Аляксандр Лукашэнка 30 ліпеня сабраў чыноўнікаў «параіцца» наконт лёсу асуджанага да расстрэлу грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. Увечары паведамілі, што Крыгер памілаваны. Паралельна з гэтым у Расеі сталі «знікаць» вядомыя палітвязні. Павел Латушка не выключае, што гэтыя падзеі звязаныя.
Рыка Крыгер (Rico Krieger) быў затрыманы ў Беларусі 6 кастрычніка 2023 года. Яго асудзілі на смяротнае пакаранне 21 чэрвеня 2024 года, абвінаваціўшы ў «тэрарызме». Нібыта ён прынёс выбухоўку на станцыю Азярышча (ад выбуху ніхто не пацярпеў, шкоду ацанілі ў 1639 рублёў). Прапаганда сцвярджала, што Крыгер працаваў на ўкраінскія спецслужбы, але блыталася ў сваіх версіях.
Аляксандр Лукашэнка днём 30 ліпеня сабраў чыноўнікаў на нараду па справе Крыгера і прызнаў, што нібыта ўчыненае Крыгерам «дыверсійнае дзеянне» не прывяло да гібелі людзей. Стала вядома, што Крыгер напісаў прашэнне аб памілаванні. Увечары ананімны Telegram-канал «Пул першага», які выконвае функцыі прэс-службы Лукашэнкі, паведаміў аб памілаванні Крыгера.
Разбор
БТ даказала, што немец Крыгер – тэрарыст? Хутчэй, роўна наадварот. Разбіраем сюжэт прапаганды
2024.07.26 18:15
У каментары «Белсату» Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, звярнуў увагу на тое, з кім Лукашэнка абмяркоўваў лёс Крыгера. Лукашэнка гаварыў з намесніцай кіраўніка адміністрацыі Вольгай Чупрыс, старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іванам Церцелем, следчым па справе Крыгера, яго адвакатам і прапагандысцкай Людмілай Гладкай, якая больш актыўна за іншых паведамляла дэталі справы Крыгера. На думку Латушкі, гэта «вельмі дзіўны склад удзельнікаў, нетыповы для дыктатара».
«Відавочна, што рэжым разам з Крамлём вядуць гандаль з Захадам і Нямеччынай вакол жыцця гэтага чалавека, – упэўнены Латушка. – Лічыцца, што з боку Крамля ўмовай абмену з’яўляецца вызваленне Вадзіма Красікава — афіцэра расейскіх спецслужбаў, які адбывае ў Нямеччыне пажыццёвае пакаранне за заказное забойства.
Вядома, што пытанне абмену абмяркоўваецца ў асяроддзі нямецкіх палітыкаў. І сярод тых, каго Нямеччына і іншыя дэмакратычныя краіны хацелі б бачыць на волі разам з Крыгерам называліся, напрыклад, імя расейскага дысідэнта і палітвязня Уладзіміра Кара-Мурзы, а таксама журналіста The Wall Street Journal Эвана Гершковіча і журналісткі „Радыё Свабода“ Алсу Курмашавай».
29 і 30 ліпеня стала вядома, што як мінімум шэсць зняволеных, асуджаных па палітычных матывах у Расеі, былі вывезеныя з месцаў пазбаўлення волі ў невядомым кірунку. Сярод іх палітык Ілля Яшын, праваабаронца Алег Арлоў, экс-кіраўніцы штабоў Навальнага. У расейскіх медыях выказваюць здагадку, што гэта таксама звязана з рыхтаваным абменам.
«Пры гэтым перадача Вадзіма Красікава Расеі ў рамках абмену з’яўляецца для Нямеччыны вельмі непрыемным і непажаданым зыходам, – адзначае Латушка.– Дапусцім, што Нямеччына пойдзе на такі крок. Але застаецца зусім незразумелым, што можа выгандляваць для сябе Лукашэнка, які ўвязаўся ў гэтую гісторыю і трымае курок ля скроні Рыка Крыгера».
«Зняцце часткі санкцый? Гарантый непрымянення новых? Можа, тэлефонны званок ад Шольца як прызнанне яго суб’ектнасці? Або Лукашэнка робіць гэта з прыцэлам на свае будучыя бязвыбары, на якіх ён натуральна плануе сябе зноў пераабраць — і спадзяецца на стрыманую рэакцыю Захаду ў гэтым плане? Дамагчыся акрэдытацыі пры ім пасла Нямеччыны?»
«Усе гэтыя варыянты могуць ляжаць на стале. Асабліва пасля прыняцця новага пакета санкцый ЕЗ, які ў значнай ступені гарманізаваў санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за саўдзел у вайне супраць Украіны з накладзенымі санкцыямі на Расею. Гэты пакет стаў вельмі балючым для рэжыму і ўжо вымусіў яго імітаваць заігрыванні з Захадам.
Але як Лукашэнку атрымаць нешта ад угоды, да якой ён і Крэмль спрабуюць змусіць Нямеччыну?»
«Захопам Крыгера ў закладнікі Лукашэнка хутчэй паказаў сваю несуб’ектнасць і толькі яшчэ мацней замацоўвае свой статус марыянеткі Крамля».
«Лукашэнка наўрад ці можа разлічваць на нейкія бенефіты для сябе з боку Нямеччыны, ЕЗ агулам. Таму што гаспадар, Крэмль, у выпадку здзелкі ў лепшым выпадку проста пахваліць яго, бо Лукашэнка і так цалкам ад яго залежыць. Таму нейкіх “плюшак” ад Крамля яму чакаць нащрад ці даводзіцца, хутчэй ён мог пазбыцца часткі тых падачак – якія былі дадзены яму раней – калі б не стаў браць Крыгера ў закладнікі і выносіць яму смяротны прысуд».
Каментар
Расстрэльны прысуд Крыгеру: навошта гэта Лукашэнку – і ці законна гэта?
2024.07.26 20:02
Латушка ўзгадвае пытанне перадаплаты за расейскую нафту – гэтае пытанне востра стаіць пасля паездкі Лукашэнкі да Уладзіміра Пуціна на Валаам. Тая паездка «на дыван», са слоў Латушкі, выразна паказвае, якія праблемы можа ствараць для Лукашэнкі Пуцін як «гаспадар», калі захоча.
Таму цяпер Лукашэнка, «загнаўшы самога сябе ў чарговую яму», як кажа Латушка, спадзяецца «выбрацца з яе хоць з нейкімі плюсамі для свайго рэжыму». І атрымаць гэтыя плюсы можна толькі на Захадзе.
З гэтым, на думку Латушкі, можа быць звязана тое, што рэжым актывізаваў ціск на некаторых палітвязняў, прымушаючы іх пісаць прашэнні аб памілаванні пад пагрозай яшчэ большых тэрмінаў і здзекаў. Пры гэтым, адзначае Латушка, выбіраюць менавіта тых, чые тэрміны не такія вялікія, ствараючы з іх «абменны фонд».
«Безумоўна, для мяне, як беларуса, беларускага палітыка, вызваленне нашых палітвязняў з’яўляецца найважнейшай задачай, – дадае Латушка. – Кэйс Крыгера патэнцыйна можа дазволіць выцягнуць хоць бы некага з іх з турмаў Лукашэнкі.
І гэтую магчымасць трэба пастарацца выкарыстаць. Але разумеючы, што ў першую чаргу гэта будзе залежаць ад пазіцыі Нямеччыны, бо менавіта яе грамадзянінам і яго жыццём яе цяпер шантажуюць.
І разам з тым мы заўсёды павінны памятаць, што наша агульная задача – вызваленне ўсіх. І вырашыць яе можна толькі нарошчваючы, а не паслабляючы ціск на рэжым».
На момант публікацыі праваабарончы цэнтр «Вясна» налічвае 1388 палітвязняў у Беларусі, некаторыя праваабаронцы называюць большую колькасць. Але лічбы праваабаронцаў відавочна няпоўныя: яны аналізуюць публічныя звесткі і не паспяваюць за рэпрэсіўным апаратам, а сваякі шэрагу зняволеных баяцца «лішняй увагі» да іх блізкіх.
Аналітыка
Лукашэнка дасылае Захаду сігналы, але зрухаў няма. Які крок будзе наступным?
2024.07.24 15:16
Алесь Наваборскі / АБ belsat.eu
Zgłoś naruszenie/Błąd
Oryginalne źródło ZOBACZ
Dodaj kanał RSS
Musisz być zalogowanym aby zaproponować nowy kanal RSS