Беларусь заняла 76-е месца са 190 у рэйтынгу «Найбагацейшыя краіны свету 2024» часопісу «Global Finance». Расказваем, як Беларусь выглядае на фоне суседзяў і якія краіны самыя багатыя.
Дадзеныя рэйтынгу адлюстроўваюць сітуацыю на пачатак 2024 года. Месцы надаваліся ў залежнасці ад памеру ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці (ППЗ) на душу насельніцтва. Гэты паказнік пазначае кошт усіх канчатковых тавараў і паслуг, што вырабіў у сярэднім адзін жыхар краіны за год.
ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці на душу насельніцтва ў Беларусі ў 2023 годзе склаў $ 25 685. Гэта значна менш, чым амаль ва ўсіх суседзяў.
Напрыклад, Літва заняла ў рэйтынгу 41-е месца. Яе ВУП паводле ППЗ склаў $ 50 600. Польшча на 43-м месцы. Яе вынік за мінулы год – $ 49 060. Расея апынулася на 60-м месцы. Там ВУП паводле ППЗ склаў $ 38 292. Ніжэйшая за Беларусь у рэйтынгу толькі Украіна – 110-е месца з паказнікам $ 15 464.
Самай багатай краінай у свеце стаў Люксембург з ВУП паводле ППЗ $ 143 743. Гэта ў 5,6 разу больш, чым у Беларусі. Другое месца займае спецыяльны адміністрацыйны раён Кітаю Макаў ($ 134 141). На трэцім – Ірландыя ($ 133 895). За імі Сінгапур ($ 133 737) і Катар ($ 112 283).
«Паводле звестак Міжнароднага валютнага фонду (МВФ), у 10 самых бедных краінах свету сярэдняя пакупніцкая здольнасць на душу насельніцтва складае менш за 1500 долараў, а ў 10 найбагацейшых – больш за 110 000 долараў», – адзначаюць аўтары рэйтынгу.
Самай беднай краінай у свеце стаў Паўднёвы Судан ($ 455).
Таксама пры разглядзе рэйтынгу трэба ўлічваць папярэджанне МВФ, што некаторыя краіны выкарыстоўваюцца як «падатковыя прытулкі». Звычайна гэта невялікія краіны з нізкімі падаткамі або падатковымі льготамі. Туды бізнесы з іншых краінаў імкнуцца вывесці грошы, каб плаціць менш падаткаў або зусім схавацца ад падаткаў з дапамогай шэрых схемаў.
«Іх багацце [падатковых прытулкаў. – Рэд] першапачаткова было створанае ў іншым месцы, што штучна завышае іх ВУП. Хоць у 2021 годзе больш за 130 урадаў падпісалі глабальнае пагадненне наконт таго, каб буйныя кампаніі плацілі мінімальны падатак 15 % (гэтае пагадненне дагэтуль не зрэалізаванае праз процідзеянне заканадаўцаў і палітыкаў у многіх з іх). Крытыкі сцвярджаюць, што гэтая стаўка крыху вышэйшая, чым у такіх падатковых гаванях, як Ірландыя, Катар і Макаў.
Паводле ацэнак, больш за 15 % сусветных юрысдыкцыяў ёсць падатковымі прытулкамі, а МВФ падлічыў, што да канца 2020-х гадоў каля 40 % глабальных плыняў непасрэдных замежных інвестыцыяў могуць быць абумоўленыя тактыкай ухілення ад падаткаў, у параўнанні з 30 % у 2010-х гадах. Іншымі словамі, гэтыя інвестыцыі праходзяць праз пустыя карпарацыйныя абалонкі і не прыносяць практычна ніякай эканамічнай выгады насельніцтву тых краінаў, дзе гэтыя грошы апынаюцца», – пішуць аўтары рэйтынгу.
Арсен Рудэнка belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS