Беларускія спартоўцы выступілі з вотумам недаверу ў дачыненні да выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандра Апейкіна. У сваім адкрытым звароце яны пералічылі некалькі прычынаў такога стаўлення.
Заява з’явілася ў акаўнтах Свабоднага аб’яднання спартоўцаў Беларусі (SOS by).
«Мы, ніжэйпадпісаныя прадстаўнікі свабоднага спорту Беларусі, у 2020 годзе адкрыта выступілі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, якія пацягнулі за сабой надзвычайных маштабаў гвалт рэжыму Лукашэнкі над беларусамі. Мы заклікалі да спынення гвалту, вызвалення палітычных зняволеных і правядзення сумленных выбараў», – такімі словамі пачынаецца заява.
Нягледзячы на тое, што многія са спартоўцаў апынуліся ў выгнанні за мяжой, яны працягваюць змагацца да гэтага часу. Але пры гэтым падпісанты заявы канстатуюць, што на сённяшні дзень на міжнароднай арэне іх спрабуюць прадстаўляць людзі, якія не маюць або страцілі такое права.
«Дадзенай заявай мы выстаўляем вотум недаверу выканаўчаму дырэктару Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці (BSFF) Аляксандру Апейкіну. Мы перакананыя, што асобы, якія пад маркай барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці ўмешваюцца ў прыняцце важных рашэнняў і без прадстаўлення якіх-небудзь паўнамоцтваў выказваюцца ад імя людзей, да якіх яны не маюць дачынення, павінны несці адказнасць», – напісана ў звароце.
Вотум недаверу быў выстаўлены кіраўніку фонду паводле наступных прычынаў:
- неналежнае выкананне ўзятых на сябе абавязальніцтваў перад спартоўцамі;
- распаўсюджанне паклёпу і правакацый у адносінах да нашых калег, а таксама распаўсюджанне непраўдзівых выказванняў і маніпуляцый у супольнасцях і групах;
- невыкананне даўгавых абавязальніцтваў, адсутнасць празрыстай фінансавай справаздачнасці ў дзейнасці на пасадзе выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці;
- прысваенне ў якасці асабістых заслуг агульных дасягненняў, не ўлічваючы ўклад калектыву і не ацэньваючы ўдзельнікаў, якія працавалі над асноўнымі праектамі, што прывяло да сыходу спецыялістаў і пераўтварэння раней магутнай структуры Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці ў неэфектыўную арганізацыю, якая жыве на дасягненнях былых членаў каманды і падтрымкі спартсменаў;
- прыняцце аднаасобнага рашэння аб сувязі спартыўнай арганізацыі з вайсковым падраздзяленнем, што прывяло да супрацьпраўнага палітычна матываванага пераследу беларускіх спартсменаў, якія знаходзяцца ў краіне;
- папулісцкія інтэрв’ю, заявы і публікацыі ў сацыяльных сетках, якія змяшчаюць рыторыку, якая падтрымлівае злачынны рэжым Лукашэнкі, падрывае ўвесь дэмакратычны рух спартсменаў.
У заяве таксама адзначаецца, што Свабоднае аб’яднанне спартоўцаў Беларусі інфармуе партнёраў, зацікаўленых асоб, грамадскасць і медыі, што ні Аляксандр Апейкін, ні Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці не ўпаўнаважаныя прадстаўляць інтарэсы прадстаўнікоў беларускай свабоднай спартыўнай супольнасці.
Заяву падпісалі каля сарака спартоўцаў, сярод іх Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Сцяпан Папоў, Алег Дулуб, Сяргей Далідовіч і іншыя.
У каментарах да апублікаванай заявы былая кіраўніца Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя адзначыла, што ніякага другога аб’яднання свабодных спартоўцаў чакаць не варта. «Ды які тут бунт, хутчэй, тлустая кропка першага», – напісала Герасіменя.
Нагадаем, што Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (BSSF) паўстаў у 2020 годзе як арганізацыя, якая аказвае падтрымку свабодным спартоўцам, якія былі звольнены з месца працы, выключаны з нацыянальных зборных або падвергліся іншым рэпрэсіям за грамадзянскую пазіцыю пасля выбараў прэзідэнта 9 жніўня. Першай кіраўніцай стала Аляксандра Герасіменя. У 2023 годзе яна сышла з гэтай пасады.
Hавiны
«Фонд спартовай салідарнасці мусіў развівацца інакш» – на паліграфе алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя
2023.09.27 16:03
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS