У ноч на 22 траўня грамадзянка Беларусі прыйшла ў варшаўскую лякарню з вельмі знясіленым дзіцём: двухмесячнае немаўля важыла 1,5 кг, калі нармальная вага ў такім узросце – больш за 5 кг. У судзе «Белсату» расказалі, што дзіця забралі, а бацькоў не затрымлівалі.
Што здарылася
Пра здарэнне раней паведамлялі наступнае: у ноч на 22 траўня ў лякарню на вуліцы Каперніка ў Варшаве прыйшлі маці (грамадзянка Беларусі) і бацька (як выявілася пазней, грамадзянін Украіны) з дзіцём векам каля 10 тыдняў. На целе дзіцяці заўважна выступалі косткі.
Доктар паставіў дыягназ: дзіця моцна знясіленае і галоднае. Бацькі выслухалі лекара, забралі дзіця і з’ехалі. На іхныя пошукі выправілі некалькі атрадаў паліцыі. Бацькоў адшукалі, яны былі ў стане алкагольнага ап’янення (каля 1 праміле ў выдыханым паветры). Дзіця даставілі ў шпіталь.
Бацькам выставілі абвінавачванне паводле артыкулу за паддаванне дзіцяці небяспецы (§ 2 арт. 160 Крымінальнага кодэксу Польшчы), ім пагражае ад 3 месяцаў да 5 гадоў пазбаўлення волі. Далейшыя дзеянні ў справе праводзіць IV штаб нацыянальнай паліцыі з Бэмова і пракуратура, пра справу паведамілі сямейнаму суду.
Пазней журналісты назвалі імёны падазраваных бацькоў: 40-гадовая грамадзянка Беларусі Кацярына Г. і 41-гадовы грамадзянін Украіны Сяргей З. За імі выставілі паліцэйскі нагляд, забралі пашпарты і забаранілі пакідаць краіну. На дзень 29 траўня дзіця было ў шпіталі ў аддзяленні паталогіі немаўлятаў.
Што расказаў суд
Інспектар аховы звестак раённага суда раёну Варшава-Воля Лукаш Ціхоўскі расказаў «Белсату», што трывае справа аб абмежаванні ці пазбаўленні бацькоўскіх правоў. 23 траўня была вынесеная пастанова аб наданні абароны дзіцяці: яго змясцілі ў прыёмную сям’ю да сканчэння следчых працэдураў.
У секцыю падрыхтоўчага вядзення суда не паступалі запыты на ўжыванне мераў стрымання, дадаў прадстаўнік суда.
Імаверна, маці бачылі ў амбасадзе
Чытачка «Белсату» расказала, што нядаўна бачыла ў амбасадзе Беларусі ў Варшаве жанчыну з дзіцём у сарафане і красоўках, як на відэа выдання «Miejski Reporter». Дзіця тады было загорнутае ў руды ручнік. Паводле чытачкі, жанчына збіралася зрабіць дзіцяці даведку для ўезду ў Беларусь:
«Жанчына была цвярозая. І ў машыне аднаго хлопца, які стаяў з намі ў чарзе, нават карміла малога. Але расказвала дзіўныя рэчы: калі зацяжарала, яе звольнілі з працы, а калі нарадзіла, да яе ніхто не прыходзіў на патранаж. Страхоўкі няма, таму збіралася з’ехаць. Магчыма, сапраўды ў яе цяжкая сітуацыя. Яна ў амбасаду ехала з трыма перасадкамі, грошай на таксі не было».
Чытачка дадала, што вельмі расхвалявалася, калі пабачыла навіну пра дзіця і пазнала маці паводле адзення на відэа. Кажа, паверыла ёй, калі слухала ейную гісторыю ў амбасадзе.
У Facebook-суполцы беларусаў Варшавы нядаўна былі пытанні адносна дакументаў для дзяцей для выезду ў Беларусь, але прыходзілі яны ад ананімных карыстальнікаў.
Hавiны
Сейм Польшчы прыняў змены ў закон пра дапамогу ўкраінцам. Закране ён і беларусаў
2024.05.16 18:40
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS