A A+ A++

Я – не вельмі. Апошні раз мне гэта даводзілася рабіць у папраўчай калоніі №3 «Віцьба», і мне не спадабалася. Магу нават адказна заявіць, што прапанова папрацаваць бясплатна не выклікала рашуча ніякага энтузіязму ў маіх калегаў па гэтай своеасаблівай установе. Ніхто не рваўся да працоўных вяршыняў, але і адмовіцца было немагчыма, таму і калупаліся сяк-так «ад плота да абеду».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: gp.by

Зразумела, чаму прымусовая, адкрыта рабская праца з’яўляецца добрай традыцыяй беларускіх «папраўчых» устаноў, але што, акрамя прадугледжанай законам аплаты, павінна матываваць (пакуль) не асуджанага грамадзяніна да зʼяўлення на працоўным месцы сонечным суботнім днём?

Так, гэта я пра такі атавізм СССР, як суботнікі. Чарговы прызначаны на 20 красавіка – між іншым, акурат у 135-ю гадавіну нараджэння Адольфа Гітлера, таксама вядомага прыхільніка «навядзення парадку». Ды гэта так, пацешнае супадзенне.

Ды можна зразумець такія эпізадычныя бясплатныя напружанні сілаў у ленінскай Расеі мяжы 1920-х, адкуль яны, уласна, і родам. Па-першае, грамадзянская вайна, разруха і таму падобныя рукатворныя непрыемнасці. Па-другое, Уладзімір Ленін наогул не збіраўся плаціць грошай суграмадзянам. Творча перапрацаваная канцэпцыя Маркса прадугледжвала ў будучыні адмову ад грашовага абарачэння і жыццё па формуле «ад кожнага адпаведна здольнасцям, кожнаму па патрэбам». Насельніцтва гэтай будучыні пабойвалася, разумеючы, што «будуць рабаваць» і, у цэлым, у сваіх чаканнях не памылілася.

Зусім адмовіцца ад грошай не атрымалася, але звесці суграмадзян да становішча бязмоўнага быдла, якому трэба толькі часам падкідваць трохі ежы – цалкам. І традыцыя бясплатнай красавіцкай (і не толькі) працы тут была цалкам на сваім месцы.

Грамадзяне, вядома, не наракалі – не было ў іх такой опцыі, але адказвалі на гэтыя ініцыятывы адзіна магчымым чынам – сабатажам. Я памятаю свае школьныя суботнікі часоў СССР. Патрабаванне было адзіным – «адзначыцца». Прыбыць на месца, падняць пару паперак і можна было быць вольным. Грамадзянін зафіксаваны, задача выканана, справаздача здадзена.

Але і тут, пры ўсёй умоўнасці, была важная дэталь. Частка грамадзян, якая праводзіла свята бясплатнай прымусовай працы на працоўным месцы, павінна была натхняцца тым, што заробленыя ў гэты дзень грошы абавязкова будуць накіраваныя ў спецыяльны фонд дапамогі якому-небудзь Афганістану, Анголе ці сяброўскаму рэжыму Даніэля Артэгі ў Нікарагуа.

Даніэль, як ні дзіўна, усё яшчэ на месцы, і з задавальненнем бы прыняў ад беларусаў такую грашовую дапамогу, няхай і непараўнальную з памерамі савецкай дапамогі, але нешта не чуваць пра такія ініцыятывы. Сёння неяк здрабнела ўсё – і адказныя спецыялісты разам з прагрэсіўнымі рабочымі павінны натхняцца тым, што заробленыя імі сродкі будуць накіраваны на рэканструкцыю помніка «Дзецям – ахвярам вайны» на Гомельшчыне, цэнтру патрыятычнага выхавання ў раёне Кобрына і падтрыманне ў належным парадку помнікаў вайны ў Менску і абласцях.

Неяк так сабе… Я, вядома ж, даўно не бываў на беларускіх заводах, не наведваў цэхі і распранальні, але маю падазрэнне, што калі б у рабочых і спецыялістаў спыталі ў абстаноўцы, якая выклікае давер, не пад запіс: «Што вы думаеце наконт такога выкарыстання вашых грошай?», вялікая ды багатая мова суседняй краіны ўзбагацілася б новымі ідыёматычнымі выразамі, якія мудрагелістым чынам злучаюць паміж сабой аўтараў такіх ініцыятыў, жывёльны свет таго ж Кобрынскага раёну ды спецыфічныя назвы асобных дэталяў, якія апрацоўваюцца на дадзеным заводзе. Магчыма, нават, з’явіліся б новыя дзеясловы.

Суботнікі – гэта, вядома ж, глупства. Спроба стварэння бачнасці энтузіязму і напаўнення сэнсам сутнасцяў, якія даўно далі дубу. Але насельніцтва ў нас псіхічна здаровае і да такога гвалту прызвычаенае, таму адкажа на гэта, як і належыць, у дакладнай адпаведнасці з традыцыямі – ціхім сабатажам на працоўных месцах. Што, у цэлым, цалкам задаволіць і кіраўніцтва.

Галоўнае – зафіксаваць. Прыбыў? Распісаўся? Вольны! Да наступнага дня нараджэння.

belsat.eu / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułPrzejścia Ukraińców na stronę Rosjan
Następny artykułPatrick Wilson odbierze nagrodę „Pod Prąd” i osobiście powita gości Mastercard OFF CAMERA