У тым, што выбары ў Каардынацыйную раду будуць празрыстымі і бяспечнымі, упэўненыя не ўсе. «Белсат» паспрабаваў высветліць, якія аргументы прыводзяць тыя, хто гаворыць, што падрыхтоўка да выбараў ішла наспех. Прыводзім размову з палітолагам Анатолем Котавым, які лічыць, што пакуль арганізатарам выбараў не ўдаецца падрыхтаваць іх лепш, чым гэта робіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Трэба вярнуцца да базавых наладак выбараў
У першую чаргу, на думку палітолага Анатоля Котава, трэба вярнуцца да «базавых наладак» выбараў і ўспомніць, за што выступалі людзі ў 2020 годзе. Яны галасавалі, адзначае суразмоўца, за тое, каб адбыліся новыя сумленныя выбары, без фальсіфікацыяў, у якіх будзе забяспечана роўнае права ўдзельнічаць тым, хто спрабуе сябе ў якасці кандыдата, а галасы выбаршчыкаў будуць падлічаныя сумленна.
Калі ж казаць пра выбарчыя працэдуры, якія прапануе ладзіць дэмакратычная супольнасць, то яны, адзначае суразмоўца «Белсату», павінны быць не горшыя за тыя, што ладзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Таму што ўсе выбары – ад мясцовых да парламенцкіх і прэзідэнцкіх – неаднойчы крытыкаваліся як прадстаўнікамі дэмакратычны сілаў, так і міжнароднымі назіральнікамі.
«На маю думку, было б добра, каб выбарчыя працэдуры, якія ладзіць дэмакратычная супольнасць, адпавядалі тым рэкамендацыям і ўлічвалі тую крытыку, якая ўсе гады гучала ў дачыненні да рэжыму: гэта і гарантаваны доступ да СМІ ўсіх кандыдатаў, і пэўныя стандарты раскрыцця інфармацыі кандыдатаў, і тэрміны, якія даюцца на высоўванне ў якасці кандыдатаў, на агітацыю.
І вось калі мы паглядзім на тое, што адбываецца вакол выбараў у Каардынацыйную раду, то, на жаль, трэба канстатаваць, што ўсё атрымліваецца горш, чым ва ўмовах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», – кажа Анатоль Котаў.
Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23
Стварэнне няроўных умоваў
На думку Анатоля Котава, за перыяд з моманту абвяшчэння выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання, не былі выпрацаваныя простыя, больш празрыстыя і «ў пэўным сэнсе больш прасунутыя і дасканалыя» працэдуры выбараў.
Фактычна ўвесь працэс ладзіцца наспех, таму яго нельга назваць «выбарамі», лічыць палітолаг. Анатоль Котаў назваў іх «кааптацыяй у Каардынацыйную раду трэцяга склікання» па працэдурах, якія пішуцца на хаду. Прычым не вельмі добра, адзначае суразмоўца, што гэтыя працэдуры пішуцца тымі людзьмі, «якія адначасова займаюць пасады ў Каардынацыйнай радзе, Аб’яднаным пераходным кабінеце і ачольваюць выбарчыя спісы». На думку Котава, гэта стварэнне няроўных умоваў для тых, хто наважыўся паўдзельнічаць у працэдуры гэтых выбараў.
Бяспека галасавання і галоўнае пытанне
На пытанне аб тым, ці бяспечна будзе галасаваць праз створанае прыкладанне «Belarus ID», суразмоўца адказаў, што, на вялікі жаль, ён бачыць, як усё «дапільваецца» літаральна перад самім днём галасавання.
«Калі няма часу на тое, каб выпрацаваць бяспечнае рашэнне, якое можна пратэставаць, то трэба было яшчэ адкладаць гэтую працэдуру выбараў. Але і так часу было страчана зашмат на падрыхтоўку, узгадненне нейкіх працэдур высоўвання дэлегатаў, рэгламенту працы Выбарчай камісіі, што не хапіла яго, мабыць, для таго, каб апрацаваць тэхнічнае рашэнне», – падкрэсліў Котаў, адзначыўшы пры гэтым, што нават у кіберпартызанаў было замала часу, каб праверыць гэтае рашэнне з пункту гледжання бяспекі.
Але больш істотным, на думку суразмоўцы «Белсата», з’яўляецца пытанне аб тым, «навошта і куды» людзі абіраюцца.
«Учора [19 траўня] адбылася вялікая канферэнцыя, прысвечаная выбарам у Каардынацыйную раду. Разумення таго, што такое Каардынацыйная рада, няма нават у асобаў, якія ачольваюць спісы. То бок няма адказу на самае галоўнае пытанне: што ёсць Каардынацыйная рада», – кажа Котаў.
Усё гэта, на думку Анатоля Котава, прывяло да таго, што «ўсё роўна, колькі людзей прагаласуе», і галоўны аргумент, да якога звялася агітацыя за ўдзел у галасаванні, гэта тое, што людзі павінны давяраць. А вось з даверам за апошнія чатыры гады «вельмі цяжка». Бо таго, што Каардынацыйную раду ачольвае Андрэй Ягораў, а галоўным тэхнічным падрадчыкам апынуўся Павел Лібер, вельмі мала, каб людзі проста верылі ў тое, што ўсё адбудзецца празрыста і, самае галоўнае, бяспечна.
Выбары ў КР
Сілавы сцэнар, увага свету і палітвязні. Што казалі на канферэнцыі па выбарах у Каардынацыйную раду
2024.05.19 14:56
Кацярына Гардзеева / Раман Шавель belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS