A A+ A++

2 красавіка Андрэй Ягораў і Вольга Павук, спікер і віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады, разам з Паўлам Ліберам, які прадстаўляе «Голас» і «Новую Беларусь», правялі прэс-канферэнцыю і заявілі, што выбары ў Каардынацыйную раду трэцяга склікання адбудуцца 25 траўня. Навошта гэта трэба?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сузаснавальнік праекту «Новая Беларусь» Павел Лібер прадстаўляе журналістам вынікі першага года працы праекту. Варшава, Польшча. 1 снежня 2023 года.

Фота: Таццяна Верамеева/ Белсат

Навошта гэта трэба сёння, у часы рэакцыі, рэпрэсіяў і ўсеагульнай дэпалітызацыі, уцёкаў «на кухні», у сваё асабістае, сацыяльнае жыццё? Дэмакратыя ў Беларусі скончылася 30 гадоў таму. У нас вельмі і вельмі даўно адсутнічае такі досвед, калі можна выбраць свайго прадстаўніка, нешта яму даручыць і запатрабаваць выканання, а калі не спадабалася – памяняць на іншага.

Нават нашыя дэмакратычныя паводле назвы структуры неяк вельмі хутка ператвараюцца ў закрытыя арганізацыі з нязменнымі лідарамі. З’яўляецца ў іх нешта, што няўлоўна нагадвае іх таталітарных супернікаў.

Вірус нейкі, бадай. Таму варта паспрабаваць дзейнічаць неяк інакш. Тым больш што ў выпадку адносна паспяховага правядзення гэтых выбараў Каардынацыйная рада будзе адзіным прадстаўнічым органам беларускіх грамадзянаў. Іншага ж папросту няма.

Ёсць «нібыпарламент», у які ніхто і нікога не выбіраў, ёсць нікому цяпер не патрэбны УНС, дзе таксама спрэс адказныя дзяржслужбоўцы з выключна сумным, да зяўкоў, патрыятычным выразам аблічча. А органу, структуры, што сапраўды прадстаўляе інтарэсы жывых, не з тэлевізара, беларусаў, проста няма.

Ці будуць гэтыя выбары бяспечнымі і празрыстымі, ці можна будзе давяраць іх вынікам? Супярэчлівае спалучэнне патрабаванняў. Аднак да каманды, што рабіла «Голас», не было ніводнага пытання. Яна не дапусціла ні зліваў асабістых звестак, ні падазрэнняў у маніпуляцыі думкамі грамадзянаў. І калі гэтыя ж людзі бяруцца за такую складаную задачу, дык якая прычына ім не давяраць?

Ці будуць выбары канкурэнтнымі? Краем вока назіраючы за намаганнямі розных групаў у фармаванні сваіх уласных перадвыбарных спісаў, я бачу як мінімум 5-7 групаў актывістаў, якія актыўна займаюцца рэкрутацыяй кандыдатаў. Ужо не ведаю, наколькі гэта будзе паспяхова, але я прадказаў бы конкурс, ніяк не меншы за тры асобы на месца. І гэта пры поўным разуменні таго, што сам удзел у такой справе прадугледжвае крымінальны пераслед у Беларусі, гадоў гэтак да пятнаццаці ўзмоцненага рэжыму.

Якая будзе яўка? Гэтага не ведае ніхто. І няма ніякай падставы, сацыялогіі, якая дазваляе нешта больш-менш кваліфікавана сцвярджаць. Я нават рызыкнуў бы сцвярджаць, што яўка як такая не мае значэння. Прагаласуюць 10, 50 або 500 000 чалавек – усё адно крытыкі гэтых выбараў будуць сцвярджаць: «Ну гэта ж усяго 0,1 %, 1 %, 10 % ад агульнай колькасці выбарнікаў». Такая крытыка будзе гучаць у любым выпадку, бо за сам удзел у галасаванні нібыта не прадугледжаная крымінальная адказнасць у Беларусі.

Сёння ўжо гучаць лічбы нейкага мінімальнага парогу, неабходнага для «прызнання вынікаў». І 5000, і 10, і 50. Мяркую, вынік будзе значна вышэйшы.

Проста таму, што людзі, беларусы, хочуць уплываць на тое, што адбываецца. І канкурэнцыя (хай і вельмі абмежаваная) паміж палітычнымі суб’ектамі за ўвагу выбарнікаў – гэта найлепшы спосаб падтрымаць гэтую цікавасць. Тым больш што беларусаў, якія перабываюць у адноснай бяспецы, можна налічыць сотні тысячаў.

Які будзе «партыйны склад» новай Каардынацыйнай рады? А вось тут – белая пляма. Здаецца, што каманда Паўла Латушкі валодае значнай публічнай вагой і здольная да дамінавання, аднак і публічная пазнавальнасць, сімпатыя палітычна матываваных гледачоў да Вадзіма Пракоп’ева – таксама вялікая. А ёсць яшчэ і «Кіберпартызаны», і беларускія добраахвотнікі, і «старыя» партыйцы. Цяпер гісторыя непрадказальная, непрагназаваная. І, мне здаецца, шмат што залежыць ад таго, ці ўдасца супернікам выйсці за рамкі «ядра пратэсту», прыцягнуць да актыўнасці іншыя аўдыторыі.

Навошта гэтыя выбары патрэбныя палітычным суб’ектам? Адказ на гэтае пытанне вельмі просты. Яго можна адсачыць на прыкладзе Аляксандра Азарава з каманды «BYPOL». Сёння ўся легітымнасць тых ці іншых палітычных і грамадскіх дзеячаў вызначаецца ўзаемадачыненнямі з прэзідэнткаю-элект Святланай Ціханоўскай. Гэты адзіны тып легітымнасці, прызнання за 3,5 года пачаў моцна ціснуць у плячах занадта шмат каму, і выбары ў Каардынацыйную раду могуць дазволіць атрымаць уласнае прызнанне, самастойнасць у магчымасці публічных дзеянняў.

Што ў выніку? Карыснаю будзе новая Каардынацыйная рада – ці бессэнсоўнаю? Я не ведаю, залежыць ад здольнасці да супольных дзеянняў тых людзей, якіх выберуць беларусы сваімі прадстаўнікамі. І ад таго, як будуць ад іх патрабаваць выканання ўласных даручэнняў. Ніякага іншага сэнсу існавання такой прадстаўнічай структуры і няма.

Я сапраўды не ведаю адказу на гэтае пытанне. Я не ведаю будучыні. Але ўпэўнены, што варта паспрабаваць, нават у гэтае ліхалецце, у гэтую эпоху недаверу. Чым мы рызыкуем? Не атрымаецца – пераробім і паспрабуем яшчэ раз. Яшчэ раз – пакуль не атрымаецца.

belsat.eu / ЮК

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykuł1,5 mln zł kary dla importera zafałszowanych produktów z Ukrainy
Następny artykułNiemal sześciu kandydatów powalczy o mandat do Rady Miasta Zambrów