A A+ A++

У Беларусі з’явілася дзесяць новых атрадаў спецназу крыху больш як за год – са снежня 2022-га да лютага 2024-га. Іх фармаваннем актыўна займаецца намеснік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, які вызначыўся жорсткім здушэннем пратэстаў у 2020 годзе. Ён жа імкнецца прыцягнуць да беларускага спецназу вагнэраўцаў і палохае полк Каліноўскага. Паспрабавалі даведацца, чым займаецца беларускі спецназ і навошта яго так шмат.

МУС паказвае, чым будзе займацца новы атрыд спецназу.

Фота: mvd.gov.by

Адказ палку Каліноўскага

З канца 2022 года ў Беларусі зʼявіліся атрады спецназу «Рысь», «Беркут», «Гонар», «Смерч», «Шторм», «Тайфун», «Буран», «Цыклон», «Тарнада» і «Граніт». Цяпер у краіне мінімум 12 атрадаў спецназу. Паводле маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у траўні 2024-га зʼявіўся 13-ы атрад, «Віцязь», з 70 чалавек у Віцебскай вобласці, у якой да гэтага не было свайго атраду спецназу. Аднак пакуль «Віцязя» афіцыйна не прэзентавалі.

Мікалай Карпянкоў рэгулярна дае справаздачу наконт поспехаў спецназу ў зачыстках нелаяльных і палохае полк Каліноўскага, што ягоны спецназ «не горшы за ПВК Вагнэра» і што «Смерч» – гэта «добраахвотнікі, якія адслужылі нядаўна тэрміновую службу ў нашых войсках, наш адказ так званаму батальёну Кастуся Каліноўскага». Таксама хваліцца, што атрады трэнуюцца з інструктарамі-вагнэраўцамі. Да чаго рыхтуюцца?

Мікалай Карпянкоў з шаўронам ПВК Вагнэра.

Фота: Внутренние войска МВД / Telegram

Карпянкоў кажа, што «гэта барацьба з дыверсійна-выведнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі». Ён апавядае, што «Цыклон», напрыклад, ахоўвае БелАЭС, праўда, займаецца «недапушчэннем экстрэмісцкіх правакацый». Іншымі словамі, спецназ патрэбны для рэпрэсіяў. На гэта паказвае і назва атраду «Беркут».

«Мы “Беркут” адраджаем. У тым ліку ў гонар тых герояў, якія ярка, моцна і мужна праявілі сябе на кіеўскім Майдане. Каб увекавечыць памяць пра подзвіг байцоў, якім тады здрадзілі ўкраінскія палітыкі», – апавядае Карпянкоў, чым натхняўся пры фармаванні атраду.

«Беркут» – украінскі спецназ, расфармаваны ў 2014 годзе пасля жорсткага задушэння мірнай акцыі пратэсту студэнтаў у Кіеве і страляніны з баявой зброі па натоўпе. Частка беркутаўцаў потым уцякла ў Расею, гэтак званыя ДНР і ЛНР, а частка – у Беларусь.

Калі казаць пра сувязі з «русским миром», то ў беларускага спецназу яны таксама ёсць. І гэта не толькі навучанне ў вагнэраўцаў. У чэрвені 2024 года атрад спецыяльнага прызначэння «Рысь» прыняў у сябе «дзяцей з Расеі», якім паказалі выставу спецыяльных сродкаў, электронны цір, збор і разбор аўтамата Калашнікава ды іншае. Праўда, «дзецьмі з Расеі» аказаліся дзеці акупаванага ўкраінскага Запарожжа.

Дзеці з акупаванага Расеяй Запарожжа ў Беларусі наведваюць атрад спецназу «Рысь».

Фота: sb.by

Свайго роду «Росгвардыя»

Прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар таксама кажа «Белсату», што спецназ патрэбны ў першую чаргу для рэпрэсіяў:

«Рэжым выдатна памятае падзеі 2020 года, ён глядзіць на перспектыву, падбірае абсалютна ідэалагічна правільна падкаваных людзей, на каго можа разлічваць.

Нельга выключаць стварэння свайго роду “Росгвардыі”. Толькі гэта будзе выключна гвардыя Карпянкова. І тым самым залежнасць паміж Лукашэнкам і Карпянковым павялічваецца, бо ў свой час ГУБАЗіК пад кіраўніцтвам Карпянкова хацелі распусціць, а Карпянкова да апошняга не прызначалі ні на якую пасаду, гэта значыць не падпісвалі з ім кантракту. Цяпер Карпянкоў выкарыстоўвае фобіі Лукашэнкі, каб умацаваць свае пазіцыі ў вертыкалі».

Выбіраюць у спецназ асобаў не выпадковых. Раней Карпянкоў казаў, што іх бяруць з самой сістэмы за кошт «пераразмеркавання ўнутраных рэсурсаў».

«Як правіла, гэта асобы, якія прайшлі тэрміновую службу ў шэрагах спецназу, спартоўцы, якія цалкам прайшлі спецправеркі. Наколькі нам вядома, кожнае з гэтых падраздзяленняў адказвае за свой участак Беларусі. Іх выкарыстоўваюць у брутальных ператрусах, затрыманнях, іх фактычна вучаць выкарыстоўваць навыкі, якія адпрацоўваюцца на палігонах, на звычайных людзях», – працягвае Жыгар.

Без акрэдытацыі

Карпянкоў рыхтуецца скінуць Лукашэнку?

2022.12.23 16:00

Карпянкоў часта згадвае пра супрацу вагнэраўцаў са спецназам, аднак яна не шырокая, мяркуюць у «BELPOL».

«Мы не маем звестак, што вагнэраўцы бяруць удзел у гэтым як супрацоўнікі. Хадзілі чуткі, што яны маглі рыхтаваць пэўную частку спецназу. Але трэба разумець, што вагнэраўцы – гэта людзі, якія ў першую чаргу любяць грошы. У Беларусі ў такім абʼёме іх плаціць не могуць. Таму першапачаткова сістэма спрабавала падцягнуць вагнэраўцаў, але большага, чым прапаганда, яны ад гэтага не дамагліся. Тыя, хто выступаюць там у якасці інструктараў, – адзінкавыя выпадкі», – кажа Уладзімір Жыгар.

Улічваючы актыўнасць Карпянкова, стасункі з міністрам унутраных справаў Іванам Кубраковым у яго нацягнутыя, адзначае суразмоўца. Аднак і занадта ўплывовым Карпянкову не дазволяць стацца:

«Калі ён вылучаецца, значыць, яму гэта дазваляюць. Як толькі ён будзе занадта яркі або атрымае занадта вялікі аўтарытэт сярод карнікаў, яго адразу ж выключаць з гэтага ланцуга».

У цэлым, акрамя рэпрэсіяў, такая актыўнасць намесніка кіраўніка МУС патрэбная рэжыму для PR’у, мяркуе прадстаўнік «BELPOL»:

«Былі відэа з вагнэраўцамі, што яны трэнуюцца, кідаюць святлошумавыя гранаты, але ў прынцыпе людзей вучаць таму, што яны павінны і так ведаць. Атрымліваецца, яны нічога да гэтага не ведалі. Проста рэжыму трэба піярыцца. Але насамрэч людзей у гэтым спецназе ўсё роўна не так шмат. Асноўны касцяк – гэта супрацоўнікі, якія страляюць з пісталета ў найлепшым выпадку два разы на год, якія не могуць дазволіць сабе заняткаў спортам, бо ў іх на гэта проста няма часу, бо працы столькі, што добра, калі ты ўдома зʼяўляешся час ад часу. Таму ўсё гэта паказуха, трэба нагнятаць абстаноўку і паказваць, што ў нас усё выразна і пад кантролем. Гэта далёка не так. Той, хто ўпэўнены, не хваліцца тым, што ён упэўнены».

Hавiны

У Расеі падарваўся на гранаце магілёўскі спецназавец – магчыма, з палітычнага «эскадрону смерці»

2024.06.11 17:07

Арсен Рудэнка belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułTwoje Fajne Miasto. Gościliśmy w Suwałkach
Następny artykułGałęzie od sąsiada wchodzą na twoją działkę. Możesz je bezkarnie ściąć?