«Белсат» разам з «BELPOL» прааналізаваў дакументы дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жытла» за 2023 год і прыйшоў да высновы, што ўлады актыўна інвестуюць у жытло для вайскоўцаў, каб сілавікі мелі магчымасць бясплатна атрымоўваць квадратныя метры. Імаверна, уся праграма, разлічаная на 5 гадоў, – гэта 15–25 тысяч кватэраў вайскоўцам і сілавікам.
Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» падзялілася з «Белсатам» здабытымі звесткамі пра фінансаванне пабудовы арэнднага жытла для вайскоўцаў усіх катэгорыяў у 2023 годзе.
Гэта выдадзенае толькі за адзін год, толькі ў межах дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жытла», толькі з рэспубліканскага бюджэту і толькі на вайсковых службоўцаў з розных ведамстваў і асобаў, якіх прыраўнялі да вайскоўцаў. Такія лічбы дазваляюць толькі прыблізна ацаніць інвестыцыі ў жытло вайскоўцам і сілавікам пасля 2020 года.
Агулам на ўсё выдалі Br 499,5 млн. Найбольш грошай на арэнднае жытло вайскоўцам атрымала, натуральна, Міністэрства абароны. Ім далі Br 230 млн.
Але Міністэрства ўнутраных справаў атрымала дзве пятыя сумы абароннага ведамства, Br 96,3 млн. Далёка не ўсе ў МУС маюць статус вайскоўца. Яго даюць толькі тым, хто служыць у вайсковых фармаваннях кшталту Унутраных войскаў МУС (ім асобна далі Br 12 млн).
Грошы, пра якія вядзецца вышэй, даюць таксама на прыроўненых да вайскоўцаў. А такія знайшліся і ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў, і ў Следчым камітэце, і ў Дэпартаменце выканання пакаранняў МУС, і ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Падобна, кватэры прафінансавалі некалькім «вайскоўцам» са Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі і аднаму-двум – з Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку.
Што такое арэнднае жытло і чаму яно бясплатнае для вайскоўцаў
Гэта жытло, якім валодае дзяржава і якое здае ў арэнду. З 2012 года, калі Лукашэнка абмежаваў кола тых, каму даюць ільготныя крэдыты, яго сталі разглядаць як альтэрнатыву тым крэдытам. З таго ж года пачалі будаваць цэлыя «арэндныя дамы», але таксама ў фонд арэнднага жытла залучаюць некаторыя непрыватызаваныя кватэры. Агулам у фондзе арэнднага жытла на 2022 год было каля 9 млн м², або 3 % ад жыллёвага фонду.
Тэарэтычна права на арэнднае жытло мае любы чалавек, але чарга доўгая, а пэўным катэгорыям даюць прыярытэт у чарзе. Сярод «першай чаргі» – суддзі, пракуроры, сілавікі, вайскоўцы, маладыя спецыялісты на размеркаванні, незамяняльныя іншагароднія спецыялісты, навукоўцы, выкладчыкі і пэўныя дзеячы культуры.
Вайскоўцы могуць атрымаць такое жытло бясплатна. Паводле ўказу Лукашэнкі за 2023 год, вайскоўцам арэнднае жытло аддаюць бясплатна па 25 каляндарных гадах выслугі. А па 20 гадах выслугі вайскоўцы могуць выкупіць арэнднае жытло ў растэрмінаванне да 15 гадоў або працягваць жыць у ім нават пасля звальнення ў запас.
Дзяржаўныя медыі прэзентавалі гэтае рашэнне так:
«Бо мой дом – мая крэпасць. Гэта значыць месца, дзе ты пачуваешся абаронена і будзеш бараніць яго ў выпадку небяспекі. А сёння небяспека бліжэй няма куды. Дык ці будзе што бараніць нашым вайскоўцам? Зразумела, што яны за краіну, але ці ўва ўсіх іх ёсць тая самая асабістая матывацыя, асабістая крэпасць?»
Крыху іншае бачанне мае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар. Ён кажа «Белсату»:
«На наш погляд, кватэры – гэта адзіны спосаб утрымліваць супрацоўнікаў у сістэме. Прычым далёка не факт, што большасць супрацоўнікаў зможа скарыстацца гэтым. Не выключаем, што некаторыя кіраўнікі могуць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ці жыллёвыя ўмовы сваіх дзяцей. А так цана здрады ў цэлым зразумелая – 50 квадратных метраў. Нядорага».
Да падпісання таго ўказу на арэнднае жытло прэтэндавалі 9830 чалавек з усіх «ведамстваў у пагонах», як казаў віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак. Пасля падпісання ўказу ён чакаў росту колькасці заявак.
Аб’ёмы будаўніцтва такога жытла прапісаныя ў дзяржаўнай праграме «Будаўніцтва жытла» на 2021–2025 гады. Агулам за 5 гадоў плануюць збудаваць 725 тыс. м² арэнднага жытла, штогод уводзіць у эксплуатацыю не менш за 135 тыс. м². За мінулую пяцігадовую праграму збудавалі 665,3 тыс. м² арэнднага жытла.
Больш дакладна задачы на год фармуе Савет Міністраў. У пастанове на 2023 год запланавалі ўвесці ў эксплуатацыю ўсяго толькі 83,6 тыс. м² арэнднага жытла, але ў пастанове на 2024-ы – ужо 355,6 тыс. м².
У пастанове на 2024-ы асобна прапісана, што 280 тыс. м² будаванага жытла прызначанае вайскоўцам (з гэтага 209,8 тыс. м² – завяршэнне будаўніцтва, распачатага ў 2023-м). Там жа прапісана, што на завяршэнне будаўніцтва арэнднага жытла для вайскоўцаў сёлета выдаткуюць Br 500,5 млн, а на будаўніцтва, якога яшчэ не распачыналі, яшчэ Br 425,9 млн.
Каментар
Лукашэнка хоча пераўзброіць армію? Нават калі так, карупцыя не дазволіць
2024.02.05 20:37
Колькі гэта кватэраў
Ва ўказах і пастановах гэтага не прапісалі. Невядома нават, колькі на жытло вайскоўцам выдаткавалі ў межах усёй пяцігадовай праграмы і колькі арэнднага жытла ў гэтай праграме прызначылі менавіта вайскоўцам. Але можна прыблізна ацаніць маштабы.
Плошча арэнднага жытла неабмежаваная. Хоць гэта не замацавана афіцыйна, падобна, што чыноўнікі арыентуюцца на 15–20 м² на чалавека. Калі лічыць, што сярэдні вайсковец будзе жыць з жонкай або мужам і адным дзіцём, ім, імаверна, дадуць двухпакаёвую арэндную кватэру. Сярэдняя плошча такіх кватэраў эканамічнага класу ў Менску на канец 2022 года складала 53 м².
Калі падзяліць плошчу з планаў на 2024 год на 53 м², выходзіць, што сёлета плануюць будаваць 5283 арэндныя кватэры для вайскоўцаў.
Можна таксама падзяліць суму на 2023 год, якую даведаўся «BELPOL», на сярэднюю цану квадратнага метру жытла. Паводле афіцыйных звестак, сярэдняя цана 1 м² на першасным рынку складала ў 2023 годзе Br 2857,3. Але тое камерцыйныя расцэнкі. Магчыма, дзяржава можа будаваць арэнднае жытло і паводле сабекошту. Які сабекошт квадратнага метру жытла за апошні час, адшукаць не ўдалося, але сярэдняя рэнтабельнасць продажаў у галіне будаўніцтва летась складала 9 %. Акрамя таго, будаўніцтва арэнднага жытла для вайскоўцаў могуць фінансаваць не толькі з рэспубліканскага бюджэту, а і з мясцовых бюджэтаў ды іншых крыніцаў.
Калі не ўлічваць гэтага, а браць толькі камерцыйны сярэдні кошт жытла, то паўмільярда рублёў за 2023 год – гэта 174,8 тыс. м², або 3298 кватэраў па 53 м².
Гэта вельмі прыблізныя падлікі, бо цэны на квадратны метр моцна адрозніваюцца нават у адным раёне аднаго гораду, дый плошчы кватэраў невядомыя. Але відавочна, што вайскоўцам збіраюцца будаваць па 3–5 тысяч кватэраў на год. Калі такія тэмпы ўва ўсёй пяцігадовай праграме, то гаворка пра 15–25 тысяч кватэраў вайскоўцам і сілавікам.
Аналітыка
«Усё папрадавалі». За год кватэраў для арэнды паменела ў Менску на траціну
2024.03.10 07:08
Алесь Наваборскі belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS