A A+ A++

Што мне падабаецца ў паводзінах ураду Польшчы, як ураду здаровага чалавека, дык гэта тое, што адначасова з тым, як ідзе праца па недапушчэнні панікі сярод цывільных грамадзянаў («Хай прыходзяць і ўбачым, хто каго», кажа міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі) ідзе фонавая падрыхтоўка да таго, што пагрозы Лукашэнкі гэтым разам могуць быць рэальнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супрацоўнікі АМАПу перакрываюць дарогу падчас шэсця на Дзяды на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 лістапада 2020 года.

Фота: Stringer / TASS / Forum

Польскі ўрад без гучных анонсаў і надзявання прэзідэнтам Анджэем Дудам мундзіра, паціху рыхтуе інтэрнэт-рэсурсы да процідзеяння правакацыям, альбо ўварванню войска Лукашэнкі ці расейскага войска, альбо нейкім гібрыдным нападам. У сувязі з гэтым у мяне, і, мне здаецца, ва ўсіх беларусаў ёсць вялікая тэма для размовы, якая называецца «здрада» або «здрада Радзіме». Гэта сур’ёзнае абвінавачанне, у нас у Беларусі па гэтым артыкуле цяпер людзі дзесяцігадовыя тэрміны ў турмах атрымліваюць.

Неяк так сталася, што Лукашэнка і ягоныя прапагандысты захапілі гэты тэрмін, актыўна яго эксплуатуюць, а мы неяк нават і ў адказ сказаць нічога не можам. То бок, у нас чалавек, які незаконна захапіў уладу пры дапамозе збіцця дзясяткаў тысяч людзей і прымусовага высялення з краіны сотняў тысяч людзей, гэта як быццам і ёсць Радзіма. Як быццам Радзіма – гэта Лукашэнка і ягоныя сябры. А тыя людзі, што бясплатна абаранялі збітых беларусаў, дапамагалі грашыма, лячылі, кармілі, хавалі ад бандытаў – гэта як быццам здраднікі Радзімы.

У нейкі момант гэта стала так незаўважна, што нават звыкла.

Цяпер хочацца звярнуць увагу на тое, што радзіма – гэта не кіраўнік дзяржавы. Гэта не Лукашэнка, не Машэраў, не Кебіч, не Шушкевіч і не Ціханоўская. Радзіма – гэта не краявіды, не бярозкі, не Горадня і не Магілёўшчына. Гэта не дзяржаўная мяжа, не Нарач і не Полацкая Сафія. Радзіма – гэта 9 млн беларусаў. Радзіма – гэта, у першую чаргу, тыя, хто робіць нешта, каб гэтым дзевяці мільёнам жылося не так балюча і страшна, як мы прывыклі жыць у апошнія гады.

Дык вось, мне хочацца зараз звярнуцца да тых у беларускай міліцыі і беларускім войску, хто там яшчэ жывы і разумны:

Калі вы атрымлівалі ад дзяржавы кватэры і льготныя крэдыты, вы атрымлівалі іх і ад мяне ў тым ліку. Я плаціў падаткі, з якіх вы гэта атрымлівалі. Я гэтыя грошы зарабляў, падаткі з іх плаціў, і вы з гэтых грошай атрымлівалі нейкія фінансавыя выгоды. Вы сыходзілі на пенсію ў 40 гадоў, атрымлівалі льготы і медыцынскую дапамогу. За што? За тое, каб берагчы краіну ад небяспекі, за тое, каб у нейкі цяжкі момант стаць на яе абарону.

Дык вось ён, гэты момант, надышоў. Нават не цяпер, а яшчэ раней, калі Лукашэнка аддаў свой народ, аддаў сваю краіну і вырашыў застацца ва ўладзе коштам забойства дзясяткаў тысяч сваіх грамадзянаў, коштам збіцця, кідання ў турмы і выгнання з краіны тысяч беларусаў.

Гэта трэба было зрабіць у 2020 годзе, гэта трэба было зрабіць у 2022 годзе, калі Лукашэнка дзеля ўтрымання сваёй улады аддаў нашу краіну як плацдарм для нападу на Украіну, якая нічога кепскага нам не зрабіла.  Але вы і тады нічога не зрабілі. Вы проста заткнулі свае языкі ў тое месца, на якім сядзіце ў мяккіх крэслах.

Hавiны

Ваяваць не хочам, але да вайны рыхтуемся. Лукашэнка заявіў пра «падрыхтоўку адпаведных фармаванняў»

2024.04.02 14:17

Цяпер Лукашэнка абяцае ўцягнуць у вайну нашу краіну, дзе больш за ўсё загінула людзей у час Другой сусветнай адносна агульнай колькасці насельніцтва. Дзеля чаго?

Каб зноў утрымаць уладу і грошы. Каб сваю сям’ю пакінуць пры паўнамоцтвах. Ён гатовы ладзіць правакацыі на межах з Польшчай і Літвой, якія не толькі нічога кепскага нам не рабілі, але яшчэ і далі прытулак нашым людзям, якія беглі са сваёй краіны, далі ім дапамогу, магчымасць вывучыць мову, абарону закону, якой яны не маглі атрымаць у сваёй краіне.

І вось ён гатовы на гэтыя краіны нападаць і забіваць іх грамадзян, і адкрыта пра гэта кажа. І міністры гэтых краінаў не ўспрымаюць гэтага як нейкага глупства, бравады ці блефу, яны сур’ёзна рыхтуюцца да вайны, нарошчваюць свой абаронны бюджэт, раскансервоўваюць свае ваенныя запасы, мяняюць ваенныя планы і стратэгіі, запускаюць інтэрнэт-рэсурсы для дапамогі сваім грамадзянам.

Дык вось, я звяртаюся да ўсіх беларусаў, якія ўвесь гэты час атрымлівалі дадатковыя грошы, кватэры, крэдыты, ільготы, пенсіі за тое, што яны павінны абараняць Беларусь і беларускі народ:

Цяпер ваш час, цяпер вы павінныя выступіць, зрабіце што-небудзь, апраўдайце хоць неяк сваё існаванне! Калі вы гэтага не зробіце цяпер, значыць, усё, што вас чакае – гэта вечная ганьба.

Цяпер трэба зрабіць усё магчымае, каб спыніць яго. Усё, што заўгодна, каб не распаўсюдзіць вайны на нашую краіну. Для гэтага прыйдзецца рызыкаваць сваёй кар’ерай. Магчыма, для гэтага прыйдзецца рызыкаваць сваёй свабодай. Магчыма, для гэтага прыйдзецца рызыкаваць сваім здароўем і жыццём. І ведаеце што? Мы, беларусы, маем права гэтага ад вас патрабаваць.

Сотні тысячаў з нас гэта ўжо зрабілі, не маючы ад дзяржавы нічога! Рызыкавалі і рызыкуюць жыццём, здароўем, свабодай, блізкімі, не маючы і дзясятай часткі вашых бонусаў і ільготаў. Пазбаўляючыся маёмасці і магчымасці бачыць родных. Мы маем права гэтага ад вас патрабаваць, бо мы самі гэта рабілі, і таму што мы ўвесь гэты час вам за гэта плацілі.

Так, вам прыйдзецца страціць частку даходаў, маёмасці. Ваша жыццё ніколі не будзе ранейшым. Яно будзе нашмат цяжэйшае. Але, калі ў чалавека ёсць зброя, значыць, ён даваў клятву абараняць Радзіму нават коштам свайго жыцця. Ці гэтыя словы нічога не значаць?

Радзіма – гэта паспяховае мірнае жыццё беларусаў. Абараняць радзіму цяпер – стаць супраць Лукашэнкі, які гэтае жыццё знішчае. Устаць супраць Лукашэнкі, супраць якога і так выступае большасць беларусаў, і вы пра гэта выдатна ведаеце.

Калі вы гэтага зараз не зробіце, я лічу, што маю поўнае права назваць вас здраднікамі Радзімы. Вы – здраднікі Радзімы, тыя, хто цяпер са зброяй у руках носіць герб Лукашэнкі і сцяг Лукашэнкі, а не тыя беларусы, якія, ратуючыся ад смерці і несправядлівай турмы, ад збіцця і катаванняў, беглі ў іншую краіну, і не тыя запалоханыя вашымі саўдзельнікамі, што перасталі адкрыта казаць пра свае палітычныя погляды, седзячы ў краіне ў страху.

Вы – здраднікі Радзімы, але ў вас ёсць шанец перастаць імі быць.

Я вельмі хачу, каб такіх людзей, якія ў нейкі момант памянялі свае погляды і перайшлі з лагера зла на бок дабра, стала як мага больш.

Як кажа Біблія, горад выстаіць, калі ў ім ёсць 10 праведнікаў. Дык вось, наша краіна можа быць выратаваная толькі калі здраднікаў сярод людзей у мундзірах стане нашмат менш. У адваротным выпадку нас не чакае нічога добрага.

Стаць на абарону Радзімы цяпер – гэта стаяць на баку Украіны. Калі спатрэбіцца – Літвы і Польшчы. Усяго цывілізаванага свету. Лукашэнка і Пуцін не могуць выйграць гэтае вайны. Пытанне ў тым, колькі жыццяў яны яшчэ паспеюць загубіць. Для вас гэта пытанне, ці хочаце вы загінуць разам з імі цяпер, і стаць разам з імі здраднікамі Радзімы.

Выканайце прысягу, абараніце Беларусь.

Меркаванні

Калі заўтра вайна

2024.04.02 15:31

belsat.eu / ЮК

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułNa terenie kopalni Bełchatów powstanie tor. To pierwszy taki obiekt w Europie
Następny artykułOtwarcie budynku Kenara po remoncie (zdjęcia)