У фінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў перамог мадрыдскі «Рэал», стаўшы пятнаццаціразовым уладальнікам трафея. Гульня з дортмундскай «Барусіяй» скончылася з лікам 2:0. Іспанскія медыі не іначай як вялікім свой клуб не называюць, а нямецкія выданні пішуць, што «Барусіі» проста не пашчасціла. Трэнер мадрыдцаў Карла Анчэлёцці прызнаўся, што перамога далася «значна цяжэй», чым ён чакаў.
Фінал Лігі чэмпіёнаў адбыўся ў Лондане на стадыёне «Ўэмблі» у прысутнасці 86 212 гледачоў і пачаўся з таго, што на поле выбеглі некалькі заўзятараў. Двое з іх былі ў футболцы з лагатыпам блогера з Беларусі Mellstroy (сапраўднае імя – Андрэй Бурым). Ён абяцаў заплаціць 30 млн расейскіх рублёў (334 тысячы долараў) таму, хто гэта зробіць. Пакуль хуліганаў лавілі, матч прыпыніўся.
Першы тайм відавочна застаўся за «Барусіяй», футбалісты стварылі мінімум тры галявыя моманты, аднак ніводны з іх рэалізаваць не ўдалося.
«Дортмундская “Барусія” доўга задавала тон у фінале Лігі чэмпіёнаў, але занадта шмат шанцаў заставалася нявыкарыстанымі. Потым “Рэал” нанёс халодны ўдар», – піша «Frankfurter Allgemeine Zeitung».
Гульня скончылася з лікам 2:0. На 74-й хвіліне забіў Даньель Карвахаль, на 83-й – Вінісьюс Жуньюр. «Рэал» у 15-ы раз стаў уладальнікам трафея. Для «Барусіі» гэта была б другая перамога: упершыню нямецкі клуб выгуляў чэмпіянат у 1997 годзе.
«Мне не спадабаўся ўзровень, які мы паказалі ў першым тайме. Мы занадта часта гублялі мяч не ў тым месцы. Мы былі занадта павольнымі. Мы дазвалялі “Барусіі” гуляць так, як ёй хацелася, прымушаючы нас губляць мяч. Было цяжка, вельмі цяжка. Больш, чым я чакаў. У першым тайме нам давялося патрываць. У другім тайме мы згулялі лепш», – сказаў на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер мадрыдскага клуба Карла Анчэлёцці.
Для яго гэта была пятая перамога ў Лізе чэмпіёнаў: у 2003 і 2007 гадах, калі кубак браў «Мілан», і тройчы – з «Рэалам» (у 2014, 2022 і 2024 гадах).
«”Рэал” вялікі», «”Рэал” – гэта па-каралеўску!», «”Рэал” – гэта легенда!»» – такія эпітэты даюць свайму клубу іспанскія медыі, хаця і прызнаюць, што «канчатковы вынік не адпавядаў падзеям на полі».
Нямецкія выданні адзначаюць, што да першага гола «Барусія» валодала перавагай, аднак не скарысталася сваімі магчымасцямі.
«”Барусія” была ў слязах. Чорна-жоўтыя былі вымушаныя прызнаць перамогу “Рэала”, нягледзячы на вельмі добрую гульню», – піша партал sport1.de.
Hавiны
У Беларусі не пакажуць чэмпіянату Еўропы па футболе
2024.05.28 09:15
Сцяпан Кубік belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS