ракеты, якая, паводле іх, упала ўжо на тэрыторыі Іраку. Ізраіль гэтых паведамленняў таксама ніяк не каментуе.

Нагадаем, што ў ноч на 14 красавіка Іран запусціў па Ізраілі больш за 300 дронаў-камікадзэ і ракетаў. Ізраіль пры дапамозе саюзнікаў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Іярданія) здолеў адбіцца: 99 % запушчанага было знішчана ў паветры, загінулых няма. Асноўная маса беспілотнікаў і ракетаў была перахопленая самалётамі яшчэ да таго, як яны дасягнулі ізраільскай паветранай прасторы.

Пасля іранскай атакі афіцыйныя асобы Ізраілю паабяцалі нанесці ўдар у адказ. Іран жа абяцаў яшчэ больш моцныя ўдары ў выпадку гэтага.

Аналітыка

Блізкі Усход на «нязведанай тэрыторыі». Якім будзе адказ Ізраілю на напад Ірану?

2024.04.15 19:23

Макар Мыш belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułBędzie kompleksowy remont ulicy
Następny artykułHołownia zirytował Tuska. Atmosfera w koalicji gęstnieje [KULISY]