У апошнія гады ледзь не кожнае лета ў Беларусі тэмпература павета б’е папярэднія «рэкорды», спёка змяняецца навальніцамі, залевамі, моцнымі вятрамі, якія часам ператвараюцца нават у зусім нетыповае для нашага рэгіёну тарнада. Што гэта – часовыя выпадковыя з’явы ці ўсё ж прыкметы змянення клімату? Ці можна гэты працэс спыніць, ці нам трэба адаптавацца да непрадказальнасці надвор’я? Як усе гэтыя працэсы адаб’юцца на эканоміцы нашай краіны і здароўі беларусаў? І якое дачыненне да клімату мае вайна ва Украіне? Шукаем адказы на пытанні разам з прадстаўніцай «Зялёнай сеткі», кліматычнай эксперткай Ірынай Панядзельнік.
Ці сапраўды клімат змяняецца?
Экстрэмальныя з’явы надвор’я, рост колькасці і інтэнсіўнасці якіх назіраецца ў апошнія дзесяцігоддзі не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце, – самая яскравая прыкмета змянення клімату, кажа Ірына Панядзельнік:
«Гэта пачалося не сёлета. Напрыклад, «Хаўер» у 2013 годзе ў Беларусі – як раз моцны доказ таго, што адбываецца з кліматам. Сюды можна аднесці таксама снег у чэрвені, моцныя засухі, ураганы і трапічныя залевы, неўласцівыя для нашай тэрыторыі».
Змяненне клімату – гэта навуковы факт, як і тое, што яго крыніца – антрапагенны ўплыў, падкрэслівае экспертка:
«Ёсць такі міф, што чалавек не можа ўздзейнічаць на клімат, аднак насамрэч менавіта праз уздзеянне чалавека і ягонай дзейнасці адбываюцца кліматычныя змяненні, і кансэнсус у гэтым пытанні сёння маюць больш за 95 – 97% навукоўцаў. Ёсць такая навука – гляцыялогія, якая вывучае глыбокія слаі леднікоў, і па іх вызначае выкіды СО2 у розныя перыяды гісторыі зямлі. Дык вось, даказана, што з развіццём прамысловасці і індустрыялізацыі гэтыя выкіды вельмі значна і рэзка павялічыліся. А выкіды СО2 – гэта адна з галоўных прычын глабальнага пацяплення».
Паводле Ірыны, змяненні клімату сёння вывучае адмыслова створаная міжнародная міжурадавая група навукоўцаў IPCC (The Intergovernmental Panel on Climate Change), і з яе высновамі можа азнаёміцца любы ахвочы.
«Эксперты пастаянна манітораць тэмпературы, і яны даказалі, што адбываецца глабальнае пацяпленне, і што гэта таксама не міф. Цяпер штогод б’юцца тэмпературныя рэкорды, – кажа экспертка. – Мінулы год стаў самым спякотным за ўсю гісторыю назіранняў, былі пабітыя ўсе тэмпературныя рэкорды на планеце. Эксперты Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі прадказваюць, што бягучы год можа быць яшчэ цяплейшым. Відавочна, што на зямлі працягвае збірацца цяпло».
Hавiны
Месцамі да +36°С. У Беларусі – памаранчавы ўзровень небяспекі і тэмпературныя рэкорды
2024.06.29 21:26
Чаго чакаць?
Тэмпература на зямлі будзе расці, кажа Ірына:
«Ёсць прагнозы, паводле якіх, калі сёння чалавецтва не будзе нічога рабіць, да 2100 года тэмпература паветра падвысіцца на тры градусы. Калі мы прымем нейкія меры, падвышэнне складзе 2,1 градус. Калі ж мы будзе дзейнічаць згодна з Парыжскім пагадненнем, якое паклікана змагацца з выкідамі СО2 на глабальным узроўні, тэмпература стане вышэйшай на 1,5 градуса. І гэта таксама шмат, і цалкам спыніць гэтае падвышэнне мы ўжо не зможам».
Паводле нашай суразмоўцы, пра рызыку глабальнага пацяплення навукоўцы папярэджвалі даўно, гэта не здарылася раптам, чалавецтву варта было задумацца раней.
Нашай краіне далейшае змяненне клімату можа пагражаць тым, што будзе ўсё больш экстрэмальных з’яваў надвор’я, да чаго нам трэба будзе адаптавацца.
«Будуць цярпець сектары эканомікі, залежныя ад умоваў надвор’я, у прыватнасці, сельская гаспадарка. Магчыма, спатрэбіцца перагляд тэрмінаў пасадкі сельскагаспадарчых культураў, бо ўжо змяняюцца іх вегетацыйныя перыяды. Калі людзям не казаць пра гэта, могуць пацярпець звычайныя беларусы, якія вырошчваюць гародніну на продаж і з гэтага кормяць сваю сям’ю. Калі яны не будуць адаптавацца да новых тэрмінаў узыходу і росту раслінаў, то страцяць ураджай і крыніцу заробку», – зазначае Ірына.
Паводле эксперткі, гэта ўсё трэба разглядаць на дзяржаўным узроўні, праводзіць даследаванні і інфармаваць людзей. Акрамя таго, абавязкова трэба вывучаць, як змяненні клімату адаб’юцца на здароўі беларусаў.
«А яны не могуць не паўплываць. І найперш пацерпяць нашая дыхальная сістэма, ціск. Значны ўплыў можа быць на здароўе цяжарных жанчын і дзяцей. Акрамя ўласна здароўя, таксама будзе ўплыў на лад жыцця – напрыклад, могуць быць распрацаваныя рэкамендацыі, калі лепш не выходзіць на вуліцу, не наведваць школу», – кажа экспертка.
Агляд
З’есці перац чылі і прыняць цёплы душ: як уратавацца ад спёкі?
2024.06.28 12:46
Ад змяненняў клімату пацярпяць палітвязні
Пытанне ўзаемасувязі змянення клімату і аховы здароўя цяпер спрабуе даследаваць Моладзевая кліматычная рада, і неўзабаве яны прадставяць аналітычную запіску.
«Падаецца, гэта ледзь не першая беларуская праца на гэтую тэму», – зазначае прадстаўніца «Зялёнай сеткі».
Прагназаваць надвор’е стане ўсё цяжэй.
«Ужо цяпер няпроста – настолькі хутка ўсё змяняецца. Такога не было дзесяцігоддзі таму, і гэта таксама доказ змянення клімату», – кажа Ірына.
Невідавочны аспект, на які звяртаюць увагу беларускія актывісты і эксперты – змяненні клімату і надвор’я кепска адбіваюцца на палітвязнях і агулам на зняволеных, умовы ўтрымання якіх не разлічаныя на экстрэмальныя высокія і нізкія тэмпературы.
«Вязні найчасцей знаходзяцца ў памяшканнях, якія не праветрываюцца, што пры моцнай спёцы кепска адбіваецца на здароўі», – зазначае наша суразмоўца.
У той жа час, Беларусь – не самая ўразлівая перад змяненнямі клімату краіна, супакойвае Ірына Панядзельнік.
«Найбольш могуць пацярпець краіны Цэнтральнай Азіі і Каўказу праз свой рэльеф – там ёсць мора, горы, і гэта становіцца дадатковым фактарам рызыкі, – кажа экспертка. – Напрыклад, з Грузіі, з Таджыкістану і іншых краінаў прыходзяць паведамленні пра апоўзні і пастаянны папярэджанні пра іх рызыку. У Грузіі апошнім часам здараецца моцны град, які знішчае ўраджай вінаграду, з якога шмат у якіх рэгіёнах краіны людзі традыцыйна ўтрымліваюць свае сем’і. І эксперты прадказваюць рост рызыкі засухаў, паводак і апоўзняў у гэтай краіне».
Пры чым тут вайна?
Яшчэ адзін фактар уплыву на клімат, пра які кажуць не так шмат – узброеныя канфлікты.
«Летась выйшаў даклад на кліматычнай канферэнцыі ААН COP28, якая праходзіла ў Дубаі – калегі з украінскай арганізацыі «Єкодія» падлічылі выкіды СО2-эквіваленту, якія адбываюцца праз вайну. Дык вось, ад баявых дзеянняў на працягу 18 месяцаў канфлікту выкіды ацэньваліся ў 37 мільёнаў тон. А яшчэ асобна пажары – 22,2 мільёнаў тон СО2. І трэба памятаць, што не ўсё можна ацаніць з дапамогай ГІС – геаінфармацыйных сістэмаў і убачыць рэальны аб’ём», – распавядае Ірына.
Акрамя цяперашніх выкідаў ад уласна баявых дзеянняў, варта ацэньваць таксама тыя, што ўзнікнуць пасля перамогі Украіны падчас адбудовы.
«Будзе шмат будоўляў, аднаўлення інфраструктуры, а значыць, выкіды СО2 будуць расці – іх патэнцыйны аб’ём ацэньваецца ў 57 тон. Так канфлікты чалавецтва ўплываюць на клімат. І гэта датычыць не толькі вайны Расеі супраць Украіны, але і ўсіх ваенных канфліктаў на планеце», – зазначае Ірына.
Адначасова змяненні клімату могуць справакаваць канфлікты.
«Узнікае дэфіцыт рэсурсаў, напрыклад, вады, што ўжо назіраецца ў Цэнтральнай Азіі. Можа быць голад, могуць быць знішчаныя традыцыйныя заняткі, якімі людзі зарабляюць на жыццё, як тыя ж вінаграднікі ў Грузіі. На гэтай глебе могуць узнікаць канфлікты», – тлумачыць Ірына Панядзельнік.
Цікавасці да тэмы клімату стала менш
Нягледзячы на відавочныя негатыўныя наступствы змянення клімату, гэтая тэма, аднак, апошнім часам пачала куды менш цікавіць як звычайных людзей, так і палітыкаў, журналістаў, зазначае прадстаўніца «Зялёнай сеткі».
«Усплёск цікавасці да пытанняў клімату быў у 2019 годзе, калі Грэта Тунберг распачала свае акцыі. Потым была пандэмія ковіду, і стала не да клімату. Потым у Беларусі рэпрэсіі, ва Украіне – вайна. Натуральна, што людзей больш цікавяць гэтыя тэмы. У выніку нам даводзіцца змагацца за тое, каб гэтая тэматыка была ў навінавай павестцы, на слыху. Калі мы не будзем звяртаць на гэта ўвагу цяпер, то можна толькі гадаць, што адбудзецца далей».
Паводле эксперткі, беларусам ужо цяпер варта думаць пра будучую кліматычную палітыку краіны:
«Так, мы не можам цяпер уплываць на дзеянні рэжыму. Аднак мы хочам вярнуцца, і было б добра мець нейкае бачанне таго, што мы будзем рабіць у тым ліку з экалагічнай, кліматычнай павесткай. Гэта мы спрабуем рабіць з калегамі ў альянсе «Зялёная Беларусь» – супольнасці беларускіх зялёных экспертаў. Мы не можам уплываць на палітыку рэжыму, але можам інфармаваць людзей, падвышаць іхную абазнанасць, тлумачыць, што змяненні клімату – гэта зусім не радасць ад таго, што ўзімку не трэба будзе насіць шубу, а ўлетку ў нас будуць расці кавуны. Заклікаю задумацца пра пытанні клімату нашых палітыкаў і журналістаў».
А што кажа афіцыйны бок?
5 ліпеня ў прэс-цэнтры «БелТА» прайшла прэс-канферэнцыя «Змяненне клімату і яго ўплыў на залежныя ад надвор’я сферы».
Пад такімі сферам выступоўцы мелі на ўвазе сельскую і лясную гаспадарку, будаўніцтва, ЖКГ, транспарт, энергетыку.
Аб’ектыў
Непагадзь: на Гарадзеншчыне загінула жанчына
2024.06.20 22:30
Паводле ўдзельнікаў канферэнцыі, змены клімату ў Беларусі заўважылі яшчэ ў 1988 годзе. Тады адзначылі з’яўленне новай, 4-ай кліматычнай зоны ў Палессі. Пры падрыхтоўцы новага Нацыянальнага Атласу Беларусі, які пакуль яшчэ не выйшаў, прааналізавалі 1991 – 2020 гады і зноў вярнуліся да трох кліматычных зон.
«Аднак гэта не тыя кліматычныя зоны, што былі да 1990-х. Старыя зоны перасунуліся: цэнтральная пераехала на месца паўночнай, паўднёвая на месца цэнтральнай, на месцы паўднёвай зараз новая кліматычная зона (як раней на поўначы Украіны)», – было агучана на канферэнцыі.
Пра пацяпленне, якое назіраецца з канца 1980-х гадоў, распавёў таксама Белгідрамет. Найбольшы рост тэмператур назіраецца ў студзені – красавіку: +2..+2.6°С. Зімой цяпер не фіксуюцца тэмпературы ніжэй за -35°С. Агулам зіма скарачаецца, а лета расцягваецца.
Улетку рост меншы: +0.8..+1.5°С, але ён, паводле экспертаў, больш крытычны, бо з’явіліся частыя хвалі спёкі, якія цяпер бываюць амаль штогод і цягнуцца 5 – 10 дзён.
Паводле Віктара Мельніка, вядучага навуковага супрацоўніка лабараторыі кліматычных даследаванняў Інстытуту прыродакарыстання НАН Беларусі, ужо ў 2030 – 2040 гадах клімат Віцебскай вобласці будзе як клімат Палесся цяпер.
Зімой цяпер павялічваецца колькасць ападкаў, але ў выглядзе дажджоў, а не снегападаў, улетку – змяншаецца. Прагназуецца больш засух на паўднёвым усходзе і ўсходзе Беларусі, зазначылі ўдзельнікі канферэнцыі. Становіцца больш небяспечных з’яваў надвор’я – моцных навальніц і залеваў.
Яшчэ летась дырэктар Інстытуту прыродакарыстання НАН Беларусі Сяргей Лысенка адзначаў, што напрыканцы ХXІ стагоддзя клімат у Беларусі можа стаць такім жа, як у Турцыі.
Ганна Ганчар belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS