У памежных чатах з’явілася інфармацыя, што з 00:00 гадзін 9 ліпеня на беларуска-польскай мяжы ўведзеныя новыя правілы: цяпер перасякаць мяжу на аўтамабілі можна толькі ў тым выпадку, калі ўладальнік машыны ўнутры, а даверанасці дзейнічаць не будуць. Акрамя таго, на тэрыторыю Польшчы забаронена правозіць алкаголь і цыгарэты.
Паведамленні пра гэта пачалі з’яўляцца ў памежных чатах за некалькі гадзінаў да наступлення 9 ліпеня са спасылкай на словы польскіх памежнікаў.
Пазней з’явілася інфармацыя, што дзейнічаць гэтыя правілы пачалі не апоўначы, а з раніцы. Як пацвярджэнне карыстальнікі пачалі пісаць, што ўжо былі выпадкі, калі машыны разварочвалі з-за таго, што аўтамабіль аформлены не на кіроўцу.
У той жа час карыстальнікі сышліся ў меркаванні, што аўтамабіль без уладальніка паводле даверанасці павінны выпусціць з Польшчы. Тым не менш, рэальных выпадкаў, якія б гэта пацвярджалі, пакуль не апісвалі.
Што да сітуацыі з юрыдычнымі асобамі, то пакуль не зразумела, які падыход будуць практыкаваць памежнікі. На дадзены момант усе чакаюць рэальных кейсаў, каб зразумець, як будзе працаваць правіла аб забароне выезду паводле даверанасці ў гэтым выпадку.
Нагадаем, што з 4 ліпеня Польшча перастала адзначаць на памежных пунктах tax free на новы абутак, адзенне, запчасткі для рухавікоў, фільтры, алівы, антыфрызы, лямпачкі, пральныя і сушыльныя машыны, халадзільнікі, маразільнікі, новыя камп’ютары і запчасткі да іх, флэшкі і дыскі, мабільныя тэлефоны, маніторы, праектары, мікрафоны, гукавыя ўзмацняльнікі, абагравальнікі, некаторыя віды тканінаў, шыны для аўтобусаў, грузавікоў, бідэ, унітазы, касметыку і інш.
Таксама пачало дзейнічаць правіла на забарону правозу алкаголю, хаця, як апісваюць некаторыя карыстальнікі, часам польскія мытнікі праглядаюць багаж даволі павярхоўна. Рэальных выпадкаў, калі польскія памежнікі забіралі ў падарожнікаў цыгарэты і алкаголь, у чатах пакуль не апісвалася, але не значыць, што іх не было.
Акрамя таго, паводле паведамленняў аднаго з карыстальнікаў, не атрымаецца правезці алкаголь і цыгарэты і ў Беларусь з Польшчы: іх можна набыць толькі ў крамах duty free.
Што да чэргаў на польскім баку, то, каб не прапускаць «улезуноў» (тых, хто хоча заняць месца ў сярэдзіне чаргі), людзі самаарганізоўваюцца і прызначаюць дзяжурных. У чаце можна нават адшукаць правілы, як паводзіць сябе для таго, каб не прапусціць «нахабнікаў». Дзяжурныя пільнуюць свой участак, што дае плён, і чарга паціху пачынае рухацца.
Сярэдні час праходжання польска-беларускай мяжы – каля 20 гадзінаў. Дзякуючы дзяжурным гэты час можа зменшыцца часам да 15 гадзін.
Што да пераезду мяжы на аўтамабілі з Беларусі ў Польшчу, то станам на 14 гадзінаў 9 ліпеня ў чатах пішуць пра адсутнасць чэргаў на беларускім баку. Атрымліваецца, што прайсці можна нават хутчэй, чым на аўтобусе. Паводле інфармацыі Дзяржаўнага памежнага камітэту, на беларуска-польскай мяжы цяпер няма аўтамабіляў.
Праезд аўтобусам з Беларусі ў Польшчу можа заняць да 14–15 гадзінаў, часам даходзіць да содняў. Калі карыстацца так званай «падсадкай» у аўтобус, што стаіць бліжэй да мяжы, то можна справіцца хутчэй. Дзяржаўны памежны камітэт піша, што 9 ліпеня а 14:00 на мяжы ў бок Польшчы стаяла 30 аўтобусаў.
У кірунку Літвы аўтобусы праходзяць мяжу даволі хутка: ёсць выпадкі, калі беларускі і літоўскі бакі праходзяць за 3,5–4 гадзіны. Згодна са звесткамі Дзяржаўнага памежнага камітэту, цяпер на беларускай мяжы ў абодвух пунктах пропуску няма ніводнага аўтобуса. Прыблізна пра такі ж час пішуць падарожнікі пра дабіранне аўтобусам у Беларусь.
На аўтамабілі ўдаецца заехаць у Літву прыблізна за 4,5–5 гадзінаў, але шмат залежыць ад працы памежнікаў – на абодвух пунктах Дзяржаўны памежны камітэт фіксуе па 20 легкавікоў.
Выезд на аўтамабілі ў бок Беларусі займае ўжо больш часу: ёсць справаздачы пра пераезд цягам 18 гадзінаў. Карыстальнікі скардзяцца на вельмі павольную працу літоўскіх памежнікаў.
У латвійскім кірунку Дзяржаўны памежны камітэт фіксуе нуль легкавых аўтамабіляў і нуль аўтобусаў. Паведамленняў пра вялікі час праходжання з боку Беларусі няма. Затое вось адваротны шлях з Латвіі ў нашую краіну можа заняць каля 13–14 гадзін. Ад аднаго з карыстальнікаў раніцай было паведамленне, што ў чарзе стаіць каля 120–130 машын.
Агляд
Заезду з Польшчы ў Беларусь даводзіцца чакаць содні. Цяпер падарожнікі наракаюць на нарадзінцаў Каўказа
2024.07.08 23:06
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS