У студзені – траўні сёлета імпарт тавараў і паслугаў перавысіў экспарт на $ 503 млн, як вынікае са звестак Нацбанку. Адмоўнае сальда вонкавага гандлю фіксуецца трэці месяц запар.
За пяць месяцаў года Беларусь экспартавала тавараў і паслугаў на $ 19,5 млрд, а імпартавала – на $ 20 млрд. У параўнанні з такім жа перыядам летась экспарт вырас на 2,8 %, а імпарт – на 4,3 %.
Агульную статыстыку псуе гандаль таварамі. Паводле Нацбанку, у студзені – траўні экспарт вырас год да года на 3,4 % (да $ 16 млрд), а імпарт – на 4,8 % (да $ 17,7 млрд). У выніку адмоўнае сальда гандлю таварамі складае $ 1,7 млрд (летась было мінус $ 1,4 млрд).
Пры гэтым у Белстату іншыя падлікі, і яны сведчаць, што экспарт павялічыўся на 3,8 % г/г (да $ 16,4 млрд), імпарт – на 4,6 % г/г (да $ 18,3 млрд), а адмоўнае сальда яшчэ большае: $ 1,9 млрд (летась – мінус $ 1,7 млрд).
Экспарт тавараў у краіны СНД (гэты паказнік амаль цалкам прыпадае на Расею) вырас зусім крыху, менш чым на адсотак, затое імпарт адтуль падскочыў ажно на 15 % у параўнанні са студзенем – траўнем летась.
З краінамі па-за СНД усё наадварот: экспарт туды вырас на 11 %, імпарт адтуль скараціўся на 7 %. Сальда гандлю з дзяржавамі «далёкай дугі» застаецца адмоўным, што праўда, зменшылася з мінус $ 3,7 млрд да мінус $ 2,6 млрд год да года.
Дэфіцыт вонкавага гандлю мог быць істотна большым, калі б не паслугі. Іх экспарт у студзені – траўні сёлета падрос на 0,2 % год да года, імпарт – на 0,9 %. Дадатнае сальда – $ 1,2 млрд.
Імпарт перавышае экспарт ужо тры месяцы запар, і дэфіцыт павялічваецца: калі ў студзені – сакавіку было мінус $ 87 млн, то ў студзені – красавіку – мінус $ 458 млн, а ў студзені – траўні – ужо $ 5,3 млн.
Эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у інтэрв’ю «Белсату» раней не выключаў, што цяперашнія ўлады пачнуць штучна стрымліваць імпарт, каб калі і не выйсці ў плюс, дык хаця б пазбегчы вялікага дэфіцыту:
«З вялікай імавернасцю ўлады будуць звяртацца да механізмаў дырэктыўнага рэгулявання імпарту, спрабаваць яго рознымі захадамі зменшыць. У іх логіцы гэта адна з патэнцыйных магчымасцяў трошкі выраўняць сітуацыю ў вонкавым гандлі і пазітыўна паўплываць на іншыя макраэканамічныя паказнікі».
Звычайна дэфіцыт кампенсуюць інвестыцыямі і крэдытамі, і рынкавыя эканомікі з гэтым праблемаў не маюць. У адрозненне ад Беларусі.
«Патэнцыйных крыніцаў фінансавання дэфіцыту амаль няма. Дзе знайсці інвестараў, якія захочуць укладацца ў беларускую эканоміку? Дзе знайсці крэдыты? Адзіны магчымы варыянт – Расея. Сітуацыя ўнікальная тым, што нават невялікі дэфіцыт, які б не быў праблемаю ў 2018–2019 гадах, цяпер можа стаць крытычным», – адзначаў Крук.
Паўгода або крыху болей дэфіцыт можна кампенсаваць золатавалютнымі рэзервамі: фактычна праядаць запасы. Іншы шлях – дэвальвацыя рубля. «Гэтае пытанне стане на парадку дня, калі вонкавы гандаль упарта не захоча ісці ў плюс», – падкрэсліваў аналітык.
Золатавалютныя рэзервы Беларусі, хаця і выраслі з пачатку года на 2,8 %, два апошнія месяцы скарачаюцца: калі 1 траўня ў дзяржаўнай скарбонцы было $ 8,44 млн, то 1 ліпеня – $ 8,36 млн.
Аналітыка
«За банкет расплацяцца беларусы». Чаму расце эканоміка і заробкі – і ці надоўга гэта?
2024.06.26 10:19
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS