A A+ A++

Шэсць месяцаў няпэўнасці для Украіны нарэшце завяршаюцца: ЗША разблакавалі ваенную дапамогу і верагодана, што хутка Украіна атрымае жыццёванеабходную зброю.  Адпаведны законапраект можа патрапіць на стол прэзідэнта Джо Байдэна ўжо ў аўторак, 23 красавіка. Разбіраліся, што ўваходзіць у новы пакет дапамогі Украіне, чаго цяпер варта чакаць на фронце і ці пераломіць гэтая дапамога сітуацыю ў вайне.

Актывісты, якія падтрымліваюць Украіну, выйшлі з плакатамі да будынку Капітолію ў Вашынгтоне ў той час як Палата прадстаўнікоў рыхтуецца да галасавання па пытанні адабрэння ваеннай дапамогі Украіне, Ізраілю і іншым саюзнікам ЗША. Вашынгтон, ЗША. 20 красавіка 2024 года.

Фота: J. Scott Applewhite / AP Photo / East News

Што дасць пакет дапамогі ЗША Украіне

Ніжняя палата Кангрэсу ЗША прыняла закон аб прадастаўленні ваеннай дапамогі Украіне ў памеры 61 млрд долараў. Сродкі Украіна атрымае не толькі грашыма.

23, 2 млрд долараў пойдуць на папаўненне запасаў арміі ЗША, якія Украіне перададуць у далейшым. 13,8 млрд долараў сыдзе на закупку ўзбраення для непасрэднай перадачы, 11,3 млрд долараў – на «бягучыя ваенныя аперацыі ЗША ў рэгіёне» і 9,5 млрд долараў на крэдыты, якія могуць быць спісаныя.

Дастаўка дапамогі пачнецца неадкладна пасля зацвярджэння закона Сенатам і падпісання прэзідэнтам. Частка ўзбраення ўжо падрыхтавана на складах.

Кангрэс ЗША з восені не мог ухваліць выдзяленне Украіне ваеннай дапамогі з-за рознагалоссяў паміж рэспубліканцамі і дэмакратамі. Да гэтага часу ЗША заставаліся галоўным донарам Украіны. Са студзеня 2022-га аб’ём ваеннай дапамогі Кіеву склаў больш за $ 45 млрд, або € 42 млрд. Для параўнання: ваенныя пастаўкі ФРГ за гэты тэрмін – у два з паловай разы меншыя. У апошні раз фінансаванне ад Вашынгтона ў памеры 250 млн долараў Кіеў атрымліваў у снежні 2023 года.

«Дапамога ад ЗША дасць магчымасць Украіне перахапіць ініцыятыву на фронце, а таксама дасць шанец на перамогу ў вайне. Але пры ўмове, што Украіна атрымае на гэтыя грошы тую дэфіцытную зброю, якая патрэбная для адпору ворагу. Гэта і артылерыя, і стратэгічная, і дальнабойная зброя – тое важнае, што дазволіць не губляць людзей на фронце», – заявіў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу NBC. Прэзідэнт Украіны падкрэсліў важнасць гэтага рашэння і падзякаваў амерыканскім уладам і ўсяму амерыканскаму народу.

Законапраект павінен патрапіць на стол прэзідэнта Джо Байдэна ўжо ў аўторак, 23 красавіка. Міністэрства абароны ЗША можа «вельмі хутка» даставіць зброю ва Украіну. Аб гэтым на мінулым тыдні заявіў прадстаўнік Пентагону Пэт Райдэр. Некаторая частка абсталявання можа быць ужо ў дарозе да канца тыдня, заявіў дэмакрат Марк Уорнер, старшыня сенацкага камітэту па разведцы, у нядзельнай праграме CBS «Тварам да нацыі». Раней Кіеву адмаўлялі ў гэтай зброі з прычыны яго недахопу ў самай амерыканскай арміі. Акрамя гэтага, спікер Пентагону паведаміў выданню «Polityka», што ЗША могуць накіраваць ва Украіну 60 вайсковых дарадцаў. Іх місія – дапамагаць з лагістыкай і ў абслугоўванні пастаўляемай зброі.

Hавiны

ЗША могуць накіраваць ва Украіну дадатковых вайсковых дарадцаў

2024.04.21 12:37

Што дасць гэты пакет дапамогі? Як піша The Wall Street Journal, хутчэй за ўсё, у яго ўвойдуць сістэмы супрацьпаветранай абароны, ракеты (у тым ліку дальнабойныя тактычныя ракеты ATACMS для РСЗА HIMARS) і артылерыйскія снарады. Пасля пастаўкі Кіеву самалётаў F-16 краінамі Еўразвязу ЗША напэўна будуць забяспечваць машыны дарагімі боепрыпасамі і запчасткамі. Таксама ЗСУ патрабуецца радыкальна нарасціць сілы дальнабойнай супрацьпаветранай абароны (СПА) – каб супрацьстаяць расейскай авіяцыі. Адзіны даступны Захаду варыянт рашэння гэтай задачы – пастаўкі комплексаў СПА Patriot. З прыбыццём дапамогі Украіна зможа супрацьстаяць перавазе Расеі ў паветры, парушыць лініі забеспячэння і запаволіць прасоўванне расейскіх войск на фронце.

Першая мэта – Крымскі мост і глыбокі тыл Данецкай вобласці

Пакуль зброя яшчэ не паступіла ва Украіну, Расея ўзмоцніць напады на фронце. Такі прагноз далі аналітыкі амерыканскага інстытуту вывучэння вайны. Ці сапраўды расейскае войска вырашыцца на наступ, пакуль амерыканская дапамога не падаспела?

«Націск трэба чакаць на тых участках фронту, дзе ўжо вядуцца наступальныя дзеянні. Гэта кірункі Часаў Яр, Аўдзееўскі і Вугледар, гэта значыць Данбас. Таксама Расея будзе спрабаваць атакаваць Харкаў, Харкаўскую вобласць з боку Белгародскай вобласці. Украіна рыхтуецца даваць адпор: умацоўвае сваю лінію абароны. Цяпер Украіна чакае падмацавання ў выглядзе паставак зброі ад ЗША і Еўропы. Расеі варта было б адмовіцца ад сваіх наступальных планаў, бо сітуацыя зараз змянілася для іх не ў лепшы бок.

Цяпер у Украіны будзе дастаткова сродкаў, каб арганізаваць расейцам «гарачы прыём». Так што для расейскага войска складаюцца не вясёлкавыя перспектывы, хоць тактычныя поспехі яшчэ магчымыя, дзесьці яны могуць рушыць наперад, але дасягнуць стратэгічнага прарыву (захапіць Харкаў, вялікія гарады або ўсю Данецкую вобласць) ім падчас гэтага наступу не атрымаецца», – сказаў у каментары «Белсату» аналітык Цэнтру ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка.

Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвʼю Washington Post заяўляў, што хоча атрымаць дальнабойныя ракеты, каб наносіць удары па Крыме. Наш суразмоўца таксама адзначае, што дальнабойная зброя будзе накіраваная найперш на дэмілітарызацыю Крыму. Першая мэта – Крымскі мост.

«Для таго, каб сарваць наступленне расейскіх войскаў, вельмі важна паражэнне ў тыле, каб не даць ім магчымасці разгортваць свае сілы і падцягваць іх да лініі баявога сутыкнення. Гэта можна рабіць, толькі пашкоджваючы і знішчаючы лагістыку суперніка. Крымскі мост зʼяўляецца менавіта такой мэтай. Мы чакаем, што ў пачатку траўня мост будзе выкарыстоўвацца для перакідання ваеннай тэхнікі – танкаў, артылерыі, гэта значыць чыгунка будзе працаваць на ваенныя патрэбы. Акрамя гэтага, могуць быць цікавыя для іх цэлі ў глыбокім тыле Данецкай вобласці. Украіна не будзе выкарыстоўваць гэтыя ракеты па тэрыторыі Расеі, бо ёсць такія абмежаванні ад ЗША», – адзначыў эксперт.

Падлеткі сядзяць на Прыморскім бульвары і глядзяць на дым ад расейскага ракетнага ўдару па марскому порту «Паўднёвы» ў Адэскай вобласці, Украіна. 19 красавіка 202 года.

Фота: Viacheslav Onyshchenko / Zuma Press / Forum

Разам з тым, выданне Bloomberg піша, што цяперашняе развязанне пытання дапамогі ЗША дае выратавальны круг для ўкраінскіх узброеных сіл, але само па сабе яно наўрад ці зможа пераламаць сітуацыю на полі бою. Многае будзе залежаць ад таго, як хутка дапамога ЗША зможа дабрацца да лініі фронту. Паколькі прыняцце пакета мер у кангрэсе застопарылася на шэсць месяцаў, кіеўскія вайскоўцы сутыкнуліся з вострым недахопам боепрыпасаў і жывой сілы.

У каментары навуковага супрацоўніка Нацыянальнага інстытуту стратэгічных даследаванняў у Кіеве Мікалая Беляскова гаворыцца, што гэтая дапамога дае перадышку украінскім узброеным сілам. Аднак для далейшага развіцця неабходна дадатковая дапамога, а гэта цяжкая перспектыва ў ЗША з-за супраціўлення рэспубліканцаў у кангрэсе. Такім чынам, ЗСУ не змогуць у бліжэйшы час стварыць магутную наступальную групоўку і пераламіць ход вайны ў свой бок.

Ёсць і фізічныя абмежаванні для нарошчвання дапамогі: так, летні наступ ЗСУ забяспечваўся ў значнай ступені пастаўкамі артылерыйскіх снарадаў з Паўднёвай Карэі (за грошы ЗША). Нарошчванне ж вытворчасці снарадаў у самой Амерыцы ідзе – па плане – павольна. У 2024 годзе заводы ЗША і ЕЗ усё яшчэ не змогуць задаволіць патрэбнасці Украіны.

Выданне Finansial times у сваю чаргу заяўляе, што перададзеная дапамога пакуль не зможа дапамагчы Украіне цалкам адбіць расейскую агрэсію, але зможа істотна запаволіць расейскі наступ.

Аналітыка

Крызіс заходняй дапамогі: якую зброю чакае Украіна і колькі яшчэ можа без яе пратрымацца?

2024.03.11 06:00

Вайна не завершыцца на працягу года ці нават двух

«З разблакіроўкі дапамогі ЗША Украіне пачынаецца новы этап вайны, які працягнецца да лютага-сакавіка 2025 года. Ключавой кропкай тут будзе момант, калі новая амерыканская адміністрацыя пасля лістападаўскіх выбараў у ЗША будзе прымаць новыя рашэнні ў сваёй стратэгіі падтрымкі Украіны», – сказаў у каментары «Белсат» палітолаг Аляксандр Марозаў.

Гэтыя 10 месяцаў будуць напоўнены падзеямі. Так, у чэрвені пройдзе саміт свету ў Швейцарыі – вельмі важная падзея, якая звязана з глабальнай падтрымкай Украіны.

«Затым у ліпені адбудзецца саміт НАТА ў Вашынгтоне. Ён пройдзе ў асаблівай атмасферы: падчас затрымкі дапамогі ЗША адбылася вялікая кансалідацыя ў Еўропе. Вялікая група асноўных краін не толькі шукала магчымасць падтрымаць Украіну, але і вяла кансультацыі, як далей можа будавацца падтрымка Украіны ў выпадку, калі амерыканская дапамога ў далейшым зменшыцца», – адзначыў эксперт.

Што варта чакаць зараз ад Расеі? Па словах нашага суразмоўцы, з боку Крамля гучаць тры тэмы. Першая – стварэнне санітарнага калідора. Расея будзе нейкім чынам спрабаваць здушыць украінскія вайсковыя магчымасці па нанясенні ўдараў па расейскіх тэрыторыях. Другое – гэта спробы Крамля ваенным чынам выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай вобласці. Аднак Украіне пра гэта вядома, яна даволі паспяхова стрымлівала Расею з кастрычніка 2023 года.

Артылерысты 43-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ абстрэльваюць расейскія пазіцыі з 155-мм самаходнай гаўбіцы 2С22 «Багдана» у Харкаўскай вобласці, Украіна. 21 красавіка 2024 года.

Фота: Anatolii Stepanov / AFP / East News

«Трэці момант – Крэмль не адмаўляецца ад ідэі давесці рэжым Зяленскага да дэстабілізацыі. Гэтая стратэгічная мэта таксама застаецца на парадку дня. І менавіта па гэтых трох напрамках варта чакаць далейшых дзеянняў Расеі», – канстатуе Аляксандр Марозаў.

За шэсць месяцаў нявызначанасці ў Еўропе пачалі гучаць галасы, што гэты пакет дапамогі ЗША можа стаць апошнім. Рэспубліканцы і да, і падчас абмеркавання пакета дапамогі Украіне ставілі пытанне аб тым, як павінна быць сфармуляваная глабальная стратэгія ў дачыненні да гэтай вайны далей.

«Вайна працягваецца два гады, дайшла да пэўнай кропкі, калі ў значнай ступені маецца вайсковы парытэт. З аднаго боку, расейскае войска не можа прасунуцца, і Пуцін не дамагаецца сваіх мэт. З іншага боку, Украіна не можа арганізаваць маштабнае контрнаступленне, якое прывяло б да істотнай змены ходу вайны. Гэта ставіць рэальную праблему і будзе абмяркоўвацца ў ЗША і надалей», – упэўнены эксперт.

Паводле яго слоў, у Еўропе таксама чуюць гэтую праблему. У гэтыя 6 месяцаў у Еўропе была прадэманстравана вялізная салідарнасць з боку Францыі, Германіі, Чэхіі, Польшчы, краін Балтыі.

«Таму неабходна доўгатэрміновая стратэгія ў гэтым пытанні. Ёсць сцэнар, пры якім амерыканская дапамога можа скараціцца. Цалкам яна не спыніцца, бо для амерыканскіх уладаў «пуцінізм» як глабальная пагроза не прымальная. Пытанне толькі, у якім абʼёме будзе гэтая дапамога і па якой логіцы», – адзначыў наш суразмоўца.

Украіна ў сваю чаргу за паўгода прадэманстравала вялікі ўзровень устойлівасці і вялікія дасягненні, напрыклад, у дронавай вайне.

«Самае галоўнае – ніякі расейскі прарыў за гэты час не адбыўся. Гэта ўсё ўплывае на далейшае разуменне вайны. Але, на жаль, тое, як усё складваецца, не дае нам падстаў спадзявацца, што вайна завершыцца на працягу года ці нават двух», – рэзюмаваў Аляксандр Марозаў.

Разбор

У ЗША нарэшце запланавалі галасаванне за дапамогу Украіне і Ізраілю. Што ў праектах

2024.04.18 14:26

Ася Саковіч belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułWłosi piszą tylko o jednym
Następny artykułMistrzyni świata zmieniła branżę. Znowu święci sukcesy