Італьянская паліцыя курортнага гораду Ёзалё, што на ўзбярэжжы Венецыянскай затокі ў Адрыятычным моры, затрымала беларуса, які быў абвешчаны ў вышук у Беларусі.
Паводле паведамлення мясцовай паліцыі, мужчыну вылічылі ў рамках інтэнсіфікацыі кантрольных дзеянняў, што праводзяцца праваахоўнымі органамі ў горадзе з прычыны вялікага наплыву турыстаў у летнія месяцы.
Падрабязных звестак пра тое, як завуць беларуса і за што канкрэтна яго затрымалі, у паведамленні паліцыі не прыводзіцца. Вядома, што ўлады Беларусі абвесцілі яго ў вышук з мэтай экстрадыцыі, бо на радзіме мужчына мае адбыць пакаранне ў выглядзе сямі гадоў пазбаўлення волі за ўхіленне ад выплаты падаткаў.
Інфармацыі пра тое, ці дэпартавалі беларуса з Італіі, пакуль няма.
Нагадаем, што ўлады Беларусі часта абвяшчаюць палітычных актывістаў у вышук, ставячы ім у віну нібыта эканамічныя злачынствы. Гэтак, напрыклад, быў затрыманы беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст Андрэй Гнёт, якога называюць сузаснавальнікам Свабоднага аб’яднання спартоўцаў «SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе.
Яго затрымалі ў Сербіі яшчэ летась у кастрычніку на запыт рэжыму Лукашэнкі, які абвесціў яго ў вышук на падставе справы аб падатках. Адвакаты кажуць, што гэта палітычна матываваны пераслед, а на радзіме Гнёта могуць чакаць катаванні. Суд першай інстанцыі пастанавіў экстрадаваць мужчыну ў Беларусь, аднак апеляцыйны суд скасаваў гэтую пастанову і накіраваў справу на новы разгляд. 19 ліпеня сталася вядома, што Інтэрпол выкрасліў Гнёта са свайго чырвонага спісу.
Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS