A A+ A++

На мінулым тыдні ў сеціва трапіла заява расейскага бізнесоўца і апазіцыйнага дзеяча Міхаіла Хадаркоўскага, які прадрок Украіны паразу ў вайне. Паводле яго, Масква траціць на вайну значна больш, чым Кіеў і яго заходнія саюзнікі, што з улікам розніцы ў колькасці насельніцтва Украіны і РФ незваротна прывядзе да поўнага разгрому. Belsat.eu разбіраўся, наколькі абгрунтаваныя разлікі Хадаркоўскага, і як выглядае сітуацыя насамрэч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Апазіцыянер Міхаіл Хадаркоўскі падчас мітынгу ў Берліне каля амбасады Расеі, дзе выбаршчыкі выстраіліся ў чаргу, каб прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах у Расеі. Берлін, Нямеччына. 17 сакавіка 2024 года.

Фота: Tobias Schwarz / AFP / East News

Пра што казаў Хадаркоўскі і навошта

18 траўня медыі распаўсюдзілі заяву экс-кіраўніка кампаніі ЮКОС і апазіцыйнага дзеяча Міхаіла Хадаркоўскага, якую ён зрабіў на адной з замежных імпрэзаў. Хадаркоўскі, які выступае супраць расейскай агрэсіі, зазначыў, што Украіна ўжо фактычна прайграла вайну.

Паводле яго, Уладзімір Пуцін выдаткоўвае на баявыя дзеянні прыкладна $120 млрд штогод або 5,4 % ад ВУП Расеі. А Еўразвяз выдаткоўваў за два гады вайны толькі $88 млрд або 0,25% ВУП. Як сцвярджае Хадаркоўскі, з улікам амерыканскай дапамогі рэальныя суадносіны выдаткаў на вайну складаюць у лепшым выпадку 2,5 да 1 на карысць Пуціна.

Да таго ж Хадаркоўскі прапанаваў улічыць чалавечыя рэсурсы, якімі валодаюць Расея і Украіна. Паводле яго, суадносіны тут складаюць 7 да 1 на карысць РФ. «Пры такім раскладзе паставак і сіл Украіна да канца года страціць Харкаў. Да сярэдзіны наступнага года – Адэсу. Суадносіны сіл стануць 10-12 да 1 да канца 2025 года. Да сярэдзіны 2026 года Украіна працягне толькі партызанскую вайну. Львоў захаваецца, калі туды ўвойдуць войскі NATO у асобе Польшчы», – прагназуе ён.

Мяркуючы па ўсім, заява Хадаркоўскага мела наўмысна правакацыйны і маніпуляцыйны характар: ён хацеў патлумачыць заходняй аўдыторыі, да якой катастрофы прывесці нерашучасць Еўразвязу і Злучаных Штатаў. Разам з тым, бізнесовец указаў на рэальную праблему, пра якую вядома даўно: Расея сапраўды інвестуе ў вайну больш.

Колькі насамрэч выдаткоўвае Украіна і Расея

Непразрыстасць бюджэту РФ (частка артыкулаў засакрэчана) не дазваляе падлічыць усё грошы, якія накіроўваюцца на фінансаванне вайны. Аднак толькі адкрытыя выдаткі на нацыянальную абарону ў бюджэце 2024 году закладзены на ўзроўні 10,38 трлн рублёў – гэта прыкладна $114 млрд (29% ад усіх бюджэтных выдаткаў сёлета). У параўнанні з 2021 годам ваенны бюджэт РФ вырас больш чым у 2,5 разы (тады было 3,6 трлн рублёў).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія прызыўнікі рыхтуюцца да адпраўкі ў гарнізоны ў Батайску, Растоўская вобласць, Расея. 16 траўня 2024 года.

Фота: Sergey Pivovarov / Reuters / Forum

Паводле ацэнак прадстаўнікоў Пентагону, непасрэдна на вайну ва Украіне за першыя два гады поўнамаштабнага канфлікту Расея выдаткавала $211 млрд. Аналагічныя ацэнкі даюць аўтарытэтныя фінансавыя выданні Forbes і The Wall Street Journal: паводле іх падлікаў, Масква на вайну з Украінай штодзень марнуе каля $300 млн.

Штодзённыя выдаткі Украіны на вайны ў разы меней. У верасні 2023 году тагачасны міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што адзін дзень вайны каштуе дзяржаве прыкладна $100 млн (то бок прыкладна $3 млрд, а ў год – да $36,5 млрд). Не зусім зразумела, што канкрэтна ўваходзіць у гэтую лічбу, бо некаторыя ўкраінскія чыноўнікі і ведамства прыводзілі іншыя звесткі. Гэтак, агульныя выдаткі на абарону і бяспеку Украіны ў 2022 годзе ацэньваюцца ў $44 млрд, у 2023 годзе – больш за 48 млрд.

У бюджэце Украіны на 2024 год на абарону і бяспеку выдзелена 1,7 трлн грн або прыкладна $ 44,5 млрд па цяперашнім курсе. Гэта амаль палова ўсіх бюджэтных выдаткаў або 22% ВУП Украіны. Для дзяржавы, якая ў выніку баявых дзеянняў страціла амаль траціну эканомікі, нагрузка непасільная: нават у мірны час даходная частка бюджэту была меней, чым цяперашнія выдаткі на абарону і бяспеку. Трымаецца Украіна за кошт фінансавай падтрымкі саюзнікаў, а таксама дзякуючы грантам і крэдытам. У 2024 годзе з агульных 3,35 трлн грн бюджэту толькі 1,8 трлн плануецца закрыць за кошт падаткаў і збораў, астатнія сродкі прыйдзецца прыцягваць у міжнародных партнёраў і на ўнутраным рынку.

Дапамога Захаду: чаканне/рэальнасць

Выдаткі Захаду на вайну маюць некалькі ўзроўняў: яны ўключаюць у сябе вайсковую, фінансавую і эканамічную дапамогу, а таксама выдаткі на перамешчаных асобаў і ўцекачоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты вядуць артылерыйскі агонь у напрамку Крэменной, Луганская вобласць, Украіна. 17 траўня 2024 года.

Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Паводле афіцыйных звестак, агулам Еўразвяз па стане на сакавік 2024 году агулам вылучыў на падтрымку Украіны € 143 млрд. З іх 81 млрд еўра – гэта фінансавая, эканамічная і гуманітарная дапамога з бюджэту ЕЗ. Праўда, з іх 50 млрд – гэта грошы, якія Украіна яшчэ мусіць атрымаць цягам 2024-2027 гг. праз спецыяльны механізм эканамічнай падтрымкі Ukraine Facility.

Акрамя таго, €12,2 млрд Украіне перадалі ў выглядзе грантаў, пазыкаў і гарантыяў, прадастаўленых дзяржавамі-чальцамі Еўразвязу, а яшчэ €17 млрд склала дапамога ўкраінскім перамешчаным асобамі і ўцекачам. На вайсковую падтрымку Украіны Еўразвяз выдзеліў €33 млрд.

На канец 2023 году агульная сума выдаткаў ЗША на Украіну паводле розных ацэнак магла складаць ад $66 млрд (звесткі «The Washington Post») да $76,8 млрд (Council on Foreign Relations). У гэтыя лічбы ўваходзілі ўсе віды дапамогі – вайсковая, эканамічная і на падтрымку ўцекачоў. У красавіку 2024 году ўлады ЗША нарэшце ўхвалілі новы пакет фінансавай дапамогі Украіне, якія складае амаль на $61 млрд. Аднак гэта не значыць, што ўся сума будзе асвоена сёлета.

Не ўсё, што Захад абяцае, Украіна адразу атрымлівае. Кільскі інстытут сусветнай эканомікі ў сваім аглядзе за люты 2024 года канстатаваў вялікі разрыў паміж абяцанай і фактычнаю дапамогаю з боку Еўропы: з 144 млрд, якія вылучыў ЕЗ і дзяржавы-чальцы, Украіна па стане на студзень атрымала толькі 77 мільярдаў еўраў. Як падкрэсліў 25 лютага 2024 года міністр абароны Украіны Рустэм Умераў, вылучэнне дапамогі не абавязкова азначае яе забеспячэнне: прыкладна 50 % вайсковага падтрымання з боку Захаду не пастаўляецца ва Украіну своечасова. Аналагічныя праблемы назіраюцца ва ўсіх відах дапамогі.

Паводле Кільскага інстытуту сусветнай эканомікі, агульны аб’ем рэальнай вайсковай падтрымкі Украіны па стане на красавік 2024 году складаў € 42 млрд з боку Еўропы (у тым ліку ад краінаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ) і € 43,1 млрд з боку ЗША. Гэта прыкладна 95% ад усёй вайсковай дапамогі для Украіны, якая сумарна ацэньваецца экспертамі ў € 88 млрд.

Аналітыка

Чаму Захад не можа забяспечыць Украіне перавагу ў вайсковых рэсурсах?

2023.12.06 07:00

Што гэта азначае

Такім чынам, рэальная карціна вайны ва Украіне аказваецца вельмі далёкай ад алармісцкіх падлікаў Хадаркоўскага.

Сапраўды Расея на сённяшні дзень інвеставала ў вайну прыкладна ў 2,5 разы болей, чым Захад. Аналагічныя суадносіны паміж выдаткамі на вайну ў Расеі і Украіны. Аднак калі скласці чыстую вайсковую дапамогу з боку Захаду і ваенны бюджэт Украіны за першыя два гады поўнамаштабнага канфлікту, то атрымаецца лічба прыкладна ў $ 194 млрд. Гэта ўсё роўна менш, чым змарнавала на вайну Расея, але пры такіх падліках гаворка ідзе пра супастаўляльныя паказнікі.

Высновы Хадаркоўскага наконт чалавечага рэсурсу таксама з’яўляюцца маніпуляцыйнымі. Па стане на 2024 год, з улікам міграцыі, акупацыі і ваенных стратаў колькасць насельніцтва Украіны ацэньваецца прыкладна ў 34-35 млн чалавек, а насельніцтва РФ – 146 млн. То бок у агрэсара людзей болей прыкладна ў 4,2 разы, але ніяк не ў 7 разоў. Далейшае павелічэнне разрыву ў чалавечых рэсурсах Хадаркоўскі абгрунтоўвае тым, што Украіна нібыта сёлета страціць Харкаў, а ў наступным годзе – Адэсу. Аднак насамрэч вайсковыя эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што ў агляднай будучыні Расея не мае шанцаў узяць такі буйны горад як Харкаў, а магчымасць захопу Адэсы ўсур’ёз увогуле ніхто не абмяркоўвае.

Разам з тым, папрокі Хадаркоўскага ў бок Захаду маюць пад сабой падставы. Аб’емы эканомікі краінаў Захаду і Расеі несупастаўляльныя. Па стане на 2022 год сумарны ВУП ЗША, ЕЗ і Вялікай Брытаніі больш чым у 20 разоў перавышаў ВУП Расеі. Пры гэтым Захад не толькі выдаткоўвае на вайну ў 2,5 разы меней, чым Крэмль, але аказаўся не здольны нарошчваць дапамогу: за апошні год аб’емы расейскіх інвестыцыяў у вайну істотна выраслі, а заходняя дапамога для Украіны наадварот скарацілася.

Глеб Нержын belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułBp Zieliński: grupy duszpasterskie to ożywcza tkanka Kościoła
Następny artykułTo hit lata 2024 roku – tych kompletów nie może zabraknąć w twojej szafie