Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру высветлілі, што літоўская кампанія «Garsų pasaulis», якая працуе над пашпартам «Новай Беларусі», мае сувязі з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым. Бізнесовец, мецэнат і кіраўнік Геральдычнай рады Мікіта Забуга патлумачыў «Белсату» у праграме «Тыдзень», як знайшоў гэтую кампанію для праекту.
Паводле прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага Кабінету Валера Кавалеўскага, які непасрэдна займаецца праектам пашпарту «Новай Беларусі», літоўскую кампанію дэмакратычным сілам параіў Мікіта Забуга. Ён яшчэ ў 2022 годзе і пачаў разам з Геральдычнай радай працу над пашпартам «Новай Беларусі», якая пасля была перададзеная Кабінету.
Мікіта Забуга расказаў, чаму абраў менавіта «Garsų pasaulis».
«Па-першае, такая арганізацыя ў Літве адна. Яна на сённяшні дзень друкуе пашпарты больш за 10 краінам. Друкавала больш за 30 краінам за ўвесь час свайго існавання. Таму ў мяне недаверу не было. Па-другое, я не хачу станавіцца адвакатам гэтай арганізацыі, таму што зноў могуць вылезці нейкія сувязі.
Па шчырасці, пра гэтага Шаўцова я даведаўся пры гэтым расследаванні. Такое ўражанне, што дасталі стары башмак. Чалавек адсядзеў, як я глядзеў пра яго. Ужо не ў Беларусі жыве. Мне ўвогуле не цікавыя гэтыя ўсе лукашыняты і сувязі з імі. Мне вельмі важна, каб кожны беларус атрымаў нацыянальны пашпарт», – сказаў Забуга.
У расследаванні БРЦ таксама былі адзначаныя падазроныя моманты адносна асобы самога Мікіты Забугі. У прыватнасці, што ён скончыў Акадэмію МУС, служыў у міліцыі і падарожнічаў па-за межы Беларусі ў кампаніі з супрацоўнікамі Следчага камітэту.
«Мне нават цяжка назваць гэта расследаваннем, бо проста адбыўся зліў інфармацыі, нейкае супастаўленне несупастаўляльных фактаў, нейкія маніпуляцыі і падводкі нашых грамадзян на нейкіх высноваў.
Я беларус, з дзяцінства рос у беларускім асяроддзі, сярод цікавых і знакамітых беларусаў. Шчаслівы чалавек. У школе вучыўся ў 90-х па бел-чырвона-белым кніжачкам па гісторыі. Натхняўся рамантычнымі гісторыямі Уладзіміра Арлова і іншых пісьменнікаў, прыкладамі нашых нязломных герояў – Каліноўскім, нашымі сённяшнімі палітыкамі. Скончыў беларускамоўную школку. Гарадзенскі ліцэй з медалём. Увогуле я ніколі не быў публічным чалавекам. Стараўся рабіць працу ціха – будаваў помнікі, вешаў шыльды, узгадняў гэта ўсё. Таму цяжка мне апраўдвацца. Я не публічны чалавек і ніколі не хацеў ім быць. Гэта вымушаная мера. Таму, каб пазбавіць дыскрэдытацыі менавіта сам праект, я выйшаў у эфір», – кажа ён.
Суразмоўца таксама пракаментаваў тое, што яго бізнес у Беларусі зарэгістраваны па тым жа адрасе, дзе месціцца міліцыя.
«Я спадару Івашкевічу [кіраўніку БРЦ. – Заўв. рэд.] персанальна адсылаў фатаграфію, што ў адным і тым жа будынку знаходзіцца некалькі будынкаў. Я не ведаю, як так сталася, што яны пад адным адрасам. Але ён не хацеў нічога чуць», – сказаў Забуга.
Hавiны
Кожны падрадчык і партнёр праекту пашпарту «Новай Беларусі» пройдзе праверку
2024.05.29 20:23
Арсен Рудэнка belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS