A A+ A++

Палата прадстаўнікоў у першым чытанні прыняла змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс. Сярод новаўвядзенняў ёсць тыя, якія адаптуюць закон пад сучаснасць, а ёсць і такія, якія падобныя на змены для зручнасці Аляксандра Лукашэнкі і рэпрэсій. «Белсат» даведаўся ў экспертаў, чаго чакаць ад праекту закону.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.

Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Як паведамляе Палата прадстаўнікоў, сярод іншага змены закрануць:

  • замацаванне падсуднасці Вярхоўнаму суду крымінальных спраў аб злачынствах, учыненых у дачыненні да прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, членаў яго сям’і;
  • удасканаленне паўнамоцтваў дзяржаўных органаў на стадыі дасудовай вытворчасці, размежавання кампетэнцыі паміж кіраўнікамі органаў пракуратуры, начальнікамі структурных падраздзяленняў і іншымі пракурорскімі работнікамі;
  • накладанне арышту на грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на рахунках або ва ўкладах (дэпазітах) у банках, нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, электронныя грошы, якія знаходзяцца ў электронных кашальках, крыптавалюту, якія зʼяўляюцца прадметам злачынства;
  • ужыванне мер абмежавальнага характару па спыненні, прыпыненні аказання паслуг электрасувязі, інтэрнэт-паслуг, абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу;
  • аднаўленне перапыненай працэдуры прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія пасля здзяйснення злачынства захварэлі на псіхічны разлад.

«Вярхоўны суд – адны з самых набліжаных да Лукашэнкі»

На думку прадстаўніка «BELPOL» Андрэя Астаповіча, тое, што толькі Вярхоўны суд будзе разглядаць справы аб злачынствах у дачыненні да прэзідэнта, у тым ліку былога, і яго сямʼі – гэта падстрахоўка для Аляксандра Лукашэнкі.

«Вярхоўны суд – гэта адныя з самых набліжаных да Лукашэнкі асобаў. Практычна нязменныя, усе праверкі на лаяльнасць прайшлі. Усіх суддзяў у краіне праверыць на лаяльнасць складана, а ў Вярхоўным судзе ўжо ўсе свае. Натуральна, яны і павінны праводзіць такія справы ў інтарэсах Лукашэнкі і ягонай сямʼі», – кажа Астаповіч.

Што тычыцца «удасканалення паўнамоцтваў дзяржорганаў на стадыі дасудовай вытворчасці», то хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра тое, каб прапісаць у законах тыя практыкі, якія сілавікі і так праводзілі з 2020 года для рэпрэсій.

«Цяпер яны проста падганяюць заканадаўства пад практыку ў рамках рэпрэсій і жорсткасці сілавога блока. Яны разумелі, што рабілі гэта незаконна, і вырашылі прапісаць. Напрыклад, ператрус можна праводзіць толькі пасля ўзбуджэння крымінальнай справы. Такія нюансы яны ўдасканальваюць, каб у іх было больш паўнамоцтваў і каб яны лёгка штампавалі справы», – працягвае Астаповіч.

Такое меркаванне падзяляе і доктар філасофіі, саветнік «RZM Law Firm» Яраслаў Кот:

«Больш новых нормаў прымаецца для таго, каб зрабіць легальным з фармальнага пункту гледжання дыктат, рэпрэсіі і каб сабраць грошы для рэжыму, каб абараняць будучыню Лукашэнкі, калі яго фармальна не будзе ва ўладзе. Але гэта нідзе і ніколі не працуе. Мы гэта бачылі і ў Казахстане. Што б ні пісалі ў гэтых законах, яны потым таксама адмотваюцца і ніяк не абараняюць дыктатара, але ён спрабуе».

Аб’ектыў

Цень Канстытуцыі: што засталося ад асноўнага закону Беларусі пасля 1994 года

2024.03.15 20:31

Любыя змены можна трактаваць як палітычныя

Калі казаць пра грошы, то ў выпадку далейшага прыняцця новаўвядзенняў у Беларусі змогуць арыштоўваць не толькі банкаўскія рахункі, але і крыптагаманцы.

«Гэта нармальная зʼява для многіх краін. Гэта адэкватная эвалюцыя права і працэсу, калі хтосьці такім чынам крадзе грошы. Павінны быць механізмы, каб іх арыштоўваць», – мяркуе Кот.

«Проста мы ўсё больш сыходзім у сферу віртуальную. Банкаўскія рахункі або залатыя рахункі падлягалі арышту, калі было даказана, што гэта было здабытае злачынным шляхам. А пра крыптавалюту не было напісана нічога, але гэта ж таксама сродкі, якія могуць быць скрадзеныя і пераведзены ў крыптавалюту», – дадае Астаповіч.

Праблема ў тым, што цяпер любыя змены можна трактаваць як палітычныя, лічыць суразмоўца.

«Усё наша заканадаўства выкарыстоўваецца не для абароны правоў грамадзян. Яно можа выкарыстоўвацца на практыцы як ціск на асобу. І выкарыстоўваецца», – кажа прадстаўнік «BELPOL».

Цікавае новаўвядзенне – аднаўленне перапыненай працэдуры прыцягнення да крымінальнай адказнасці асоб, якія захварэлі псіхічным засмучэннем пасля здзяйснення злачынства.

«Былі такія нюансы, што чалавек здзяйсняе ў нармальным стане злачынства, а потым “саскоквае на псіхушку”, гэта значыць робіць з сябе нібыта шалёнага. Тады справа павінна быць спыненая. Чалавека адпускаюць на волю і ён зноў становіцца нармальным. Раней магчымасці аднавіць справу ў такім выпадку не было», – кажа Астаповіч.

У цэлым любыя змены самі па сабе без правапрымяняльнай практыкі мала што значаць. Шмат што залежыць ад выканаўцаў і сістэмы, адзначае прадстаўнік «BELPOL».

«Напісаць на паперы – гэта адно, а як яно ў жыцці выконваецца – гэта іншае. Ёсць тут і не самыя дурныя думкі, ёсць і якія даганяюць сучасны свет, таму што ён моцна сыходзіць у Інтэрнэт. Але гэта будзе выкарыстана ў рамках рэпрэсій, каб яшчэ больш сваіх запалохаць, а не для абароны людзей супраць рэальнай злачыннасці», – заключае Астаповіч.

Разбор

Людзей не хапае настолькі, што тым хто ёсць, давядзецца працаваць больш – указ Лукашэнкі

2024.03.22 18:02

Арсен Рудэнка belsat.eu

Oryginalne źródło: ZOBACZ
0
Udostępnij na fb
Udostępnij na twitter
Udostępnij na WhatsApp

Oryginalne źródło ZOBACZ

Subskrybuj
Powiadom o

Dodaj kanał RSS

Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS

Dodaj kanał RSS
0 komentarzy
Informacje zwrotne w treści
Wyświetl wszystkie komentarze
Poprzedni artykułPoznań uczcił 68. rocznicę Czerwca '56. Minister Siemoniak: Jesteście potomkami ludzi, którzy jako pierwsi powiedzieli nie
Następny artykułPojawiła się z mamą na premierze spektaklu. Założyła najmodniejsze buty