A A+ A++

Мяркуючы па ўсім, тэмай №1 падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна 11-12 красавіка была Украіна. Хаця нічога кардынальна новага ў Маскве не прагучала, агульная рыторыка ўказвае на тое, што Пуцін вельмі хоча скарыстацца зручным для себя момантам, каб аслабіць міжнародную падтрымку Украіны і схіліць Захад да саступак. Свой інтарэс тут, імаверна, мае і Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Маскве, Расея. 11 красавіка 2024 года.

Фота: kremlin.ru

Цяперашні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею загадзя на анансаваўся і не быў абумоўлены афіцыйнымі мерапрыемствамі па лініі інтэграцыйных аб’яднанняў. Фармальна паездка ў Маскву прымеркаваная да Дня касманаўтыкі, што дало самаабвешчанаму кіраўніку Беларусі яшчэ адну нагоду пахваліцца сваімі «касмічнымі дасягненнямі». У Маскву ён накіраваўся разам з толькі што ўзнагароджанай званнем Героя Беларусі Марынай Васілеўскай, якую Уладзімір Пуцін ў сваю чаргу ўшанаваў Ордэнам Гагарына. «Космас наш», – у чарговы раз заявіў Лукашэнка журналістам, прыехаўшы ў Крэмль.

Лукашэнка спачатку заявіў, што збіраецца пагутарыць з Пуціным пра эканоміку, аднак на другі дзень сам прызнаў, што яны «асабліва не паглыбляліся» у гэтыя пытанні. Затое шмат увагі надалі пытаннямі бяспекі. Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі распавёў журналістам, што Пуцін запрасіў яго на паседжанне Савету бяспекі РФ, дзе Лукашэнка пагутарыў у тым ліку з міністрам абароны РФ, дырэктарам ФСБ і кіраўніком Службы вонкавай выведкі. Хаця ні прэс-служба Крамля, ні медыі пра сустрэчу ў такім фармаце нічога не паведамлялі.

Што канкрэтна абмяркоўвалася за зачыненымі дзвярыма – невядома. Публічная частка сустрэчы з Пуціным была ў асноўным прысвечана Украіне, прычым з акцэнтам на гатовасць Крамля да перамоваў.

Што было сказана

Пуцін успомніў, што Лукашэнка ў пачатку вайны «быў ініцыятарам правядзення мірных перамоваў» у Беларусі. Потым перамовы перамясціліся ў Стамбул, дзе нібыта амаль што было дасягнутае мірнае пагадненне паміж Украінай і Расеяй. Пасля гэтага расейскі лідар успомніў пра мірны саміт у Швейцарыі, які мае адбыцца ў чэрвені. «Нас туды не запрашаюць», – канстатаваў Пуцін.

Пры гэты прэзідэнт РФ падкрэсліў, што ён «за» мірныя перамовы», але «не ў фармаце навязвання нам якіх бы то ні было схемаў, якія не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю».

Лукашэнка ў сваю чаргу падкрэсліў, што «абсалютна падтрымлівае» пазіцыю Пуціна па мірным працэсе і таксама ўспомніў пра перамовы ў Стамбуле ў 2022-м.

«Трэба проста па-чалавечы сябе паводзіць. Дастаць той дакумент, які вы некалі мне паказалі і перадалі, пакласці на стол і рухацца па ім. Гэта разумная пазіцыя. Там прымальная пазіцыя і для Украіны. Яны ж пагадзіліся», – зазначыў ён.

Напрыканцы Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Крэмль дасягне сваіх мэтаў.

«Думаю, Уладзімір Уладзіміравіч, такі момант, мяне нюх ніколі не падманваў, такі момант, што вашы ініцыятывы на мірнае ўрэгуляванне канфлікту знойдуць водгук ва Украіне», – рэзюмаваў самаабвешчаны кіраўнік Беларусі.

Як гэта разумець

Звяртае на сябе ўвагу дзве адметнасці гэтых заяваў.

Памочнік прэзідэнта Расеі Уладзімір Мядзінскі прымае ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах у палацы Долмабахчэ. Стамбул, Турцыя. 29 сакавіка 2022 года.

Фота: Sergei Karpukhin / TASS / Forum

Па-першае, Пуцін не проста сказаў пра гатовасць да перамоваў – ён наўмысна зрабіў гэтую тэму цэнтральнай падчас публічнай часткі сустрэчы. Лукашэнка ў сваю чаргу яму падыграў і некалькі разоў паўтарыў, што падтрымлівае ўсе намаганні Крамля. На другі дзень візіту ў размове з журналістамі самаабвешчаны кіраўнік Беларусі зноў шмат пра гэта разважаў. «Калі прэзідэнт Расеі ўчора палову ўступнага слова ўдзяліў мірным перамовам, з пункту гледжання дыпламатычнага вы ж разумееце, да чаго гэта, – яшчэ раз акцэнтаваў ён увагу, – Мне здаецца, што сёння момант, гэта перш за ўсё для ўкраінцаў і для Захаду, сесці за стол перамоваў і канчаткова дамовіцца».

Па-другое, і Пуцін, і Лукашэнка вельмі хвалілі той варыянт мірнага пагаднення, які абмяркоўваўся ў Стамбуле ў сакавіку 2022-га. Па сутнасці, Крэмль даў зразумець, што стамбульскі варыянт пагаднення мусіць быць узяты за аснову любых перамоваў.

«Давайце вернемся да гэтых дакументаў і ад гэтага будзем танцаваць», – прама агучыў расейскую пазіцыю Лукашэнка.

Стамбульскі дакумент, пра які вядзецца размова, прадугледжваў сур’ёзныя саступкі з украінскага боку: адмова ад далучэння да NATO, нейтральны статус, прызнанне страты Крыма і Данбасу дэ-факта. Як высветліла нядаўна выданне «The Wall Street Journal», чарнавы варыянт мірнага пагаднення таксама прадугледжваў істотнае скарачэнне ЗСУ, забарону на атрыманне замежнай зброі і асаблівы статус расейскай мовы ва Украіне.

Прыняцце гэтых патрабаванняў будзе дэ-факта азначаць, што Украіна прызнае сваю паразу ў вайне. Прычым стамбульскі дакумент можна лічыць праграмай–мінімум: хутчэй за ўсё, Пуцін цяпер запатрабуе значна больш. Калі ў сакавіку 2022 году выносіліся за дужкі толькі пытанні Крыму і Данбасу, то цяпер Крэмль напэўна будзе дамагацца таго, каб Украіна апрыёры прызнала расейскае права на чатыры анексаваныя рэгіёны (Запарожская, Херсонская, Данецкая і Луганская вобласці).

Стамбульскі дакумент Крэмль імкнецца супрацьпаставіць «формуле міра», якую прасоўвае на міжнароднай арэне прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. «Формула міра» прадугледжвае аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці Украіны ў межах 1991 года, прыцягненне да адказнасці вінаватых у агрэсіі ды кампенсацыю шкоды, а таксама гарантыі бяспекі для Украіны дзеля перадухілення новай агрэсіі.

Аналітыка

Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?

2024.03.28 06:00

Чаго насамрэч хоча Крэмль

Менавіта ўкраінская формула міра будзе абмяркоўвацца на мірнай канферэнцыі ў Швейцарыі, куды будуць запрошаны прадстаўнікі 80-100 краінаў. Афіцыйны Кіеў мае намер аб’яднаць міжнародную супольнасць вакол свайго мірнага плану і забяспечыць такім чынам дыпламатычны ціск на Расею. Акрамя таго, чым шырэйшым будзе міжнароднае падтрыманне ўкраінскай формулы міру, тым меншая імавернасць таго, што Захад праявіць слабасць і вырашыць дамовіцца з Пуціным за кошт Украіны.

Крэмль у сваю чаргу пераследуе супрацьлеглыя цэлі. Ён хоча не дапусціць кансалідацыі міжнароднай супольнасці вакол украінскай формулы міра і разлічвае прымусіць Захад адмовіцца ад падтрымкі Украіны. Пуцін мяркуе, што цяпер знаходзіцца ў выгаднай сітуацыі. Украіна сутыкнулася з крызісам заходняй дапамогі, ЗСУ зазнаюць дэфіцыт зброі. Некаторыя замежныя медыі выказваюць меркаванне, што цяпер Украіна апынулася ў самым складаным становішчы з пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Калі восенню прэзідэнтам ЗША абяруць Доналда Трампа, то сітуацыя можа зрабіцца крытычнай. Паводле медыяў, Трамп увогуле збіраецца прымусіць Украіну аддаць Расеі частку сваёй тэрыторыі.

Заяўляючы пра гатовасць да перамоваў, Пуцін дасылае Захаду і Украіне выразны мэсідж: лепш пайсці на прэвентыўныя саступкі ўжо цяпер, бо потым стане толькі горш. Лукашэнка фактычна адкрытым тэкстам кажа, што прапанова Крамля мае абмежаванні па часу дзеянні – у тым ліку нібыта праз завяршэнне прэзідэнцкага тэрміну Зяленскага.

«Можа стварыцца сітуацыя, калі той жа Пуцін скажа: «Хлопцы, а з кім падпісваць дамову?» – заявіў Лукашэнка журналістам 12 красавіка.

Пры гэтым для Крамля не прынцыпова, ці сапраўды Украіна пагодзіцца падпісаць стамбульскі дакумент. Галоўнае, каб Украіна і Захад былі гатовыя яго абмяркоўваць. У цяперашніх умовах гэта стане каласальным дэмабілізуючым фактарам для ўкраінцаў і іх саюзнікаў. Пазіцыі прыхільнікаў кампрамісу на Захадзе рэзка ўзмацняцца: навошта дапамагаць Украіне, выдзеляць мільярды долараў і пашыраць абаронную вытворчасць, калі з Пуціным можна дамовіцца?

Імаверна, на Захадзе і ва Украіне разумеюць, чаго дамагаецца Крэмль сваімі заявамі пра гатовасць да перамоваў, і не верыць у сур’ёзнасць расейскіх намераў. Аднак на пазіцыю краінаў глабальнага Поўдня, якія мусяць быць запрошаны на саміт у Швейцарыі, гэты прапагандысцкі трук можа паўплываць.

Аляксандр Лукашэнка падчас сутрэчы з Уладзімірам Пуціным у Маскве, Расея. 11 красавіка 2024 года.

Фота: kremlin.ru

Роля Лукашэнкі

У Маскве Лукашэнка зрабіў вельмі выразную заяву наконт таго, ці можа Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны.

«Такой неабходнасці няма. І не будзе такой неабходнасці. Я неяк сказаў напярэдадні, што Расеі цяпер патрэбная такая Беларусь – мірная, ціхая, спакойная, якая робіць сваю справу», – патлумачыў ён.

Лукашэнка сцвярджае, што ўступленне Беларусі ў вайну будзе толькі на руку НАТО. Паводле яго, Беларусь з Расеяй не здолеюць закрыць новы фронт на тысячу кіламетраў. «Мы хочам сябе праблемаў? Не хочам», – зазначыў ён. Лукашэнка заявіў, што запусціць ракету «Іскандэр» па Кіеву – прасцей за ўсё. Аднак тады Беларусі прыйдзецца сутыкнуцца з наступствамі: «паўкраіны знаходзіцца ў радыусе 100 кіламетрах ад Кіева».

Прынамсі на час візіту Лукашэнкі ў Маскву Пуцін сапраўды быў зацікаўлены ў іншай ролі Беларусі. У першы дзень, кажучы пра сваю гатовасць да перамоваў, расейскі лідар нечакана заўважыў: «калі ўзнікне неабходнасць, дазволю сабе да вас звярнуцца, можа быць, мы працягнем кансультацыі з вамі па гэтым кірунку». Лукашэнка адразу адгукнуўся: «Я гатовы з Вамі разам устаць плячом да пляча і працаваць у гэтым напрамку».

У размове з журналістамі перад пачаткам сустрэчы з Пуціным самаабвешчаны кіраўнік Беларусі фактычна намякнуў на тое, што не супраць стаць пасярэднікам у перамовах з Украінай. Карэспандэнты крамлёўскага пулу запыталі Лукашэнку, як размаўляць з Украінай пасля тэракту ў «Крокус Сіці Холе» (нагадаем, улады РФ настойваюць на ўкраінскім следзе ў тэракце).

«Вы з ім не размаўляеце і наўрад ці будзеце размаўляць. Калі трэба, мы можам вам у гэтым плане дапамагчы», – заявіў ён у адказ.

Магчыма, Лукашэнка не пакідае надзеі, што здолее вярнуць сябе імідж «міратворца», які ён не без поспеху ствараў сабе ў першыя гады вайны на Данбасе. Праўда, цяпер гэта наўрад ці магчыма, улічваючы, што самаабвешчаны кіраўнік Беларусі адкрыта называе сябе суагрэсарам. Таму пакуль яму прыходзіцца змірыцца з больш сціплаю ролю: чалавека, які піярыць крамлёўскія ініцыятывы. Тыя тэзісы, якія Пуціну не зручна прагаварваць самому, за яго можа агучваць Лукашэнка.

Глеб Нержын belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułPilotaż programu dla dzieci uzależnionych od nowych technologii cyfrowych potrwa dłużej
Następny artykułHIPROMINE: Zakres stosowanych Dobrych Praktyk Spółek notowanych na NewConnect